x
Close
Главная новость Год мира и созидания Новости Образование Общество

Рашаю задачы нават падчас прагляду фільмаў

Рашаю задачы нават падчас прагляду фільмаў
  • Опубликовано:21 августа, 2023

Віталій Клімовіч, выпускнік Ліцэя Івацэвіцкага раёна, атрымаў максімальныя 100 балаў на цэнтралізаваным экзамене па матэматыцы і цэнтралізаваным тэсціраванні па хіміі. У гісторыі ліцэя ён першы стабальнік, які меў поспех на ЦТ менавіта па хіміі. І адзін з чатырох вучняў у раёне, якія выбілі страйк на ЦЭ па матэматыцы. Сакрэт яго поспеху і адначасова парада ўсім вучням старэйшых класаў наступная: загадзя вызначцеся з тым, якія прадметы найбольш вам блізкія, зразумелыя, і паглыбляйцеся ў іх не таму, што трэба, а таму, што хочацца, таму, што гэта цікава. У такім выпадку вам будзе лёгка браць вышыні на ЦТ і ў будучай прафесіі.

Віталій рашае задачы па хіміі і матэматыцы, нават калі глядзіць фільмы ці серыялы, гэта яго хобі. Нехта складвае пазлы ці кубік Рубіка, а былы ліцэіст пракручвае ў галаве формулы, успамінае правілы і выстройвае лагічныя ланцужкі, што прыводзяць да правільных высноў. Захапленне вышэйназванымі прадметамі нарадзілася яшчэ падчас вучобы ў Стайкаўскай сярэдняй школе – дзякуючы настаўнікам Надзеі Фёдараўне Дылюк (выкладала матэматыку) і Аляксею Анатольевічу Бурвіну (выкладаў хімію). Настаўнікі ў ліцэі, а гэта Валянціна Мікалаеўна Богук (хімія) і Святлана Аляксееўна Паўлоўская (матэматыка) таксама разгледзелі яго здольнасці і не далі згаснуць інтарэсу да вучобы, за што хлопец ім шчыра ўдзячны.

З 9 класа Віталій Клімовіч – удзельнік абласных этапаў алімпіяды па хіміі, да іх рыхтаваўся разам з педагогамі. І падрыхтоўкі па ліцэйскай праграме было дастаткова, каб выдатна справіцца з іспытам – ні рэпетытараў, ні дапаможнікаў, ні курсаў не спатрэбілася. Віталій не шкадуе, што трапіў у ліцэй: настаўнікі па профільных прадметах былі дастаткова патрабавальнымі, і разам з тым не было павышанай нагрузкі па тых прадметах, якія не спатрэбіліся б вучню пры паступленні. Хлопец шчыра прызнаецца: ён зусім не гуманітарый (хоць у 11 класе зацікавіўся беларускай літаратурай). І яму цяжка прымусіць сябе вучыць тое, што яму не цікава. Але падчас вучобы ў ліцэі ў яго з’явіўся стымул – падцягнуць свае веды і па рускай мове. Пасля заканчэння 10 класа, летам на канікулах, ён узброіўся дапаможнікамі і падручнікамі, вынік – 85 балаў на ЦЭ па рускай мове. Пагадзіцеся, гэта выдатны вынік для негуманітарыя.

Такім чынам, з улікам агульнага бала атэстата (а ён быў 9,6!) да ўступнай кампаніі Віталій падышоў з 381 балам. Прахадны бал на хімічны факультэт прэстыжнага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, куды надта хацелася паступіць нашаму ліцэісту, сёлета быў крыху больш за 330. Таму Віталій Клімовіч без праблем стаў студэнтам БДУ. На хімфаку ён выбраў для сябе дастаткова шырокую спецыяльнасць – «Фундаментальная хімія», вучыцца прыйдзецца даўжэй – 6 гадоў, але з 28 месцаў, на якія набіралі студэнтаў, 13 занялі пераможцы алімпіяд, а гэта пра нешта ды кажа.

Віталій яшчэ не задумваўся, у якой галіне будзе «хімічыць» пасля сканчэння ўніверсітэта. Зараз яму хочацца проста вывучаць хімію на паглыбленым узроўні, а з дыпломам прымяненне для сябе ён знойдзе абавязкова. Кажа, што жыць і працаваць хацеў бы ў вялікім горадзе, дзе больш магчымасцей, але Івацэвічы, Стайкі любіць шчыра, бо гэта ж радзіма.

Аднакласнікі хлопца таксама едуць у сталіцу – паступілі ва ўніверсітэты, у тым ліку ў БДУ. Віталій не можа вызначыцца з тым, хто ён па характары – інтраверт ці экстраверт, але адназначна цэніць сяброўскія стасункі і не супраць таго, каб бавіць час у кампаніі. У Мінску хлопец будзе жыць у інтэрнаце і спадзяецца знайсці там новых сяброў, не забываючы пра старых.

Найбольш ганарацца сынам тата Алег Васільевіч і мама Кацярына Сяргееўна. Самі яны не маюць вышэйшай адукацыі, трымаюць асабістую падсобную гаспадарку і стараюцца спраўляцца з ёй без таго, каб прыцягваць да хатніх спраў старэйшага сына, якому падабаецца вучыцца, – падтрымалі яго ва ўсім. Сям’я ў Клімовічаў шматдзетная, у героя публікацыі – двое малодшых братоў. Ніхто са сваякоў цікавасці да хіміі не праяўляў, Віталій першы ў сваім родзе. І штосьці мне падказвае, што яго чакае вялікая будучыня.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.