У дзень святкавання свайго 95-годдзя ветэран вайны з Целяхан Зіновій Мікалаевіч Каланчук расказаў, як разам з другімі землякамі змагаўся з нацыяналістычнымі бандамі,
ад рук якіх гінулі мірныя людзі нават пасля абвяшчэння міру.

15 чэрвеня ў Целяханскім ЦКіВЧ сабраліся госці, сябры паважанага юбіляра Зіновія Мікалаевіча. Ён і не думаў, і не марыў некалі аб тым, што сустрэне 95-ы дзень нараджэння і будзе пры гэтым на сваіх нагах і пры памяці, ды такой фенаменальнай! Ветэран шмат чытае і сочыць за навінамі. Да яго і сёння часта звяртаюцца людзі, настаўнікі ды гісторыкі, бо Зіновій Мікалаевіч памятае многае, супастаўляе з падзеямі сённяшняга дня, аналізуе і надта ж не хоча заспець другую вайну на сваім жыццёвым шляху…

Чаргу віншаванняў у той дзень са слоў шчырай падзякі юбіляру пачала старшыня Целяханскага сельвыканкама Аксана Мялік. Дарэчы, у сельсавеце Зіновій Мікалаевіч Каланчук апошні ветэран, апошні жывы сведка. Але не толькі ад гэтага да яго асаблівае стаўленне ў целяханцаў. Дзядзя Жэня, менавіта Жэнем аднойчы Зіновія Мікалаевіча назвала жонка Таісія Аляксандраўна, для многіх сябар, памочнік і аўтарытэт. Таму даволі афіцыйнае мерапрыемства ў культурным цэнтры Целяхан хутка перарасло ў вечар успамінаў. Старшыня Савета ветэранаў пасёлка Святлана Крэк, што нарадзілася ў партызанскай сям’і, успомніла: менавіта Зіновій Мікалаевіч у 1944-м стаяў на ахове яе бацькоўскага дома. Святлана Андрэеўна перадала кветкі і падарункі і ад раённага Савета ветэранаў. старшыня літаратурна-мастацкага клуба «Целяханская гасціная» Рамуальда Пархута падзякавала юбіляру за моцнае і шчырае сяброўства з яе матуляй, аднакласніцай ветэрана. Яшчэ адна пісьменніца, урач на пенсіі і суседка Нэлі Фурс раскрыла цікавы факт: ветэран дапамог ёй у напісанні кнігі «Усё паўтараецца», а педагогі і дзеці з ДУА «Целяханская СШ» і ДУА «Целяханская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат» падзякавалі за шматлікія візіты да іх і шчырыя размовы пра вайну. За гады плённай працы на прадпрыемстве герою дня нізка кланяліся і работнікі Целяханскай лыжнай фабрыкі. А сацработнік ветэрана спадзяваецца, што яшчэ доўгія гады яна будзе спяшацца на вул. Леніна ў дом Каланчукоў.

Здаецца, юбіляр патанаў у кветках і падарунках у такі дзень, ды ў словах добрых, а пасля музычнага сюрпрызу – яго любімай песні «На безыменнай вышыні» – ён узяў слова…

Карэнны целяханец нарадзіўся ў вясковай сям’і і быў малодшым з чатырох дзяцей. Бацькоў не стала вельмі рана, і сямігадовага Зіновія да сябе забраў старэйшы брат, таму самому было ўсяго 20. Да 1939 года ён паспявае закончыць чатыры класы польскай школы. Васьмігодку Зіновій скончыць ужо пасля вайны, а спачатку будзе другая школа, ваенная.

Не трэба быць матэматыкам, каб прыкінуць: у вайну наш юбіляр быў падлеткам, у 44-м яму было ўсяго 17 – якая вайна? Аказваецца, пасля вызвалення пасёлка 10 ліпеня ваенкамат прызваў юнакоў, народжаных, у першым паўгоддзі 1927 года, было і запытанне з НКУС, прасілі юнакоў для аховы. Група ў Целяханах была невялікай, усяго 10 чалавек, сярод іх і наш Зіновій Каланчук. Але якая ахова неабходная ў вызваленым пасёлку?

Вайна заканчвалася, але пачыналася другая – ужо не на полі бою. Па сёлах хадзілі банды нацыяналістаў, спрабавалі наводзіць «свае парадкі», яны забіралі апошняе, здзекаваліся над людзьмі, без таго змучанымі гадамі вайны.

Успамінае ветэран:
– Добра, што была вучоба, я навучыўся трымаць у руках хоць вінтоўку. Зброі хапала, як толькі трэба было выбягаць на заданне – хапалі кожны што бачыў. У Целяханах былі і польскія банды, але больш за ўсё было ўкраінскіх бандэраўцаў. Яны хаваліся ў лясах, і зброі ў іх было таксама многа. Нават калі забівалі каго з нашых, то забіралі толькі адзенне, не чапалі нашы вінтоўкі. Дык вось, у адзін дзень з Бабровіч прыбягае дзяўчына, крычыць: у вёсцы бандэраўцы, пяць чалавек, забіраюць усё, б’юць людзей. Мы сабраліся – і напрамкі праз лес туды. Банды там ужо не было. Разам з правадным мы выйшлі паміж Вулькай і Выганашчамі на Агінскі канал. Восень, марозна. На канале ледзяная корка і перакінутае дрэва ад аднаго берага да другога. Мы змікіцілі – тут ішлі бандэраўцы. Пасля ўбачылі аднаго патанулага, відаць, паслізнуўся ці што. Выйшлі да хутароў, па кроках знайшлі той, дзе ўжо адпачывалі нацыяналісты. Спачатку выбег гаспадар дома, ледзь не застрэлілі нашага, бо ж не разгледзець было. Мужык пабег у лес, а нас у дзвярах сустрэлі бандэраўцы. Памятаю гэты момант, калі мы стаялі твар да твару, і быў толькі момант, імгненне, каб даць адпор…

З адной такой жорсткай сутычкі з бандамі Зіновій Мікалаевіч вярнуўся з кулявым раненнем, адбыўся самы жорсткі сцэнарый – куля разарвалася ў назе. Тры месяцы ў Целяханскай бальніцы і доўгія гады мучэнняў. Ветэран не спаў начамі, нага моцна ныла, асколкі нагадвалі пра сябе. Недзе ў 1950-м раненага аглядаў мінскі прафесар, тады было вырашана не чапаць зажыўшую рану. З гадамі боль прайшоў, зараз нага баліць толькі перад зменай надвор’я.

З-за такога ранення Зіновій Каланчук быў камісаваны, але служыў у арміі да 1946. Далей была жаніцьба, разам з жонкай Таісіяй яны пражылі 46 гадоў. Нарадзілі траіх дзяцей: дачок Валянціну, Ніну і сына Аляксандра. Большую частку жыцця ён працаваў брыгадзірам на знакамітай лыжнай фабрыцы. Напрыканцы сустрэчы ў зале ветэран прызнаўся: пражыў столькі дзякуючы каханай Таісіі, яе няма ўжо сем гадоў, а Зіновій Мікалаевіч па-ранейшаму прытрымліваецца рэжыму і правільнага харчавання. Так яго прывучыла жонка.

Добрыя дзеці, годныя людзі выраслі ў сям’і Каланчукоў, гэта стала ясна, калі слова ўзяла прысутная дачка Ніна:

– Я жыву аж у Гомельскай вобласці, але тут бываю штомесяц. Канечне, тата не хоча ехаць ні да мяне, ні да брата. Нам дапамагаюць людзі: сацработнікі, нашы залатыя суседзі, аднавяскоўцы, кіраўніцтва – Аксана Іванаўна заўсёды знаходзіць час. Тату сёння павіншаваў нават старшыня райвыканкама, а мы ўсе разумеем, колькі спраў у галоўнага чалавека раёна. Я сёння дзякую шчыра ўсім вам, хто прыйшоў, і работнікам культуры за такую ўвагу і павагу да майго таты. У нас было шчаслівае дзяцінства, усе мы выраслі годнымі людзьмі, маем заслугі на рабоце, у жыцці і ганарымся нашым татам.

Зіновій Мікалаевіч шпарка выйшаў з будынка цэнтра культуры і вольнага часу нават з ахапкам кветак – іх было шмат. І многія даваліся дзіву, як можна так добра выглядаць і так трымацца ў 95. Кажуць, такую прыгажосць у старасці Бог дорыць толькі добрым людзям…

А мы жадаем Зіновію Мікалаевічу вярнуцца ў залу зноў, ужо на чарговы юбілей!

Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться