Усё гэта лічаць сваім абавязкам выратавальнікі, якія 25 ліпеня адзначаюць знакавую дату – 170-годдзе пажарнай службы Беларусі
Гісторыя пажарнай службы краіны пішацца з 1853 года, калі ў Мінску быў зацверджаны склад гарадской пажарнай каманды. На тэрыторыі нашага раёна пажарныя з’явіліся значна пазней. А Івацэвіцкі гарнізон і першая афіцыйная пажарная каманда раёна створаны ў 1946 годзе. На яе ўзбраенні быў конь, падвода і ручная помпа. Не тое, што зараз: Івацэвіцкі РАНС аснашчаны ўсім неабходным для хуткага і эфектыўнага рэагавання ў выпадку надзвычайных сітуацый.
Больш за 100 выратавальнікаў гатовыя прыйсці на дапамогу жыхарам нашага раёна і рэгулярна робяць гэта. Адзін з іх – прапаршчык Андрэй Міхаленя, старшы інструктар-выратавальнік пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 г. Івацэвічы (на здымку другі справа). Толькі за апошнія 7-8 месяцаў ён выратаваў на пажарах і не толькі пяць чалавек. А за 14 гадоў службы ў РАНС выратаваных было яшчэ больш. Колькі – Андрэй не падлічваў, галоўнае не колькасць, а рэзультат: людзі засталіся ў жывых, і гэта заслуга ўсіх, на чыю змену выпалі тыя пажары, падкрэслівае суразмоўца. Па адукацыі Андрэй тэхнік-механік, вучыўся ў пінскім каледжы. Але захацелася хлопцу стаць выратавальнікам – і ён стаў ім адразу пасля службы ў арміі. Аднак спачатку прайшоў навучанне, падрыхтоўку ў Брэсце.
– Што неабходна, каб быць выратавальнікам?– пытаюся.
– Належная фізічная форма і моцнае жаданне працаваць, – адказвае ён. – Я пастаянна вучыўся ў
больш вопытных калег і ўдзячны ім за падтрымку. Быў проста пажарным, затым старшым пажарным – ішоў па прыступках. Цяпер і сам вучу моладзь, гэта мой службовы абавязак.
Надзвычайныя сітуацыі здараюцца не ў кожную змену, але пажарныя не бавяць час у чаканні выкліку, працуюць згодна з распарадкам дня: заняткі, спорт-гадзіна і іншае. Пры гэтым гатовым да любога здарэння трэба быць заўсёды: на пажар збіраюцца секунд 40! І далей трэба арыентавацца хутка.
Спытала і пра выпадкі, калі давялося ратаваць людзей. Адносна нядаўна ў Івацэвічах на вул. Савецкай пад раніцу гарэў дом. Пажарныя прыехалі на месца і даведаліся, што ў ім – людзі, адзін з іх інвалід. Ацанілі абстаноўку, наколькі абгрунтаваная рызыка, і вырашылі зайсці ўнутр (тое не заўсёды магчыма з-за высокай тэмпературы, нягледзячы на наяўнасць баявога спецадзення і маскі). У той раз Андрэй Міхаленя, які выконваў абавязкі начальніка дзяжурнай змены, вынес з задымленага памяшкання ўсіх траіх чалавек. Пацярпелых перадалі медыкам. Гэтак жа, толькі праз акно вынес ён і пенсіянерку з Халап’і – заложніцу хаты, дах якой на момант прыезду пажарных ужо цалкам абхапіла полымя. Нядаўна Андрэй разам з напарнікамі выратаваў і вадзіцеля аўтобуса – яго літаральна прыціснула транспартным сродкам падчас рамонту. Аўтобус паднялі з дапамогай пнеўмападушак, мужчыну дасталі і таксама перадалі медыкам. На вуліцы Паштовай у закінуты дом пранік чалавек і ўчыніў пажар, прыйшлося яго ратаваць. І такіх прыкладаў нямала.
Радасна на душы, калі ўсё атрымліваецца. Андрэй ні на хвіліну не пашкадаваў, што выбраў небяспечную прафесію. Быць выратавальнікам – пачэсна, гэта высакародная справа, адчуваеш людскую ўдзячнасць, застаешся чулым, выпрабоўваеш сябе, падтрымліваеш фізічную форму. У гэтай прафесіі ёсць нямала плюсаў. Андрэй задаволены ўмовамі працы і сваёй зменай – у ёй восем чалавек. Кажа, усе яны – надзейныя, а гэта самае галоўнае – калі ў надзвычайнай сітуацыі ёсць на каго разлічваць.
Інтэрв’ю з нагоды
На пытанні журналіста «ІВ» адказвае начальнік Івацэвіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Новік.
– Сяргей Мікалаевіч, ці абнаўлялася апошнім часам матэрыяльна-тэхнічная база аддзела?
– Абнаўлялася. Нядаўна атрымалі аўтацыстэрну-пяцітоннік для Івацэвіцкага падраздзялення і чакаем пастаўкі аналагічнай адзінкі тэхнікі. Задаволеныя атрыманай цыстэрнай: сучасная, многае ў ёй зроблена з пластыку, каб машына не ржавела, і яна перавозіць аб’ём вады, які дазваляе аператыўна вырашаць ускладзеныя на нас функцыі і задачы. Некалькі гадоў таму атрымалі пажарную лесвіцу, вышыня якой дазваляе тушыць пажары і на дзявятым паверсе.
У рамках гэтага пытання зазначу: трэба аддаць належнае самаму каштоўнаму, што маем, – людзям. Большасць работ па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, як па рамонце тэхнікі, так і па рамонце будынкаў, памяшканняў пажарных дэпо, выконваюцца рукамі работнікаў аддзела. Разумеем, што робім для сябе: усё ж на працы праходзіць трэць жыцця. Вось такі ў нас падыход.
– База ўмацоўваецца, а ці расце якасна і колькасна асабовы склад, а, можа, наадварот, ён памяншаецца?
– Мы ні ў якім разе на ставім перад сабой мэты колькасна памяншаць асабовы склад. У штаце на сёння – 104 чалавекі. Падраздзяленняў сем: у Івацэвічах, Косаве, Целяханах, Быцені, Вульцы-Аброўскай, Дабромыслі і Аброве. З пастоў, што ў сельскай мясцовасці, на пажар прыязджае вадзіцель і выратавальнік – два чалавекі. Правесці работы па тушэнні пажару і другія аварыйна-выратавальныя работы, ды так, каб яны адпавядалі ўсім патрабаванням бяспекі, удвух вельмі складана, і тым не менш яны гэта робяць.
Што тычыцца якасці падрыхтоўкі кадраў, то яна адназначна ўзрасла. Калі ўспомніць падрыхтоўку 10-15-гадовай даўнасці, вучоба простага пажарнага доўжылася каля месяца. На сёння этап падрыхтоўкі, навучання пажарнага і практыкі па месцы работы даходзіць да шасці месяцаў. Стаць пажарным сёння можна з любой адукацыяй, калі не падводзіць здароўе. Мы адкрытыя для ўсіх жадаючых і гатовы прымаць маладых людзей, здольных па сваіх фізічных і маральна-валявых якасцях выконваць абавязкі выратавальніка-пажарнага. Калектыў абнаўляецца. Сёлета дасягнуць пенсійнага ўзросту некалькі нашых заслужаных работнікаў, вакансіі ёсць і будуць з’яўляцца. А афіцэраў рыхтуе адзіная ў краіне ВНУ – універсітэт грамадзянскай абароны. Стаць яго студэнтам няпроста: паступленню папярэднічае сур’ёзная ўрачэбная камісія, ды і конкурс высокі. Але спрабаваць трэба, калі гэта мара юнака ці дзяўчыны.
– Дык аптымізацыя ў апошнія гады аддзел амаль не закранула?
– Толькі ў частцы скасавання аднаго пажарнага паста. Мы аптымізавалі пост № 13, які дыслацыраваўся ў аг. Горталь, але адначасова ўзбуйнілі Целяханскі пост – там дадалося работнікаў і тэхнікі. Машыны ў Целяханах сучасныя, больш шустрыя, заўважалі, што ў вёску Краі аўтацыстэрна з Целяхан даязджала так жа хутка, як і выратавальнікі з Горталя. Уважліва прааналізаваўшы сітуацыю, прыйшлі да такога рашэння і з праблемнымі момантамі, напружанасцю з боку насельніцтва за два гады не сутыкаліся. У Целяханах – дабротны будынак пажарнага дэпо, ён не павінен пуставаць. Цяпер у выпадку пажару адтуль выязджаюць дзве аўтацыстэрны і 5-6 выратавальнікаў – у залежнасці ад змены.
Зараз разглядаецца пытанне аб перадыслакацыі паста № 12, што ў Вульцы-Аброўскай, у будынак пажарнага дэпо ААТ «Івацэвічдрэў» (вул. Загарадная). Справа ў тым, што Івацэвічы раздзелены на дзве часткі чыгункай, і могуць узнікнуць праблемы, калі нешта здарыцца ў прамысловай зоне, а пераезды будуць закрытыя. У сувязі з гэтым можа быць прынята рашэнне аб перадыслакацыі. Зараз ідзе аналіз сітуацыі з пажарамі ў раёне выезду выратавальнікаў паста № 12, таго, як мы будзем дабірацца ў Вульку-Аброўскую, Хадакі, Жытлін.
– Выратавальнікі шмат увагі надаюць прафілактыцы і прапагандзе здаровага і бяспечнага ладу жыцця. Ці бачыце Вы рэальны эфект ад гэтай работы?
– Эфект адназначна ёсць. Пажараў стала менш. На працягу доўгага часу ў Івацэвіцкім раёне колькасць пажараў у год перасягала за сотню, але мы плаўна прыйшлі да таго, што ў мінулым годзе іх здарылася толькі 53. Прыкладна да 2010 года вельмі насцярожвала колькасць дзяцей, якія гінулі ў тым ліку на пажарах па ўсёй краіне. Задумаліся, як прадухіліць трагічныя выпадкі. І зараз толькі ў Брэсцкай вобласці функцыянуе тры цэнтры бяспекі, у якіх дарослыя і дзеці вывучаюць правілы бяспечных паводзін у побыце. За час існавання цэнтраў там прайшлі навучанне каля 48 тысяч чалавек. У тым ліку і гэта дазволіла скараціць літаральна да нуля гібель дзяцей на пажарах (быў год, калі ні адно дзіця ў вобласці ў агні не загінула). А асноўная прычына гібелі дарослых на пажарах – курэнне ў памяшканні ў стане алкагольнага ап’янення: так у раёне, у вобласці, у рэспубліцы. Выпіў, пакурыў, заснуў – класічная схема.
– Якія задачы Вы ставіце сёння перад асабовым складам?
– Асноўнай задачай, як і раней, застаецца папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый, а таксама гібелі людзей ад іх. Захаваць жыццё і здароўе людзей, маёмасць грамадзян – гэта нязменны абавязак. З галавой будзем паглыбляцца ў тэму выратавання людзей на вадзе для выпрацоўкі мер па прадухіленні няшчасных выпадкаў. Практыка паказвае, што людзі гінуць у месцах, забароненых для купання. Настаў час для нават агрэсіўнай прапаганды, для паўнацэннай і эфектыўнай забароны купання ў такіх вадаёмах. У прафілактыцы падыходы застаюцца ранейшымі: асаблівая ўвага – сацыяльна ўразлівай катэгорыі грамадзян і тым, хто злоўжывае алкаголем. Працуем у гэтым кірунку ў цеснай сувязі з сацыяльнай службай, з РАУС, аддзелам па адукацыі райвыканкама і іншымі зацікаўленымі.
– А што пажадаеце калегам у сувязі з прафесійным святам?
– Паважаныя калегі, ветэраны пажарнай службы Івацэвіччыны! Гісторыя пажарнай справы раёна ведае мноства прыкладаў адвагі і самаадданасці. Сёння работнікі аддзела годна прадаўжаюць слаўныя традыцыі, закладзеныя ветэранамі. Упэўнены, што разам мы і далей зможам эфектыўна выконваць ускладзеныя на нас задачы і апраўдваць аказаны давер і прызнанне нашых грамадзян. Дзякую вам за высокую кампетэнтнасць, добрасумленную службу і неабыякавасць да чужой бяды. Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, бадзёрасці і аптымізму. Са святам, сябры!
«Сапраўдны выратавальнік далёкі ад абыякавасці»
Міхаіл Несцеравіч Кавальчук працаваў у пажарнай службе раёна 27 гадоў, доўгі час быў начальнікам спачатку атрада ваенізаванай пажарнай службы, потым раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, створанага ў 2000 годзе. Прайшоў шлях ад інспектара дзяржаўнага пажарнага нагляду да кіраўніка. Гэта якраз былі гады станаўлення службы, калі ўтварылася Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і пажарных вывелі са складу МУС. Час, калі ўмацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база часцей у Івацэвічах, Косаве і Целяханах (у пасёлку, дарэчы, быў пабудаваны дабротны будынак пажарнага дэпо, за што Міхаіл Несцеравіч шчыра
ўдзячны былому дырэктару Целяханскага ЗСВ С. А. Віктаровічу), вялася рэканструкцыя вясковых дэпо, паступала новая тэхніка. У выніку ўсіх пераўтварэнняў Івацэвіцкі РАНС выйшаў на лідзіруючыя пазіцыі ў рэспубліцы, за што неаднаразова быў адзначаны ўзнагародамі і нават першым у краіне атрымаў аўтамабіль хуткага рэагавання.
Міхаіл Несцеравіч як старажыл расказаў, як змагаліся з пажарамі ў 50-я гг. у вёсках раёна – захаваліся дзіцячыя ўспаміны. Некалі ў гошчаўскую хату, дзе жыла сям’я Кавальчукоў, зайшоў мужчына і перадаў гаспадару шост з таблічкай, а на ёй надпіс – «Варта». Бацька пасля растлумачыў, што гэта значыць. Ён будзе хадзіць ноччу па вуліцах і вартаваць. Калі раптам заўважыць пажар – своечасова заб’е трывогу і людзі збягуцца, каб яго патушыць. Вяскоўцы неслі такую варту па чарзе. Таксама ў Гошчаве некалі існавала дабравольная пажарная каманда, якая мела ручную мотапомпу, што набылі ў 1927 годзе за сабраныя вяскоўцамі грошы. Тая помпа і цяпер стаіць на п’едэстале каля Івацэвіцкай пажарнай часці. Дарэчы, а ці ведалі вы, што ў Івацэвічах драўлянае пажарнае дэпо было на тым месцы, дзе сёння месціцца фантан? Пажарныя пераехалі ў новы будынак па вул. Камуністычнай у 1972 г. У 1999 г. выратавальнікі атрымалі адразу 9 кватэр у Івацэвічах, што гаворыць пра клопат кіраўніцтва аб работніках.
Міхаілу Несцеравічу давялося не толькі кіраваць, але і самому тушыць пажары. Пытаюся: «Страшна?» «Прывыкаеш да ўсяго, які там ужо страх можа быць», – адказвае суразмоўца. І адразу згадвае самыя складаныя пажары за яго кар’еру, якія патрабавалі ўдзелу ў тушэнні ці не ўсяго асабовага складу. Неяк гарэў лесапільны цэх ААТ «Івацэвічдрэў». У івацэвіцкіх пажарных на той час яшчэ не было на ўзбраенні апаратаў для абароны органаў дыхання, і ў тушэнні дапамагалі калегі з Баранавічаў, у іх апараты былі. Сур’ёзны пажар, з вялікімі аб’ёмамі, здарыўся ў цэху мяккай мэблі папраўчай калоніі, а там – асуджаныя. Яшчэ адзін – у складах былога ўпраўлення механізацыі, дзе захоўвалася бітумна-кукерсольная масціка – яна прыраўноўвалася да рэчываў, якія лёгка ўспыхваюць, да гаручых вадкасцей. Была небяспека ўзрыву. Не патушы своечасова той пажар, ільнозавод, ПМК-11, лясгас – усе б маглі пацярпець. Выратавальнікі, якія прыбылі на месца здарэння першымі і прынялі правільныя рашэнні для ліквідацыі пажару, былі ўзнагароджаны медалямі «За адвагу на пажары» (А. М. Бабарыцкі, А. Ф. Невяроўскі, Н. І. Горбач). Турбавалі пажары тарфяныя, лясныя. У раёне Прыбарава быў верхавы пажар на вялікай плошчы, гарэлі больш за 100 га. Пад пагрозай былі населеныя пункты, лініі электраперадач. Было такое, што гарэлі і кароўнікі, і цялятнікі… Гінулі на пажарах людзі, аднак часта людзей і ратавалі. Быў выпадак, калі адначасова здарыліся тры пажары ў зоне выезду Івацэвіцкай пажарнай часці. Выратавальнік на адным з тых пажараў вынес з агню дваіх людзей.
Згадваецца, нібы гэта было ўчора. Напэўна, таму што былых выратавальнікаў не бывае.
– Быць пажарным у мяне ў крыві, хоць цяпер я і пенсіянер. І абыякавасці не можа быць ніколі ў сапраўднага выратавальніка, а я веру, што ўсе рабяты ў РАНС менавіта такія. Яны і абароняць, і папярэдзяць, калі бачаць, што можа здарыцца бяда, заўсёды верныя свайму доўгу. Таксама вельмі ўдзячны сваім былым калегам за наша ўзаемаразуменне. І калі гавару пра зробленае, не ўжываю займеннік «я», а гаварыў і гавару «мы»: мы былі аднадумцамі, мы былі харошай камандай, дзякую ўсім. Са святам! – сказаў напрыканцы размовы Міхаіл Несцеравіч.
І на такіх выдатных яго словах хочацца завяршыць гэты артыкул. Мы далучаемся да віншаванняў у адрас нашых пажарных: дзякуем за нераўнадушша і рызыку, няхай усе надзвычайныя сітуацыі ліквідуюцца, змены праходзяць больш-менш спакойна і ваша прафесія-прызванне дорыць станоўчыя эмоцыі.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота аўтара і Валерыя МІСКЕВІЧА.