x
Close
Акно ў прыроду Главная новость Новости

Рай для арнітолага – у заказніку «Выганашчанскае»

Рай для арнітолага – у заказніку «Выганашчанскае»
  • Опубликовано:1 апреля, 2023

Рэспубліканскі заказнік «Выганашчанскае», што месціцца на тэрыторыі Івацэвіцкага, Ляхавіцкага і Ганцавіцкага раёнаў, мае статус ключавой арніталагічнай тэрыторыі міжнароднага значэння. Тут сканцэнтраваны найбуйнейшыя ў краіне лакальныя папуляцыі вялікага падорліка, арлана-белахвоста, змеяеда, дупеля, беласпіннага дзятла і барадатай няясыці. Тут сустракаюцца 37 відаў птушак з Чырвонай Кнігі, увогуле ж «пернатых» безліч: 184 віды гняздзяцца ў заказніку, заўважаны 221 від. Адных толькі соў – 8 відаў.

Акрамя барадатай няясыці, птушкі-сімвала Івацэвіцкага раёна, тут сустракаюцца шэрая няясыць, філін, балотная і вушастая совы, вераб’іны, махнаногі і дамавы сыч. Совы – птушкі, якіх не пераблытаеш з іншымі. Вялікі круглыя вочы размешчаны ў іх не па баках галавы, а спераду, і совы добра бачаць як ноччу, так і днём. Яшчэ яны маюць вельмі тонкі слых. У адрозненне ад іншых птушак, лётаюць бясшумна, большасць відаў мае няяркую шэра-карычневую афарбоўку – для лепшай маскіроўкі. Совы – птушкі драпежныя, харчуюцца грызунамі, птушкамі, невялікімі звяркамі. У соў доўгія сагнутыя кіпцюры і кручкападобная дзюба. Яны ўмеюць паварочваць галаву на 270 о. У асноўным жывуць асела, не любяць доўгіх пералётаў, больш актыўныя па начах, а днём сядзяць у гнёздах ці на галінах. Уласных гнёздаў совы не ўюць – яны займаюць чужыя ці штучныя гняздоўі. Але не ўсе. Філін, напрыклад, гняздзіцца на зямлі, шэрая няясыць, махнаногі сыч аддаюць перавагу дуплам.

Птушка рэдкая, цікавая, разумная
Пра асаблівасці і звычкі барадатай няясыці расказвае дырэктар заказніка «Выганашчанскае» Сяргей ГАБЕЦ:
– Барадатая няясыць – другая па памеры сава ў нашым заказніку пасля філіна; размах яе крылаў дасягае 2 м, вага – да 2 кг. Яна названая так за цёмную пляму пад дзюбай, якая нагадвае бараду. Птушка рэдкая, цікавая, разумная. 97 % яе рацыёну складаюць грызуны – мышы. Дык вось калі яна адчувае, што ў гэтым годзе кармавая база для яе слабая, то не стане адкладваць яйкі: птушаняты загінуць без корму. Так было ў мінулым годзе, у пазамінулым таксама нямногія гняздзіліся. У 2015-м увогуле было толькі адно заселенае барадатымі няясыцямі гняздо на ўсю Беларусь – у нашым заказніку. А ў 2021 годзе былі занятыя 27 гнёздаў. Усяго на тэрыторыі раёна – да 100 асобінаў барадатай няясыці.

У гнёзды – чужыя ці штучныя, якія майструюць у нашым заказніку, – барадатыя няясыці засяляюцца толькі для таго, каб выгадаваць у іх птушанят, а так апартаменты ім без патрэбы. Селяц-
ца птушкі ў іх парамі – самка і самец. Яны як сям’я – разам на ўсё жыццё, а яно ў няясыцей бывае доўгім: жывуць да 40 гадоў. Самка ўвесь час пільнуе яйкі і птушанят, абараняе іх ад драпежнікаў, самец палюе, корміць сям’ю на працягу некалькіх месяцаў. Цікава назіраць, як ён прыносіць здабычу, перадае «жонцы», а самка разрывае яе дзюбай, дзеліць паміж птушанятамі.

Цікава назіраць і за тым, як няясыць жыруе – шукае корм. Яна бачыць мыш з дрэва, сочыць за ёй, чакаючы ўдалага моманту, і як толькі ахвяра выскачыць з укрыцця, сава імгненна бясшумна падлятае да яе і хапае. Самка можа паводзіць сябе агрэсіўна і ў адносінах да чалавека. Быў выпадак, калі ад савы пацярпеў егер. Ішоў міма дрэва, на якім сядзела сава, і гэта яе ўсхвалявала: птушка нечакана зляцела са свайго месца і ўпілася чалавеку ў галаву. Дзякуй Богу, усё абышлося.

У Івацэвічах да 500-годзя горада барадатай няясыці ўстанавілі памятны знак на плошчы, і Сяргей Уладзіміравіч лічыць, што птушка прыносіць раёну ўдачу. Сава ўвасабляе веды і мудрасць.
У нашых продкаў былі прыкметы, звязаныя з совамі. Я расказала Сяргею Габцу пра тое, што ў мінулым годзе ў маіх суседзяў, у недабудаваным прыватным доме ў Івацэвічах пасяліўся дамавы сыч. А ён адразу згадаў, што некалі людзі казалі: калі сыч па начах выдае гукі, падобныя на жалобны плач, – ён гаруе па памерламу ў тым доме, дзе жыве, калі гукі падобныя на плач дзіцяці – чакай у сям’і папаўнення. Мне ж здавалася, што голас сыча больш падобны на мяўканне ката і, дарэчы, калі судзіць па маім участку, ён не падабаўся кратам.

Кватэрнае пытанне для соў

А вось спецыяліст заказніка «Выганашчанскае» Аляксандр ІВАНОЎ умее імітаваць галасы птушак, таму дамавы сыч можа прыляцець да яго ў двор у Целяханах – на знаёмыя гукі і з суседніх вуліц. У сакавіку сярод іншага Аляксандр займаўся і тым, што рамантаваў і майстраваў, а таксама вешаў на дрэвы новыя гнёзды для соў. Штучныя гняздоўі ў заказніку робяць даўно, зацікавілі гэтым і школьнікаў з Целяханскай і Рэчкаўскай школ. Дзеці майстравалі кашолкі з лазы, сінічнікі, шпакоўні, гнёзды, а пасля падчас экскурсій па экалагічнай сцежцы бачылі ў іх птушанят. Разам зрабілі нямала фотаздымкаў птушак, і выстаўка фотаработ аб’ехала школы ў трох раёнах, наведвалі школы і спецыялісты заказніка, бо шмат увагі надаюць экалагічнай асвеце. І цяпер дзеці, што называецца, «в деле» і дапамагаюць совам і іншым птушкам вырашаць кватэрнае пытанне.

Ва ўсім заказніку цяпер – каля сотні ўсіх-усякіх штучных гняздоўяў. Канкрэтна для барадатай няясыці іх робяць з дошак, галін, гумавых колаў. Апошнія даўгавечныя, іх размяшчаюць у цяжкадаступных месцах у лесе, якія наведваюцца нячаста. Можна быць упэўненым, што гняздо ў парадку, нават не праверыўшы яго. Астатнія трэба падладжваць у пачатку вясны: у другой палове красавіка гняздоўі, калі пашчасціць, будуць заселеныя. Барадатая няясыць любіць старыя забалочаныя лясы, дзе дрэвы – на вялікай адлегласці адзін ад аднаго, і ёй прасцей убачыць здабычу.

– Узяць і павесіць гняздо не так і проста, – разважае Аляксандр Іваноў, маючы на ўвазе нават не тое, што яму трэба лазіць на высокія дрэвы з дапамогай спецыяльнага рыштунку. – Трэба вызначыць, дзе хоча жыць птушка, дзе ёсць для яе ўмовы. У лесе знойдзеш гнёзды адной і той жа птушкі і высока на дрэве, і нізка – схаваныя ў кроне. Калі гэта той участак лесу, дзе водзіцца арлан-белахвост, то больш
дробныя драпежныя птушкі хаваюць ад яго сваё жытло. Варта ў такіх пытаннях разбірацца, дапамагае шматгадовы вопыт.

У Аляксандра атрымліваецца знаходзіць агульную мову з птушкамі, таму, напрыклад, каль-
цаванне дастаткова непрадказальных няясыцей спецыялістамі НАН праходзіла больш гладка і актыўна, калі ён удзельнічаў у працэсе. Быў год, калі акальцавалі 33 савы, потым 32 за той жа перыяд, і гэта выдатны вынік.

Барадатая няясыць сапраўды можа атакаваць чалавека, можа прагнаць нават мядзведзя. Аднак неяк на зямлі пад гняздом леснікі знайшлі акальцаваную барадатую няясыць без галавы, і гэта почырк куніцы. Здавалася б, малы, але вёрткі звер спачатку спрытна хаваецца за ствол дрэва, а затым нечакана нападае. Між тым, напрыклад, філін можа з’есці і вожыка, і зайца, і качку, і ястраба-цецеравятніка, і канюка, і нават іншых соў (спецыялісты вывучаюць астаткі ежы, каб зрабіць пэўныя высновы). Сярод соў такое здараецца: больш буйныя ядуць больш дробных. Але барадатая няясыць – не.

Як жа фотапаляўнічыя рабілі такія выдатныя здымкі драпежных птушак, у тым ліку няясыці, калі тыя – з характарам? На самай справе, характар у птушак аднаго віду бывае розны, гаворыць Аляксандр, – ёсць сярод іх бойкія, ёсць спакойныя. Залог удалага фотаздымка – прафесіяналізм і добрая оптыка ў камеры, якая дазваляе фатаграфаваць іх з небяспечнай адлегласці.

– Мы і цяпер займаемся арганізацыяй фотатураў па заказніку для жадаючых убачыць барадатую няясыць, але ўсё робім так, каб не ствараць фактары трывогі для птушкі. Нам важна абараніць рэдкіх птушак, павялічыць іх лік, захаваць для нашчадкаў, для гэтага і вывучаецца іх жыццядзейнасць, праводзіцца кальцаванне, стварэнне штучных гняздоўяў. Важна, каб совам хацелася ў нас сяліцца, каб яны не баяліся, – падкрэсліў Аляксандр.

Арніталагічны маршрут

Калі вы таксама жадаеце на свае вочы ўбачыць рэдкіх птушак, звяртайцеся ў адміністрацыю заказніка для арганізацыі экскурсіі па арніталагічным маршруце. Яго працягласць – 40 км,
давядзецца пераадолець яго на аўтамабілі і пешшу. Пачатак – у г. п. Целяханы. Спачатку ў Цэнтры экалагічнай асветы вам раскажуць пра заказнік, пасля вы выбераце аб’екты для назірання: кагосьці цікавяць совы, кагосьці – арланы, беркуты і г. д. У залежнасці ад гэтага строіцца маршрут для канкрэтнай групы. Назіранне праводзіцца ў спецыяльна абсталяваных месцах. Адно з іх – пункт арніталагічнага назірання. З яго адкрываецца від на балотныя разлівы, вясной тут шмат вадаплаўных птушак і кулікоў. Сюды ж прылятаюць арланы-белахвосты, вялікі падорлік і іншыя драпежнікі. Падчас паходу турыстам сустрэнуцца совы, можна пабачыць глушца, цецерука, дупеля, шэрага жураўля, а таксама розных звяроў.

Фотапаляванне праводзіцца ў суправаджэнні спецыяліста заказніка, з падрыхтаваных засідак, вышак, а таксама з падыходу. Для арганізацыі фотапалявання трэба папярэдне падаць заяўку. Кошт арніталагічнай экскурсіі з групы да 10 чалавек – 80 руб., калі турыстаў больш за 10 – 100 руб. 1 гадзіна фотапалявання – 5 руб. з чалавека. Арэнда пункта арніталагічнага назірання – 2 руб.
з чалавека за 1 гадзіну.

Па ўсіх пытаннях звяртайцеся па тэл.: 2-65-18, 8 (029) 364-05-18 (А1), 8 (029) 247-15-31 (МТС). Жадаем атрымаць асалоду ад наведвання раю для арнітолага, ды і для кожнага, хто стомлены шумам і тлумам гарадоў. Адпачынак на прыродзе – лепшае, што можа здарыцца з вамі ў такім выпадку, а заказнік – выдатная крыніца новых сіл і энергіі.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота з архіва заказніка.