Вялікая Айчынная вайна стала самай трагічнай падзеяй у гісторыі Беларусі. За гады гэтай страшнай трагедыі Беларусь страціла кожнага трэцяга свайго жыхара. Ад рук акупантаў загінула больш за два мільёны беларусаў. Палітыку генацыду на нашай зямлі нацысты пачалі ажыццяўляць ужо з першых дзён вайны.

Генацыд – гэта форма масавага насілля, якая вызначаецца як дзеянне, учыненае з намерам знішчаць, поўнасцю або часткова, якую-небудзь нацыянальную, этнічную, расавую альбо рэлігійную групу людзей. Рабілася гэта часцей за ўсё шляхам забойства.

Для арганізацыі і правядзення ў шырокім маштабе генацыду, грабяжу і другіх злачынстваў кіраўніцтва Германіі і вышэйшае камандаванне нямецкай арміі накіравала на тэрыторыю БССР карныя падраздзяленні органаў паліцыі бяспекі і СД, зондэркаманды, салдат СС і іншыя фарміраванні.

Масавае знішчэнне людзей вялося варварскімі метадамі і сродкамі: расстрэльвалі і вешалі, мучылі ў газавых камерах, спальвалі, марылі голадам і холадам, падвяргалі цяжкай фізічнай працай. Гэтым яны хацелі навесці на людзей страх, падавіць спробу супраціўлення насельніцтва акупацыйнаму рэжыму.

З 1948 года генацыд прызнаны ў ААН міжнародным злачынствам. Страшнае злачынства, здзейсненае ў гады Вялікай Айчыннай вайны супраць беларускага народа, не будзе забыта ніколі.

Ганаровае званне

Асабліва падчас Другой сусветнай вайны праследаваліся яўрэі, іх масавае знішчэнне атрымала назву Халакост.

Праведнікі народаў міру – гэта ганаровае званне, якое прыйсвойваецца Ізраільскім інстытутам катастрофы і гераізму нацыянальнага мемарыяла Катастрофы (Халакосту) і Гераізму «Яд ва-Шем». Прызнаны атрымлівае імянную медаль і Ганаровую Грамату, а іх імёны ўвекавечваюць у «Яд ва-Шем» на Гары Памяці ў Іерусаліме. Гэтае званне атрымліваюць людзі, якія выратавалі яўрэяў падчас нацысцкай акупацыі, рызыкуючы сваім жыццём.

Дапамога яўрэям патрабавала ад людзей мужнасці і самаахвярнасці. Фашысты пагражалі смерцю любому, хто хаваў яўрэяў. Цана, якую прыходзілася заплаціць многім выратавальнікам, адрознівалася ў розных краінах.

Акупанты забівалі не толькі чалавека, які хаваў яўрэя, але і ўсю яго сям’ю. На тэрыторыі Івацэвіцкага раёна падчас ваеннага ліхалецця немцы стварылі гета ў Івацэвічах, Косаве, Быцені, Целяханах, Святой Волі.

З успамінаў Наталлі Самуілаўны Капач, жыхаркі вёскі Глядзенне:

– Якаў Іванавіч Лазарчук, жыхар вёскі Дабромысль, быў маім родным дзядзькам. У іх была дачка Марыя. Выйшла замуж за хлопца з вёскі Падасоўцы (цяпер Баранавіцкі раён). Нарадзіўся ў іх сын Юзік.

Перад вайною Марыя памерла. Зяць вярнуўся ў сваю родную вёску. Унучак Юзік застаўся з дзедам і бабай. Пачалася вайна. У вёску прыйшлі немцы. Яны пачалі масава расстрэльваць людзей яўрэйскай нацыі. Аднойчы ў акно ім нехта пастукаў. Якаў глянуў у яго, але не пазнаў. З сяней запытаў: «Хто там?» У адказ пачуў: «Пусціце пераначаваць». Параіўшыся з жонкаю, пусціў у хату. Перад ім стаяў мужчына сярэдніх гадоў. Гэта быў яўрэй. Дзядзька стаў хаваць яго ў пограбе пад падлогай. Нехта пра гэта данёс немцам. Пра гэта даведаўся Якаў. І тады ён папрасіў мужчыну на пэўны час сысці ад яго. У хуткім часе немцы прыйшлі да дзядзькі ў хату. Абшукалі ўсюды, куды толькі можна было залезці. Нікога не знайшлі. Тады вывелі іх з хаты і павялі па вуліцы. Унучка Юзіка дома не было. Калі іх вялі, з суседняга двара ён выйшаў ім насустрач. Бабуля пазвала яго да сябе, прытуліла да сваіх грудзей. Думала, што немцы яго адпусцяць. Не, не адпусцілі. Разам з дзедам і бабай павялі на бераг ракі Шчара. На беразе іх і расстралялі. Гэтыя трагедыя адбылася ў 1942 годзе. Людзям прыказалі іх не хаваць. Але ноччу родзічы і аднавяскоўцы пахавалі іх на могілках. Толькі не насыпалі надмагільных курганкоў, каб немцы не здагадаліся, што іх пахавалі.

Расказвае Вера Ігнатаўна Субоцька, жыхарка вёскі Закаплічча:

– Пры Польшчы і перадваенны час многа яўрэяў жыло ў Быцені. Калі пачалася вайна, немцы расстрэльвалі іх. Многія яўрэйскія сем’і ўцякалі з Быцені і хаваліся па навакольных вёсках. Сям’я з трох чалавек прыйшла хавацца ў нашу вёску. Праўда, людзі баяліся і не пускалі ў хаты. Яны пасяліліся ў старэнькай хатцы, дзе ніхто не жыў. Я пазнаёмілася з іх дачкою. Яе звалі Іда. Я і яна – равесніцы. Было нам па дзесяць гадоў. Памятаю, як бацькі адзначалі яе дзень нараджэння. Я таксама была на ім. О, як яна гаварыла пра свае дзіцячыя мары! Але гэтым марам здзейсніцца не прыйшлося. Нехта данёс немцам, што ў нашай вёсцы жыве яўрэйская сям’я. І ў 1942 годзе гэтыя нелюдзі расстралялі бацькоў і Іду. Я па сённяшні дзень бачу ўсіх іх перад сваімі вачыма. Солтыс прымусіў людзей пахаваць, не на могілках, а ў вёсцы, недалёка ад хат. На працягу многіх гадоў была бачна іх магіла, якая была агароджана.

І выратавальнікі, і тыя, каго яны ратавалі, знаходзіліся ў пастаянным страху. Але і гэта не зламала дух народа, які змагаўся супраць фашызму.

На 1 студзеня 2021 года Інстытут катастрофы і гераізму «Яд ва-Шем» прызнаў праведнікамі міру каля 28 тысяч чалавек з 51 краіны свету. За гэты час на тэрыторыі Беларусі праведнікамі прызнаны больш за 700 чалавек. Беларусь займае 8-ае месца ў свеце па колькасці праведнікаў пасля Польшчы, Галандыі, Францыі, Украіны, Бельгіі, Літвы і Венгрыі.

У Івацэвіцкім раёне тры чалавекі ўдастоены ганаровага звання «Праведнікі народаў міру» ад Ізраільскага інстутута «Яд ва-Шем», у знак найвялікшага прызнання за дапамогу, аказаную яўрэйскаму народу ў гады Другой сусветнай вайны:

Нічыпар Кокань – за выратаванне Сцяпана і Эстэр Лясман у вёсцы Дабромысль;

Яфім і Юлія Русецкія – за выратаванне 28 яўрэяў у Косаве. Праз пэўны час Яфім і Юлія, а таксама трое іх дзяцей разам з яўрэйскай сям’ёй, якую яны хавалі, былі расстраляны.

Смелы ўчынак Нічыпара Коканя

Выратаваныя Сцяпан і Эстэр Лясман.

Месца выратавання – в. Дабромысль, Івацэвіцкі раён, Брэсцкая вобласць.

Год прысуджэння звання – 2001.

Нічыпар Кокань нарадзіўся 21 верасня 1900 года. Перад вайной яму споўнілася сорак гадоў. У сям’і было восем дзяцей.

Падчас ваеннага ліхалецця муж і жонка Лясман і яшчэ некалькі чалавек, даведаўшыся аб плануемай акцыі фашыстаў па знішчэнні яўрэяў, уцяклі ў лес, спадзеючыся на тое, што схаваюцца ў партызанскім атрадзе. Сцяпан і Эстэр Лясман дабраліся да вёскі Дабромысль. Познім вечарам яны аказаліся на хутары, дзе жыў Нічыпар Кокань. Эстэр Лясман пазнала Нічыпара. Яго дзеці вучыліся ў яе класе да вайны. Яна была настаўніцай. Кокань запрасіў іх у хату, накарміў і прапанаваў пераначаваць. Хаваў іх на гарышчы дома. Нічыпар быў сувязным партызанскага атрада. Праз пэўны час ён пераправіў Сцяпана, Эстэр і іх дзяцей у партызанскі атрад. Пасля таго, як яны пакінулі дом Нічыпара, нехта данёс пра гэта немцам. На наступны ж дзень немцы ўварваліся ў яго хату, выгналі яго, жонку і дзяцей на вуліцу. Акупанты хацелі іх знішчыць, але не паспелі, на іх напалі партызаны. Яны выратавалі сям’ю Нічыпара, а гэтых нелюдзяў выманілі ў лес, там жа іх і расстралялі.

Пасля вайны Сцяпан і Эстэр жылі ў Польшчы, але не забывалі свайго выратавальніка, падтрымлівалі з ім перапіску да ад’езду ў ЗША.

Памёр Нічыпар Кокань 3 снежня 1982 года.

Косаўскія «Шындлеры» – Яфім і Юлія Русецкія

Выратаваныя 28 яўрэяў, у тым ліку Захар і Аляксандра Зімакі.

Месца выратавання – г. Косава.

Год прысуджэння звання – 2015.
Падчас Халакосту нямецкі прамысловец Аскар Шындлер выратаваў амаль 1200 яўрэяў, прадставіўшы ім работу на сваіх фабрыках у Германіі і Чэхіі. У горадзе Косава былі свае Шындлеры – Яфім і Юлія Русецкія.

Яфім Ільіч Русецкі – 1897 г. н., Юлія Кузьмінічна Русецкая – 1908 г. н. У сям’і іх было трое дзетак: Ніна – 1933 г. н., Канстанцін – 1935 г. н., Зінаіда – 1940 г. н.

Фашысты прыйшлі ў Косава 26 чэрвеня 1941 года. Праз некалькі дзён на ўскраіне горада яны стварылі гета, куды сагналі каля 4,5 тыс. яўрэяў. Камендантам гета назначылі пажылога немца Лянчэ. Ён працаваў па прынцыпе: жыццё ў абмен на золата. Яму давалі дарагія рэчы, золата. За гэта ён абяцаў людзям: «пакуль я з’яўляюся камендантам, масавага расстрэлу яўрэяў не будзе». Але людзі гінулі. Ужо вясной 1942 год ва ўрочышчы Ялаваста акупанты расстралялі каля 200 чалавек. У канцы ліпеня 1942 года ў Косава прыбылі каля 300 эсэсаўцаў і паліцаяў. Яны акружылі гета. Вязнеў вывезлі ва ўрочышча Марачоўшчына і расстралялі. Усяго за гады вайны ў Косаве, па розных ацэнках, загінула ад 3,5 да 4,5 тыс. яўрэяў.

Пра іх напамінае абеліск, на якім чытаем: «Ахвярам нацызму. Тут у 1942 годзе былі па-зверску закатаваныя больш за 3 тыс. яўрэяў г. Косава».

Яфім Русецкі быў гаспадаром гарбарнай майстэрні. У ёй працавалі яўрэі, якіх ён, як мог, ратаваў ад гібелі. Яго сям’я выратавала 28 яўрэяў. Сярод іх – Захар і Аляксандра Зімакі. Захар Ошаравіч Зімак – вядомы чалавек у нашым раёне. Быў дырэктарам Целяханскай школы-інтэрната. У 1970 годзе абараніў дысертацыю і атрымаў вучоную ступень кандыдата філасофскіх навук. Выкладаў філасофію ў Брэсцкім інжынерна-будаўнічым інстытуце да выхаду на пенсію. У пачатку 90-ых гадоў разам з жонкай пераехаў у Ізраіль. Памёр некалькі гадоў назад.

Вось што гаварыў Захар Ошаравіч пра сям’ю Яфіма Русецкага:

– Калі б не дапамога Русецкіх, то мая біяграфія магла абарвацца яшчэ ў 1942 годзе. Яфім быў высакародным і чэсным чалавекам. Ён рабіў усё, што мог, для выратавання людзей. Мясцовыя жыхары Косава маглі падзяліцца куском хлеба, але хаваць яўрэяў, як Русецкія, амаль ніхто не адважваўся.

На помніку – фотаздымкі Яфіма і Юліі. Чытаем надіс: «Русецкий Ефим. Русецкая Юлия. Дети: Нина, Константин, Зинаида. Расстреляны в 1942 году за связь с партизанами и спасение людей. В 2015 году присвоено звание «праведники мира». Помним, скорбим…»

Няхай гэта ніколі не паўторыцца на нашай роднай Бацькаўшчыне! Мы павінны захоўваць памяць аб мільёнах людзей, якія сталі ахвярамі нацысцкіх злачынстваў.

Сцяпан Куніцкі, ветэран педагагічнай працы.
Таццяна Голік, настаўнік гісторыі, кіраўнік гісторыка-краязнаўчага музея ДУА «Дабромысленская сярэдняя школа».

Поделиться