За гэты час убачылі свет 10 474 яе нумары. Розныя па аб’ёме, афармленні, змесце, але такія чаканыя ў дамах нашых падпісчыкаў. Да раёнкі ставяцца як да старога знаёмага, якому можна выказаць усё, і ён не затоіць крыўду. Артыкулы выразаюць і захоўваюць, каб засталася памяць дзецям і ўнукам, паказаць блізкім ці сябрам, якія жывуць далёка адсюль.
Працягвае традыцыі папярэднікаў сучасны калектыў рэдакцыі, які імкнецца, каб газета заставалася эрудзіраваным суразмоўцам, мудрым дарадцам, шчырым сябрам. Сучасны рытм жыцця прымушае падпарадкоўвацца запытам часу, ісці ў нагу разам з падзеямі, а іншы раз і апярэджваць іх. Аднак чым больш дарослай становіцца наша раёнка, тым маладзей павінна яна выглядаць, лічым мы. Таму афармленню газетных палос і дызайну – асаблівая ўвага. Адметны каларыт надае каляровы друк, на які ў гэтым годзе перайшла газета. Усё гэта дзеля нашых падпісчыкаў, якіх амаль шэсць тысяч. Спадзяёмся, запатрабаванасць газеты будзе расці і сярод прадстаўнікоў новага пакалення.
У віртуальнай прасторы раённымі навінамі цікавяцца больш за 30 тысяч падпісчыкаў кожны дзень. І там мы імкнёмся здзіўляць, радаваць, дапамагаць вырашаць праблемы нашых падпісчыкаў і быць карыснымі. Дзякуем вам, нашы падпісчыкі, за зваротную сувязь, якая яшчэ раз нагадвае нам, што мы сваю работу выконваем дзеля вас і не дарма.
А творчы курс «ІВ» захаваецца нязменным: будзем адлюстроўваць сучасныя падзеі і даўно мінулых гадоў, дзяліцца навінамі, расказваць пра дасягненні, святочныя даты, пра людзей, якія праслаўляюць працай Івацэвіччыну.
Усіх работнікаў рэдакцыі, былых супрацоўнікаў раённай газеты «Івацэвіцкі веснік», няштатных карэспандэнтаў, сяброў раёнкі, пастаянных падпісчыкаў і чытачоў – з днём нараджэння любімай раёнкі! Усім моцнага здароўя, дабрабыту, добрага настрою і даўгалецця. Няхай ва ўсіх усё атрымліваецца!
Рэдакцыя «ІВ».