У снежні мінулага года ў рэдакцыю «ІВ» звярнулася Таццяна Б., і пачала яна размову з журналістам такімі словамі: «Аднойчы мне ўжо дапамагла раёнка вырашыць праблему, спадзяюся і зараз на станоўчае вырашэнне яшчэ адной…»

Далей наша пастаянная чытачка расказала нам, што яе і жыхароў аг. Даманава, якія пражываюць на вул. Завадской, вельмі непакоіць стан дарожнага пакрыцця на згаданай вуліцы, бо па ёй немагчыма праехаць на легкавым аўто, а прайсці можна толькі прабіраючыся паўз самыя платы. Прычынай таму паслужыў рамонт водаправода, які ажыццяўляла ДУВП «Івацэвіцкая ЖКГ» улетку 2023 года. Пасля правядзення работ траншэя была засыпана няякасна, дарожнае палатно парушылася, а на паверхні засталася месцамі гліна. Калі пайшлі зацяжныя дажджы, вуліца стала падобная на балота, і грэйдзіраваннем гэтую праблему было нельга вырашыць.

Безумоўна, журналісты раёнкі гэты зварот не пакінулі па-за ўвагай і накіравалі пісьмо на рэагаванне ў Івацэвіцкі райвыканкам, а адтуль атрымалі адказ, што рамонт дарогі па вул. Завадской у аг. Даманава будзе выкананы пры наступленні спрыяльных умоў надвор’я. Люты выдаўся цёплым і дазволіў вырашыць згаданую праблему.

Як паведаміў начальнік ДРБУ-178 Максім Собаль, быў выкананы бягучы рамонт дарожнага пакрыцця вуліцы Завадской у Даманаве, яе працягласць складае 250 метраў. Было падсыпана 468,7 тоны гравійна-пясчанай сумесі з далейшым прафіліраваннем, на гэтыя мэты з абласнога бюджэту затрачана 14 690,77 руб.

Супрацоўнікі «ІВ» на мінулым тыдні пабывалі ў Даманаве і, праехаўшы на рэдакцыйнай машыне па ўсёй Завадской, упэўніліся: рамонт выкананы якасна, дарожнае палатно роўнае. Мясцовыя жыхары такім добраўпарадкаваннем вельмі задаволены і ўдзячны ўсім, хто датычны да рамонту вуліцы.

Аксана Цярэшка.
Фота Валерыя Міскевіча.

Поделиться