Так гаворыць фельчар Вікторыя Мамайка, загадчык Доўгаўскага ФАПа, які нядаўна пераехаў у адрамантаваны будынак у суседняй вёсцы
У лютым бягучага года змяніў прапіску Доўгаўскі фельчарска-акушэрскі пункт – ён пераехаў з вёскі Доўгае ў Наліўкі і цяпер месціцца ў адрамантаваным будынку, які па рашэнні райвыканкама Івацэвіцкай ЦРБ перадало ААТ «Мілейкі». Ранейшае памяшканне (тое, што ў Доўгім) патрабавала капітальнага рамонту. Аднак рабіць яго сэнсу не было – у вёсцы толькі 27 жыхароў. У Наліўках жыхароў у шэсць разоў больш. Вось і вырашылі перасяліць калектыў ФАПа ў лепшыя ўмовы і туды, дзе большая колькасць людзей мае патрэбу ў паслугах фельчара.
Адрамантавалі будынак за бюджэтныя сродкі сіламі прыватнай арганізацыі, патраціўшы на гэта 31 тыс. руб. Патынкавалі і пафарбавалі сцены, паклалі плітку, паставілі дзверы, замянілі сантэхніку, устанавілі спліт-сістэму (кандыцыянер) для абагрэву памяшкання. У папярэднім будынку выгоды былі на вуліцы і ацяпленне пячное, таму калектыў адразу адчуў розніцу паміж тым, што было, і тым, што стала.
Загадчыкам ФАПа са жніўня працуе малады спецыяліст Вікторыя Мамайка, выпускніца Брэсцкага медыцынскага каледжа. Дзяўчына родам са Столінскага раёна, з Давыд-Гарадка, і першапачаткова вельмі засмуцілася ад таго, што была размеркавана ў маленькую вёсачку. Падчас вучобы ёй хацелася быць фельчарам на «хуткай», а калі не, то фельчарам на ФАПе ў больш буйным населеным пункце. Перспектыва круціць педалі веласіпеда ад адной маленькай вёсачкі да другой не здавалася прывабнай. ФАП старэнькі, у ім холадна, людзі незнаёмыя, шмат работы з дакументамі, у якой учарашняя студэнтка мала што разумела. Вікторыя прасіла аб пераводзе са слязьмі на вачах. Аднак кіраўнікі, куратары працягнулі руку дапамогі, навучылі таму, чаго не ведала, умовы працы палепшыліся – і змяніўся і настрой, і намеры.
– Працаваць цяпер у радасць: цёпла, утульна. І людзі тут харошыя, прыветлівыя. Жыву ў Быцені, таму штодня прыходзіцца дабірацца на работу на аўтобусе, а ён выязджае рана. Затое здымаю дом з газавым ацяпленнем. Карацей, я асвоілася, і цяпер мне тут падабаецца, – расказвае Вікторыя. – Каб маладыя спецыялісты замацоўваліся ў вёсках, у малых гарадах, на маю думку, трэба заахвочваць іх добрай зарплатай. І вялікую ролю адыгрывае калектыў. Калі няма сяброўскай атмасферы ў калектыве, доўга ў ім ніхто не затрымаецца. Начальства мяне падтрымлівае, дапамагла адаптавацца тут санітарка Зоя Наліўка – усім удзячная. Радуе і зарплата.
Разам з загадчыкам ідзём па кабінетах – яны прасторныя, іх стала больш: кабінет фельчара, працэдурны, акушэрскі, пакой для персаналу, пакой для інвентару, для збору бялізны… Часткова абнавілі медыцынскую мэблю і абсталяванне, аднак гэты працэс яшчэ не скончаны. Наперадзе – добраўпарадкаванне тэрыторыі вакол ФАПа, аднак гэтым зоймуцца, калі пацяплее.
За Доўгаўскім ФАПам замацаваны чатыры населеныя пункты: Наліўкі, Доўгае, Пагор’е і Вуглы. У іх пражывае каля 200 жыхароў. У асноўным гэта пажылыя людзі, у працаздольным узросце – некалькі дзясяткаў чалавек, дзяцей – не больш за 10 і толькі адно дзіця ў дашкольным узросце. Да самых аддаленых ад Налівак Вуглоў – кіламетраў шэсць. Фельчар пераадольвае гэтую дыстанцыю рознымі спосабамі: і на перасоўным ФАПе Івацэвіцкай ЦРБ, які завітвае ў гэты куточак раёна раз на месяц, і на веласіпедзе, калі дазваляе надвор’е, бывае, падкінуць і знаёмыя на машыне. А ў экстранных выпадках на дапамогу спяшаецца «хуткая» з Быценскага паста.
На ФАПе праводзіцца дыспансерызацыя насельніцтва – анкетаванне для выяўлення фактараў рызыкі развіцця шэрагу захворванняў, выдаюцца накіраванні на аналізы (іх можна здаць у Быценскай амбулаторыі ці на перасоўным ФАПе), фельчар мае неабходнае абсталяванне для таго, каб зрабіць пацыенту кардыяграму, памераць ціск – артэрыяльны і ўнутрывочны, сатурацыю. Можна прыйсці на ФАП на працэдуры, час ад часу там вядзе прыём урач агульнай практыкі, урач акушэр-гінеколаг. Рэалізацыя лекаў – таксама адзін з абавязкаў фельчара.
Жыхары Налівак пазітыўна ўспрынялі навіну пра з’яўленне ў вёсцы ФАПа. Не трэба будзе ехаць па лекі ў суседнюю вёску, можна прыйсці на ўколы, што таксама зручна. І фельчар ім падабаецца – прыветлівая дзяўчына.
200 чалавек на чатыры вёскі – гэта лічба, якая засмучае. Праехаўшыся па Наліўках, убачылі шмат яшчэ даволі трывалых дамоў, якія, відаць па ўсім, пакінутыя іх былымі жыхарамі. Аднак як бы ні змяншаўся лік сельскіх жыхароў, ад гэтага не павінны пакутаваць тыя, хто застаўся ў вёсках. Таму ў мінулым годзе па ўсёй краіне звярнулі пільную ўвагу на якасць аказання медыцынскай дапамогі на сяле. Актыўна рамантаваліся амбулаторыі і ФАПы і ў Івацэвіцкім раёне. З рамонтам шэрагу сельскіх медустаноў дапамагалі спонсары, на гэтыя мэты выдаткоўваліся сродкі з бюджэту – ужо праведзена вялікая работа і сёлета яна будзе прадоўжана.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.