x
Close
Uncategorized

«Прысвячэнне ў мастацтва»: традыцыйнае свята для вучняў першага класа ладзілася ў ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў» г. Івацэвічы

«Прысвячэнне ў мастацтва»: традыцыйнае свята для вучняў першага класа ладзілася ў ДУА «Дзіцячая школа мастацтваў» г. Івацэвічы
  • Опубликовано:29 ноября, 2023

Свята «Прысвячэнне ў мастацтва» доўжылася два вечары: 15 лістапада – для пачынаючых музыкантаў, а 16 лістапада – для мастакоў і харэографаў. Гэтае свята можна параўнаць з днём нараджэння: у сем’ях першакласнікаў ДШМ у гэтым навучальным годзе нарадзіліся творчыя здольнасці дзяцей і, канешне, на мерапрыемстве прысутнічалі бацькі, каб падтрымаць першыя спробы ў мастацтве сваіх дзяцей і парадавацца поспехам.

Перад уваходам у музыкальную залу гасцей сустракала выстаўка работ першакласнікаў мастацкага аддзялення. Кожны з іх старанна выводзіў пэндзлікам мазок за мазком, каб здзівіць сваёй творчасцю бацькоў. Настрой стваралі казачныя персанажы, яркія музычныя нумары, гукавое афармленне і ўпрыгожанне сцэны.

Першакласнікі ўпэўнена прадэманстравалі свае веды, якія яны атрымалі за два месяцы навучання ў дзіцячай школе мастацтваў: адказвалі на пытанні віктарыны, адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні па сваім профілі навучання.

Першакласнікаў са сцэны віншавалі і дарылі свае творчыя нумары харэаграфічныя калектывы «K-drive», «Сузор’е», «Арабеск», а таксама ансамблі музычнага аддзялення. Сюрпрызам для бацькоў на вечары 15 лістапада стала выступленне хору першых класаў.

Дырэктар ДУА «ДШМ г. Івацэвічы» Ала Груздзева павіншавала са сцэны першакласнікаў і іх бацькоў, пажадала развіцця іх талентаў і настойлівасці ў дасягненні пастаўленых мэт, а таксама паабяцала, што вучыцца будзе цікава, але не менш адказна, чым у агульнаадукацыйнай школе. Пасля юныя таленты прамовілі ўрачыстае абяцанне вучыцца сумленна, а Ала Аляксандраўна ўручыла новым навучэнцам установы пасведчанні першакласнікаў і салодкія прызы.

Няхай творчае жыццё, якое віруе ў сценах ДШМ г. Івацэвічы, натхняе яе вучняў і напаўняе іх разуменнем прыгожага і вечнага – цудоўным светам музыкі і мастацтва.

Марыя Сазонава, фота аўтара.