Агонь з зямлі, дзе нарадзіўся Ісус Хрыстос, касцёлу Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Івацэвічах 18 снежня перадалі скаўты каталіцкіх аб’яднанняў Беларусі. Такая традыцыя распаўсюджання Віфлеемскага агню існуе ўжо больш за 30 гадоў, некалькі тысяч кіламетраў пераадольваюць скаўты з лампадкамі, каб перадаць агонь тысячам вернікаў у розных краінах.
У Беларусь агонь прывозяць з 1996 года, найперш у Гродзенскі касцёл, а пасля лампадкі едуць ва ўсе каталіцкія храмы.
У мінулую нядзелю ксёндз пробашч касцёла Святых апосталаў Пятра і Паўла Адам Страчынскі сустрэў скаўтаў з Івянца (аграгарадок у Мінскай вобласці) і запаліў лампадку, пажадаўшы добрых свят гасцям з Міншчыны. Увесь тыдзень агонь гарэў у касцёле, нібы набліжаючы надыходзячае вялікае свята Божага Нараджэння. Так, Святочная служба ў ноч з 24 на 25 снежня пачнецца з таго, што ксёндз запаліць ад гэтай лампадкі ўсе свечкі ў касцёле. А пасля ўсе парафіяне, якіх больш за сотню, панясуць па дамах свае лампадкі з Віфлеемскім агнём. Так пад кожны дах каталіцкіх вернікаў прыйдзе свята…
Гісторыю такой добрай традыцыі распаўсюджання агню і пра яе сэнс для кожнага верніка выхаванцам нядзельнай школы расказваў ксёндз Адам. Сёння школу наведваюць 16 дзяцей розных узростаў, нехта яшчэ толькі рыхтуецца да важнай урачыстасці – першага прычасця, – другія дзеці працягваюць вывучэнне катэхізму. Атрымліваецца, што з пачатковай школы і амаль што да выпускных класаў дзеці па выхадных наведваюць нядзельную школу ў касцёле. Заняткі праводзяць Таццяна Андрэеўна Бурына і Святлана Васільеўна Ёвік, зараз дзеткі рыхтуюць для гасцей святочнае выступленне з вершамі і песнямі, а яшчэ ўсе яны перададуць маленькія падарункі, зробленыя сваімі рукамі, родным. Усе дзеці абавязкова наведаюць святочную службу, а потым у сваіх сем’ях пасля малітвы з найлепшымі пажаданнямі падзеляцца між сабой аплаткай.
У дзень нашага візіту, 21 снежня, ужо пачыналася падрыхтоўка да ўпрыгожвання касцёла.
– Толькі ўчора ў касцёле завяршыліся перадсвяточныя рэкалекцыі, якія праводзіў ксёндз Юрый Пракапюк з Піншчыны, – расказвае Адам Страчынскі. – А ўжо заўтра мы прывязём елачкі і пачнём упрыгожваць касцёл. Традыцыйна ўпрыгожванні з’явяцца як на ўваходзе ў касцёл, так і ў самым будынку. Я віншую ўсіх парафіян са святамі Божага Нараджэння і раю ўсім вернікам каталіцкай веры знайсці свой асабісты шлях да касцёла.
Развітваючыся, ксёндз Адам адзначыў, што радасць ад Божага Нараджэння абавязкова трэба раздзяліць з бліжнімі. А таму, няхай усе вернікі сустрэнуць Раство сярод родных і блізкіх, у сваіх сем’ях!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.