x
Close
Главная новость Молодёжь Новости Общество

Прысягнулі на вернасць Радзіме і народу

Прысягнулі на вернасць Радзіме і народу
  • Опубликовано:25 мая, 2022

У мінулую суботу ў воінскіх часцях Узброеных Сіл Беларусі прайшлі ўрачыстыя мерапрыемствы з нагоды прыняцця Ваеннай прысягі новым папаўненнем. 21 мая было шматлюдна і на пляцы 174-га вучэбнага палігона ВПС і войскаў СПА, дзе 74 ваеннаслужачых далі клятву на вернасць Радзіме і беларускаму народу. Восем з іх – ураджэнцы нашага, Івацэвіцкага раёна.

Традыцыйнае мерапрыемства мяняла свой фармат з-за пандэміі, але сёлета прайшло ў прывычным фармаце, з запрашэннем бацькоў навабранцаў. Перад пачаткам цырымоніі на плошчу ўрачыста ўнеслі Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, і перад строем выступіў намеснік камандуючага ВПС і войскамі СПА палкоўнік Дзмітрый Міхалап. Ён жа асабіста заслухаў прыняцце прысягі ад навабранцаў, павіншаваў іх са знамянальнай падзеяй у жыцці, выказаў упэўненасць, што кожны салдат будзе дастойна несці званне абаронца Айчыны і зробіць усё для яе бяспекі.

Па традыцыі такія мерапрыемствы не абыходзяцца без прадстаўнікоў раённай улады. У адрас юнакоў, якія атрымалі статус ваеннаслужачых тэрміновай службы, прагучала віншаванне ад старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Сарокі, звярталася да вайскоўцаў і першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Кацярына Шыян.

З гонарам і хваляваннем глядзелі на сваіх сыноў, братоў, сяброў, каханых іх родныя і блізкія, падтрымліваючы, знаходзячыся побач у такі хвалюючы і адказны момант жыцця. Бацькі спадзяюцца, што сыны будуць служыць годна і што разлука не будзе доўгай і скончыцца радаснай сустрэчай. Традыцыя, пранесеная праз дзесяцігоддзі, – матулін наказ. Цёплыя словы новаму папаўненню адрасавала Таццяна Кужко, маці аднаго з навабранцаў. Слова ў адказ трымаў радавы Андрэй Кавальчук, які быў гатовы, як і яго таварышы, авалодаць ваеннай справай і шанаваць слаўныя баявыя традыцыі, стаяць на варце мірнага жыцця роднай краіны.

Пасля ўрачыстасці маладыя ваеннаслужачыя мелі магчымасць пабываць у звальненні і правесці час з роднымі і сябрамі. Далей іх чакае служба і важны перыяд жыцця, падчас якога будзе гартавацца іх характар, і кожны ўчынак цяпер будзе параўноўвацца са словамі з урачыстай клятвы.

Марыя ІВАНОВА. фота Валерыя МІСКЕВІЧА.