Анатолій Зайко мае больш за 30 гадоў працоўнага стажу на адным месцы і ў мінулым годзе занесены на раённую Дошку гонару.

Ва ўнітарным прадпрыемстве «Івацэвічыпалівабуд», даччынай кампаніі холдынга «Белгазбуд», якое, акрамя распрацоўкі тарфяных месцараджэнняў і будаўніцтва пляцовак для здабычы торфу, займаецца і агульнабудаўнічымі работамі, даўнім заслужаным аўтарытэтам карыстаецца адзін са старэйшых работнікаў прадпрыемства – цясляр Анатолій Уладзіміравіч Зайко.

Тут пачалася яго працоўная біяграфія ў далёкім верасні 1993 года, на той час прадпрыемства мела назву філіял «ПМК-2» ААТ «Будаўніча-мантажны трэст Белпалівабуд». Прадпрыемства рэарганізоўвалася, але заставалася і застаецца яго нязменным месцам працы. Па выніках работы за 2022 год за добрасумленнае і якаснае выкананне службовых абавязкаў Анатолій занесены на раённую Дошку гонару, таксама яго імя і фота ўпрыгожвае Дошку гонару холдынга «Белгазбуд», у які ўваходзіць унітарнае прадпрыемства.

Нарадзіўся Анатолій Уладзіміравіч у в. Заполле, тут і асеў на ўсё жыццё. Пасля сканчэння Запалянскай школы падаўся вучыцца ў Івацэвіцкае СПТВ, там атрымаў прафесію трактарыста, але так сталася, што пасведчанне на права кіравання трактарам яму спатрэбілася толькі для ўласных мэтаў. Адслужыў у арміі, а калі вярнуўся, то паслухаў бацькаў наказ – пайшоў працаваць у ПМК-2. Так і затрымаўся там на 30 з лішнім гадоў, і як шчыра адзначае сам, мяняць сваё месца працы і шукаць іншага хлеба ён не збіраецца. Пачынаў Анатолій з падсобнага рабочага, потым пры садзейнічанні прадпрыемства адвучыўся на цесляра, пасля атрымання новай кваліфікацыі гадамі адточваў сваё майстэрства і зараз мае чацвёрты разрад.

Іншы раз мы ўяўляем цесляра вельмі проста – як чалавека з сякераю, малатком і цвікамі, на самай жа справе Анатолію сёння даводзіцца выконваць шмат карпатлівай работы, якая патрабуе адпаведных навыкаў. Рабочыя рукі цесляра патрэбны ад пачатку, калі неабходна збудаваць апалубку для заліўкі бетону, і да самага даху. А яшчэ калі трэба пакласці падлогу, уставіць вокны ці дзверы. Калі ўзнікае вытворчая неабходнасць, цясляр праходзіць мэтавы інструктаж і адпраўляецца на работы па добраўпарадкаванні, напрыклад, укладваць тратуарную плітку. Яго фронт работ залежыць ад пагодных умоў, зімой гэта ў большай ступені ўнутраныя работы, але іх хапае круглы год.

І ад таго, наколькі добрасумленна прадстаўнік гэтай прафесіі выканае ўскладзеныя на яго абавязкі, залежыць як якасць работ, так і эстэтычны выгляд. Пыл, шум, тэхніка бяспекі, якой пастаянна трэба прытрымлівацца пры рабоце з вострымі інструментамі і станкамі, Анатолія не пужаюць.

– Да цяслярства перш за ўсё павінна ляжаць душа. Калі тая ці іншая справа не падабаецца, то і вучыцца ёй дарэмна. Да любой работы трэба прыступаць у добрым настроі, інакш яна не будзе ладзіцца, – упэўнены Анатолій Уладзіміравіч.

А яшчэ адзначае, што ў выбранай прафесіі яму падабаецца пастаянная разнастайнасць, прычым не толькі ў аб’ектах, на якіх даводзіцца шчыраваць, але і ў вёсках, гарадах і абласцях, шмат якія аб’ехаў са службовымі мэтамі за гады працы.

Сёння цяжка ўспомніць усе будаўнічыя аб’екты, да якіх Анатолій Зайко меў дачыненне за больш чым 30-гадовую працоўную дзейнасць, але ёсць найбольш запамінальныя. Напрыклад, дамы сямейнага тыпу ў в. Стайкі па Прэзідэнцкай праграме або з апошняга – мадэрнізацыя ТВУ «Бярозаўскае», торфабрыкетнага завода «Гатча-Асоўскі» ў аг. Ленінскі Жабінкаўскага раёна, праз тыдзень-другі яго і будаўнічую брыгаду УП «Івацэвічыпалівабуд» чакае доўгатэрміновая камандзіроўка на Жыткавіцкі торфабрыкетны завод, там таксама маюць патрэбу ў іх паслугах.

Галоўным у сваёй рабоце Анатолій лічыць практыку і адзначае, што вопыт прыходзіць з часам, пры гэтым не абысціся без дапамогі старэйшых таварышаў і калег, ім ён таксама ўдзячны за свае сённяшнія ўменні і дасягненне звання чалавека з Дошкі гонару.

Прараб Сяргей Блошак свайго падначаленага характарызуе выключна са станоўчага боку: «Працавіты, адказны, пастаўленыя задачы выконвае прафесійна і ў тэрмін, на яго заўсёды можна разлічваць».

На рабоце Анатолій прафесіянал, а дома – сем’янін і бацька дзвюх дачок, якіх выгадавалі разам з жонкай Ганнай. Навыкі цесляра пастаянна дапамагаюць яму ў побыце. Любая справа і дома спорыцца, бо да работы ён з усёй душой. І альтанку ў двары змайстраваў, і гараж пабудаваў, і дах сваёй хаты сам перакрыў ды яшчэ шмат да чаго як добры гаспадар рукі прыклаў. А яшчэ наш цясляр валодае выключным пачуццём гумару, які яму, як песня, «и строить, и жить помогает».

Штодзень службовы аўтобус дастаўляе Анатолія Зайко і іншых работнікаў да месца працы і назад у роднае Заполле. На прадпрыемстве яго праца запатрабавана, пры гэтым ён не валодае ніякімі сакрэтамі поспеху, а проста і звычайна кожны дзень выконвае даручаную яму справу. А калі чалавек здольны ствараць уласнымі рукамі і пры гэтым якасна – ён будзе запатрабаваны заўсёды.

Аксана Цярэшка. Фота Валерыя Міскевіча.

Поделиться