Працяг гісторыі пра долары ў слоіку
Жанчына кінулася траціць крадзеныя грошы і наклікала на сябе падазрэнні.
Раней «ІВ» расказваў аб тым, што ў мінулым годзе была ўзбуджана крымінальная справа па
ч. 3 арт. 205 Крымінальнага Кодэкса РБ («Крадзеж, здзейснены ў буйным памеры»). Справа цікавая, бо само жыццё часам падкідвае такія неверагодныя сюжэты, якіх няма і ў кінастужках…
Так, нагадаем, жыхар адной з вёсак раёна за гады плённай працы назбіраў немалую суму грошай.
15 тысяч долараў ён планаваў патраціць на пакупку аднапакаёўкі ў Івацэвічах. Перад пенсіяй мужчына разам з братам-інвалідам планаваў пераехаць у гарадское, больш камфортнае жыллё. Так, пяць тысяч долараў пацярпелы пазычыў знаёмым, астатнія грошы захоўваў у звычайным слоіку. Цяжка ўявіць, але гэта праўда: слоік, закрыты палімернай крышкай, з 10 тысячамі долараў стаяў на кухні каля печкі. Маўляў, хочаш нешта схаваць – пастаў на бачнае месца…
Гэты прынцып не спрацаваў, і такі «залаты» слоік трапіўся на вочы сваячцы пацярпелага. У адзін з дзён з дазволу гаспадара жанчына ўзялася наводзіць парадкі ў доме, дзе жылі яе два браты. Тры гадзіны жанчына шчыравала ў доме, і ніхто за ёй, канечне, пільна не сачыў, а пасля высветлілася, што разам з пылам жанчына прыбрала і слоік з зялёнымі купюрамі.
Толькі праз некалькі дзён гаспадар адумаўся і кінуўся на пошукі грошай. Мужчына перавярнуў хату, а калі нічога не знайшоў, адразу пазваніў сястры. Жанчына не толькі не прызналася, але яшчэ і адчытала брата за такія падазрэнні, маўляў, як можна так думаць на роднага чалавека. Праз пэўны час з прэтэнзіямі мужчына наведаўся ў дом да крыўдзіцельніцы, а там ужо ва ўсю ішлі рамонтныя работы. Гэта толькі дадало брату ўпэўненасці ў падазрэннях, і ён звярнуўся ў міліцыю. Падчас першага ж візіту ўчастковага жанчына прызнала віну. Як высветлілася, вяскоўка дзейнічала вельмі абачліва, частку грошай яна памяняла ў банкаўскім аддзяленні суседняга горада і на радасцях ужо паспела набыць мэблю і бытавую тэхніку. Усяго за пару тыдняў жанчына патраціла амаль палову грошай, 5 125 долараў праваахоўнікі знайшлі схаванымі ў яе агародзе.
Канечне, у судзе жанчына раскайвалася, прасіла змякчыць пакаранне. Шкоду пацярпеламу яна кампенсавала дабравольна яшчэ да вынясення прысуду. З улікам гэтага суд назначыў ёй пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на два гады без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу без штрафу. Сястра, што так абакрала брата, атрымала два гады так званай хатняй «хіміі». А галоўнае, найхутчэй, назаўсёды ўжо сапсаваліся цёплыя сямейныя адносіны паміж гэтымі вяскоўцамі.
Помніце, менавіта за гэта больш за ўсё перажывала сястра, калі на яе падалі падазрэнні. Мараль у гэтай байкі жыццёвай простая: грошы трэба хаваць лепш, бо такія сумы ды на такім бачным месцы становяцца вельмі прывабнай спакусай нават для родных.
Васілій АЎРУСЕВІЧ, старшыня суда Івацэвіцкага раёна.