Аляксандру 36 гадоў, і яго імя занесена сёлета на раённую Дошку гонару. Да такой ацэнкі сваёй работы мужчына ставіцца спакойна, павышанай увагі да сябе не любіць, але прызнаецца, што работнік ён старанны, мэтанакіраваны і ва ўсіх сферах жыцця імкнецца працаваць на рэзультат. Калі нешта задумае, усе сілы пакладзе, але абавязкова ўвасобіць у жыццё. Праўда, напачатку свайго працоўнага шляху ў аўтапарку думаў, што надоўга яго не хопіць – цяжка было прызвычаіцца да графіка, напружвалі і некаторыя «таксічныя» пасажыры, якіх хлебам не кармі – дай павучыць жыццю вадзіцеля аўтобуса. Але рассудзіў так: цяжкасці часовыя і харошых людзей больш.

Аляксандр родам з Даманава. У школе вучыўся добра і спрабаваў паступіць ва ўніверсітэт – не пашчасціла. Пайшоў вучыцца ў Жыровіцкі сельскагаспадарчы каледж, куды ахвотна прынялі абітурыента з харошым атэстатам. Паралельна працаваў на Даманаўскім ВГК – быў спачатку вучнем слесара на ўчастку шкляной вытворчасці, потым слесарам, механікам. Атрымаў бясцэнны вопыт, ніколі не саромеўся спытаць параду і многаму навучыўся ў калег. Тым часам стаў дыпламаваным тэхнікам-механікам, ажаніўся і вырашыў развітацца з камбінатам – падаўся на заробкі ў Расію.

А праз тры гады адмовіўся ад вахт і пачаў шукаць работу ў Івацэвічах – праз цэнтр занятасці. Праглядзеў вакансіі і спыніўся на самай высокааплатнай – вадзіцелю аўтобуса дзевяць гадоў таму прапаноўвалі 550 руб. Катэгорыі D не меў, але прайшоў навучанне ад цэнтра занятасці і з правамі накіраваўся ў аўтапарк. Прафесіянальнага вадзіцельскага стажу ў яго не было – кіраваў толькі легкавым аўто як аматар. Узялі Аляксандра на стажыроўку, пасля якой пасадзілі на старэнькі аўтобус ПАЗ-4234, які насамрэч збіраліся спісваць. Паглядзеў на яго герой публікацыі і занерваваўся: «у кабіне дзевяць дзірак, нічога не гарэла», але «падфарбавалі, падварылі», і ў выніку аўтобус-ветэран яшчэ два гады служыў маладому вадзіцелю верай і праўдай. Кіраванне ім стала харошай школай, прыгоды – ці не кожны дзень: то фара не гарыць, то адарвецца кусок бляшанкі, якой латалі салон, але ездзіць на ім хлопцу падабалася: ехаў мякка па не найлепшым дарогам, і нічога ў ім пры гэтым не ляскала. У 2015 годзе Аляксандр перасеў на новы аўтобус – МАЗ-206 на 25 пасадачных месцаў, кіруе ім і цяпер.

Графік работы ў вадзіцеля аўтобуса дастаткова напружаны: першыя выезды ў 5.00 (гэта значыць, прачнуцца трэба ў чатыры гадзіны раніцы), да 7.00 усе вадзіцелі выязджаюць у рэйсы. Бываюць выезды і познім вечарам. Прыходзіцца і начаваць у вёсках (у Бабровічах і Рудні) і толькі раніцай вяртацца ў райцэнтр. Выхадных – два на тыдзень, толькі не як у нас – субота-нядзеля. Іншы раз можаш быць вольным паміж выездамі – ранішнім і вячэрнім.

На першым месцы – бяспека і камфорт пасажыраў

Аляксандр успамінае свае першыя рэйсы. На дзіва, страшна не было. Праўда, аднойчы «накасячыў»: на світанку сваёй кар’еры не заехаў у адну маленькую вёсачку, адкуль звычайна ніхто і не едзе. І гэта мела наступствы. На ўласным вопыце навучыўся рухацца строга па раскладзе. Але калі пасажыры спазняюцца, і ён тое бачыць, абавязкова пачакае. Нямногія за тое дзякуюць, прамаўчаць ці, наадварот, будуць гаварыць: «Штосьці вы сёння рана адпраўляецеся», бо прызнаваць сваю віну не хочацца. Ладзіць з людзьмі – гэта цэлая навука, якую Аляксандр спрабуе спасцігнуць. Ёсць нямала прыемных пасажыраў і субяседнікаў, але нярэдка сустракаюцца і аматары пакачаць правы. Ёсць і тыя, каму варта павучыцца ветлівасці. І нават з улікам гэтых абставін галоўнае перажыванне вадзіцеля звязана з тым, каб на дастаткова ажыўленых маршрутах усім хапіла месца ў аўтобусе і ўсе даехалі да свайго месца прызначэння. Усё ж узяць больш за 50 чалавек ён не мае права, а ў людзей жа і білеты на цягнік купленыя, і самыя розныя абставіны…

Музыку ў салоне Аляксандр не ўключае – таксама па прычыне клопату аб пасажырах: у кожнага свой густ і настрой. Можа, у каго бяда, а тут музыка на ўвесь салон? Песні слухае, калі ездзіць адзін. «Думала, музыка дапамагае не заснуць у дарозе. Якія ў вас метады барацьбы з санлівасцю?» – пытаюся. Сапраўды, бывае такое, што ў дарозе «рубіць» – найбольш у другой палове дня. Вадзіцель стараецца высыпацца, можа і сярод дня прылегчы літаральна на 20 мінут, каб вярнуць сабе бадзёрасць, і ўсё ж уставаць даводзіцца рана, ды і няспешная язда нібы закалыхвае. Тут дапаможа толькі подых свежага паветра праз прыадчыненую фортку, патрасеш галавой, падыхаеш – і вяртаешся ў нармальны стан. Яшчэ адна небяспека для вадзіцеля – дзікія жывёлы, якіх развялося шмат. Кожны дзень сустракаецца звер на дарозе. Нават калі ты выдатны вадзіцель, не застрахаваны ад ДТЗ – яго віноўнікам можа быць і іншы ўдзельнік дарожнага руху, а кіроўца і пасажыры аўтобуса – пацярпелымі.

– Стараемся прадбачыць небяспечныя сітуацыі, трымаемся Правілаў дарожнага руху, – гаворыць Аляксандр. – А неяк на курсах павышэння кваліфікацыі выкладчык, былы дзяржаўтаінспектар, сказаў нам, аўтобуснікам: «Вадзіцель-прафесіянал – гэта чалавек, які зарабляе грошы сваімі правамі. Навошта вам, прафесіяналам, даказваць на дарозе нейкімі сваімі дзеяннямі, што вадзіцель-аматар не мае рацыі, а вы маладзец?» Правільна сказаў. Едзь акуратна, рабі сваю работу, не нярвуйся – і пазбегнеш многіх непрыемнасцей.

Цяпер Аляксандр і сам вучыць стажораў, яны прыходзяць з блакнотам і ручкай для важных запісаў і павінны быць гатовыя да таго, што ім дадуць паруліць. Сам субяседнік падчас сваёй стажыроўкі толькі назіраў за вадзіцелем ды вывучаў маршруты, і настаўнікі-кіроўцы казалі навічкам: «Не будзеце вы, хлопцы, тут працаваць». Памыліліся. А чаму яшчэ навучыўся Аляксандр за час сваёй работы ў аўтапарку, акрамя майстэрскага ваджэння?

– Пунктуальнасці. Нельга спазніцца на работу, нельга паехаць ад прыпынку не па раскладзе. І ў мяне памянялася манера язды, – расказвае субяседнік. – Не скажу, што на аўтамабілі я быў ліхач, і тым не менш ездзіў смела. Калі кіруеш аўтобусам, рухацца ён павінен плаўна, каб людзі не ўпалі, ніхто не ўдарыўся. Ты павінен усё прадбачыць. Бачыш у люстэрку – дзіця пачынае хадзіць па салоне, трэба сказаць, каб яго пасадзілі, і гэтак далей. Усё для бяспекі пасажыраў. Карацей, гэтая работа прыбаўляе адказнасці.

Галоўнае – жыць дома

Аляксандр – шматдзетны бацька, разам з жонкай Святланай яны выхоўваюць сыноў – 12-гадовага Уладзіслава, 8-гадовага Аляксея і 7-гадовую дачушку Марыю. Святлана працуе бухгалтарам на ТАА «ПаліпольМэбляБел».

– Клопаты аб дзецях у асноўным ляглі на плечы жонкі, бо з маёй работай я часта адсутнічаю ў горадзе, выязджаю рана, вяртаюся позна – я як прывязаны да аўтапарка. Магу дапамагчы дзецям з урокамі днём – у перапынку паміж рэйсамі. Да таго ж сям’я наша стала большай, і мы вырашылі пабудаваць дом у Івацэвічах – атрымалі крэдыт, скарысталі на будматэрыялы мацярынскі капітал. Заехалі ў дом у маі мінулага года. Я таксама прыкладваў рукі да будоўлі. Не думаў, што змагу класці плітку – навучыўся. Але з работы ехаў на будоўлю, з будоўлі на работу, і былі перыяды, калі моцна стамляўся. І тым не менш мы задаволеныя – дом ёсць дом. Трымаем нават курэй і качак – дзецям цікава, і нам цікава. Што да стомы – бывае такое, што прачынаюся па будзільніку, а па якім маршруце павінен ехаць, не помню. Пасля такога дазваляю сабе паўнацэнны адпачынак. Вяртаюся на работу з новымі сіламі і найбольш люблю курсіраваць па раёне. Калі па горадзе ставяць круціцца, гэта для мяне стрэс – як сабака на ланцугу. Трэба, каб пейзаж мяняўся.

Сяроў вадзіцеляў аўтобусаў моладзі мала, затое багата пенсіянераў. Чаму так? Можа, хлопцам здаецца, што цяжка. Можа, хочацца адразу многа грошай. Аляксандр не ведае дакладнага адказу, аднак зазначае:

– Можна было б паехаць у другую краіну, зарабляць больш, але для гэтага трэба пакінуць усё, ты не дома – і гэта самае галоўнае. Мне такое не па душы.

Аляксандр Светчанкаў зрабіў выбар на карысць сям’і, раёна, дзе нарадзіўся і згадзіўся – здолеў знайсці занятак па душы, месца пад сонцам дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці і аптымізму. Здаецца, што ён ідзе па жыцці з усмешкай, і ўсё ў яго атрымліваецца з лёгкасцю. «Фартовы» – сказаў ён пра сябе. Мо і так, але ў вялікай ступені ён проста каваль свайго шчасця. І, як бачна па ўсім, харошы, прыроджаны вадзіцель.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота аўтара.

Аўтапарк № 14 – у лічбах

Філіял «Аўтамабільны парк № 14 г. Івацэвічы» ААТ «Брэстаблаўтатранс» займаецца
пасажырскімі і грузавымі перавозкамі, транспартна-экспедыцыйным абслугоўваннем, абслугоўваннем і рамонтам транспартных сродкаў. Пасажырскія перавозкі вядуцца па 30 прыгарадных і гарадскіх маршрутах. У філіяла – 23 аўтобусы, якія заязджаюць у 109 населеных пунктаў раёна. Грузы возяцца і за яго межы.
Іншыя віды дзейнасці – дробны рамонт, платная стаянка, кантрольны агляд тэхнічнага стану транспарту перад выездам на лінію, медагляд на допуск да работы вадзіцеляў, паслугі па правядзенні дзяржаглядаў тс, шынамантаж і інш. За 10 месяцаў 2023 г. ад дадзеных відаў паслуг прадпрыемства атрымала 325,9 тыс. руб. даходу.

Увогуле па выніках работы за студзень-верасень 2023 г. філіялам не выкананы адзін ключавы паказчык прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця – зніжэнне ўзроўню затрат на вытворчасць прадукцыі, работ, паслуг (1,7 % пры заданні мінус 1,4 %). Чысты прыбытак пры планавым заданні 17,8 тыс. руб. склаў 83,6 тыс. руб. Рэнтабельнасць продажаў – адзін з важнейшых паказчыкаў для ацэнкі дзейнасці прадпрыемства, які характарызуе ўзровень прыбытковасці паслуг – за справаздачны перыяд склаў мінус 0,5 % пры планавым заданні 0,4 %. Заданне ключавога паказчыка па прыцягненні інвестыцый у асноўны капітал выканана – 180,9 %.

Асноўная задача прадпрыемства – выкананне плана перавозак грузаў і грузаабароту, пасажыраў і пасажыраабароту. Так, грузаабарот за дадзены перыяд склаў 6 675,6 тыс. ткм ці 103,5 % да ўзроўню мінулага года (заданне – 100, 1 %), пасажыраабарот склаў 8 494,1 тыс. пкм ці 104,8 % пры заданні 100,1 %.

Тэмп росту выручкі да ўзроўню 2022 г. – 105 %. Значна ўзрасла выручка ад іншых відаў дзейнасці (138,3 %), бо дадаўся новы від паслуг па тэхнічным абслугоўванні і гарантыйным рамонце грузавой і пасажырскай тэхнікі МАЗ.

У Аўтапарку № 14 працуе 80 чалавек. За 9 месяцаў узрасла і прадукцыйнасць працы, і сярэдняя зарплата, якая складае 1 203, 8 руб.

Поделиться