Першыя нумары раёнкі пад назвай «Чырвоная звязда» выйшлі ў верасні 1939 года. Калі першы нумар з’явіўся ў людзей, то яны здзіўляліся раёнцы на беларускай мове, што ўсё проста і даступна для разумення простым людзям. З мясцовымі ўладамі ў газетчыкаў было поўнае ўзаемаразуменне. Жыццё бурліла, і журналісты заўсёды былі ў цэнтры падзей.
З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны рэдакцыя спыніла сваю дзейнасць і адкрылася ў 1944 годзе. Газета працягнула выконваць свае галоўныя функцыі: інфармавання і агітавання. «Чырвоную звязду» ўзначальвалі Васілій Курзаў, Аляксандр Рудой, Іван Каваленка.
Пасля памятнага XX з’езда партыі раённая газета мяняе сваю назву і прыходзіць да чытача ўжо як «Зара камунізма». Шмат гадоў раёнцы аддаў Мікалай Банасевіч, наш зямляк, удзельнік Вялікай Айчыннай, намеснік рэдактара.
У 1965 годзе раённая газета прыходзіла ў дамы і кватэры жыхароў пад назвай «Кастрычнік». Рэдактарам «Кастрычніка» з 1965 па 1983 г. быў Феафан Хаванскі, талковы кіраўнік, граматны журналіст, ён меў непахісны аўтарытэт у раёне. Пасля рэдактарамі «Кастрычніка» былі Мікалай Васілевіч, Анатоль Разановіч.
У 1987 годзе рэдактарам раённай газеты становіцца Рыгор Радзюк. Зноў з-за палітычных падзей у краіне раёнка мяняе назву – у 1991 годзе «Кастрычнік» саступае месца «Івацэвіцкаму весніку». На пасадзе галоўнага рэдактара Рыгор Радзюк быў больш за 25 гадоў. Вельмі складаны перыяд выпаў на час яго кіраўніцтва, але ён не губляўся, непахісна ішоў па аднойчы абраным шляху: раёнка павінна стварацца для людзей, для чытачоў, будучы адначасова прапагандыстам сапраўдных маральных каштоўнасцей і дзяржаўнай ідэалогіі. У раённай газеты з’явіўся будынак і, што важна, газета стала самаакупнай. У 2013 годзе трагічная смерць спыніла яго працоўную дзейнасць.
У тым жа годзе ўпершыню ў гісторыі нашай раёнкі рэдактарам стала жанчына – Аляксандра Джэжора. Яна працягнула справу свайго настаўніка Рыгора Радзюка і кіравала рэдакцыяй на працягу сямі гадоў, да 2020 года. За гэты перыяд значна аднавіўся будынак рэдакцыі і матэрыяльна-тэхнічная база – з’явілася сучасная фотатэхніка і новы аўтамабіль. Перамены прынесла і ўсебаковая лічбавізацыя. Развіццё сучасных тэхналогій патрабавала трансфармацыі. У 2015 годзе ў «ІВ» з’явіліся афіцыйныя групы ў сацыяльных сетках «Укантакце», «Аднакласнікі», «Твітар», «Фэйсбук», а ў 2016 годзе – Інстаграм. Мадэрнізаваўся двойчы і сайт. Анлайн-аўдыторыя на той час складала больш за 9000 чалавек. За гэты перыяд калектыў раённай газеты быў узнагарожданы 16 дыпломамі рознай ступені, у тым ліку і за аўтарскія праекты ў газеце.
З 2020 года рэдактар раённай газеты – Таццяна Дылюк. Мы працягваем выходзіць два разы на тыдзень для нашых чытачоў, але час не стаіць на месцы, і лічбавізацыя яшчэ больш ахапіла СМІ. У раённай газеты з’явіўся свой канал мэсанджара Тэлеграм, цяпер нас можна знайсці і ў папулярным «Тик-токе». А анлайн-аўдыторыя зараз – гэта амаль 25 тысяч чалавек. Наш акаўнт у Інстаграме мае свой індывідуальны стыль – і ўсе мерапрыемствы і падзеі, якія адбываюцца ў раёне, нашы падпісчыкі могуць «наведаць» разам з намі – праз сторыс і посты, а пасля пачытаць пра іх у газеце. Таксама з’явіўся свой лагатып для сацсетак і інфармацыйны канал IVATSEVICHY.BY. Сайт, сацсеткі і мэсанджары пачалі прыносіць нам прыбытак.
Але мы не спыняемся на дасягнутым, у нас шмат планаў і ідэй, якія хочацца рэалізаваць.
У дзень нашага нараджэння ў першую чаргу дзякуем вам, нашы чытачы і падпісчыкі, за тое, што мы разам, мы адна вялікая сям’я. Жадаем усім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, шчасця і здзяйснення мараў!
А калектыў «ІВ» і далей будзе дзяліцца з вамі самымі актуальнымі і цікавымі навінамі.
Рэдакцыя «ІВ».