Вопыт і шчырасць у працы вызначаюць Людмілу Корзан, слесара трэцяга разраду механазборачных работ Івацэвіцкага філіяла ААТ «Экран», чыё імя і прозвішча летась занесена на раённую Дошку гонару па выніках раённага спаборніцтва.

Як пісаў Янка Брыль, «у кожнага з людзей свае даліны і ўзгоркі, свая хада па іх, а неба, зорнае неба – адно…» У сціплай і стараннай Людмілы Корзан, якая каля 35 гадоў шчыруе ў самым што ні ёсць мужчынскім механічным цэху, маючы штодзень справу з металам, так склаўся лёс, што яна зорак з неба не хапала, жыве сумленна, працуе аддана, але ўсе гады марыць жанчына аб зорным вясковым небе.

Так, з металам яна на «ты». І за гады працы яна магла б з заплюшчанымі вачамі штампаваць дэталі і навобмацак вызначаць іх дакладнасць. А яна сціпла кажа так: «Усе мы з гадамі сваю работу можам выконваць віртуозна, праўда ж?» Рукі Людмілы Корзан умеюць гнуць, рэзаць і свідраваць метал. Але ніякая яна не «жалезная лэдзі», хутчэй наадварот, простая, працавітая жанчына з мяккім сэрцам. Людміла Сцяпанаўна вельмі хвалявалася перад сустрэчай з журналістамі. Здавалася б, такая мужчынская работа загартоўвае характар, а яна так і засталася той простай жанчынай, улюбёнай у вясковыя краявіды, якая жыве марай вярнуцца ў вёску, дзе яна адчувае сябе па-сапраўднаму шчаслівай, дзе цяжкая сялянская праца толькі ў асалоду.

Расла яна ў шматдзетнай сям’і ў в. Краі. У бацькоў іх было шасцёра. Іншыя дзеці рваліся ў горад, а Людміла адчувала сябе бы рыба ў вадзе толькі ў вёсцы. Пайшла яна вучыцца пасля школы ў Пінскі саўгас-тэхнікум на заатэхніка, і пасля заканчэння яе накіравалі на работу ў калгас «Рас-
свет» (цяпер ААТ «Горталь»).

– Каб Вы ведалі, як мне падабалася працаваць заатэхнікам. Я была такая шчаслівая!.. – з замілаваннем расказвае жанчына, быццам гэта было толькі ўчора. – Я і цяпер сумую па вёсцы. Там чыстае паветра, сонца, здароўе…

– Дык чаму не засталіся ў вёсцы? – цікаўлюся.

– На той час мая старэйшая сястра выйшла замуж, нарадзіла дзіця, а месца ў садку не давалі. Вось бацькі і сказалі, каб я ехала з сястрою, уладкоўвалася на прадпрыемства і папрасіла, каб у нас змены не супадалі. Воля бацькоў была для нас усіх тады закон, ды і сястру было шкада… Мой першы рабочы дзень быў, як цяпер памятаю, панядзелак, 26 верасня 1988 года…Так мы і гадавалі яе дзіця, мяняючыся па зменах, – уздыхае жанчына.

Вядома, Людміла думала, што Івацэвічы – гэта часова, але па волі лёсу тут, на прадпрыемстве, яна сустрэла сваю палавінку – Віктара.

Яны жылі амаль у суседніх пакоях у адным інтэрнаце. Яна ў 202-м, ён – у 205-м пакоі. Бачыліся на танцах, у той час вечары адпачынку ладзіліся рэгулярна, бо моладзі працавала на прадпрыемстве многа, але маладыя людзі асабіста не былі знаёмыя адзін з адным. На Віктара яна не заглядвалася, бо ён працаваў у цэху, дзе ўсе інжынеры, а яна ў механічным цэху была простая рабочая.

Шчасліваму іх знаёмству паспрыяў па праўдзе сумны выпадак. Людміла вярнулася ў той дзень са Святой Волі з пахавання дзядзькі, які раптоўна памёр, і ішла заплаканая, а Віктар крочыў ёй насустрач. Убачыў, што дзяўчына ўся ў слязах, запыніў, распытаў, што з ёю, і паспрабаваў суцешыць. Магчыма, той факт, што ён ведаў яе дзядзьку, бо сам родам з Вялікай Гаці, выклікаў прыхільнасць да дзяўчыны, а мо яе слёзы ўзрушылі да глыбіні сэрца сціплага хлопца, які адчуў у ёй родную спагадную душу. Людміла як даведалася, што хлопец родам з яе стараны, на шчырае запрашэнне прыйсці і пагаварыць адгукнулася. Так яны сталі сустракацца, і праз год, у 1993 годзе, згулялі вяселле. Яны абодва былі прывычныя да працы, па характары – мяккія, проста дзве палавінкі. І хоць яшчэ два гады пасля вяселля маладыя жылі ў розных пакоях у інтэрнаце, яна – з дзяўчатамі, ён – з хлопцамі, Корзаны былі шчаслівыя. Яны не скардзіліся на такія «цяжкасці», а маладосць і вясковая загартоўка не выбівалі іх са шчаслівай каляі. У хуткім часе, як сталі бацькамі, атрымалі ад прадпрыемства кватэру, у якой жывуць і цяпер.

Год назад Людміла Сцяпанаўна стала пенсіянеркай, але вопытныя работнікі запатрабаваны на прадпрыемстве. Кантракт ёй прадоўжылі, і яна працягвае заставацца ў лідарах, за дзень можа і паўтары нормы даць. Тут, у механічным цэху, жанчына робіць загатоўкі дэталяў для электрарухавікоў, якія ідуць у зборачны цэх, а потым пастаўляюцца на вядучыя прадпрыемствы краіны, такія, як МАЗ, БелАЗ, Мінскі аўтатрактарны завод, Гомсельмаш, так і расійскі КамАЗ і іншыя заводы. Каб саму загатоўку давесці да толку і яна прайшла тэхнічны кантроль, трэба ўмець працаваць на 5-6 станках, як такарных, так і слясарных, шліфавальных і іншых. І для кожнай аперацыі трэба ўмець станок настроіць. Мужчынская праца? Мужчынская што ні на ёсць, а жанчына, калі майстра ці наладчыка няма пад рукой, усё гэта ўмее і здужае зрабіць. Пасля станка-амывацеля на стале дэталі зноў шліфуюцца, калі засталіся якія завусеніцы ці іншыя агрэхі. І толькі тады, калі якасць дасягаецца належная, дэталі складваюцца ў скрыні і перадаюцца ў АТК, а адтуль на зборку.

Метал – штука цяжкая. З ім працаваць – трэба сіла ў руках. Узяць хаця б скрыначку з гатовымі дэталямі, здаецца, маленькая па велічыні, а па вазе – жылы нацягваюцца ад напружання, каб падняць.

Людміла Корзан з задавальненнем адзначае, што калектыў склаўся харошы. Яна пачынала працаваць пад кіраўніцтвам майстра Мікалая Пашкевіча, цяпер працуе поруч з майстрам Васіліем Фядосікам. І жанчыны, якія працуюць у гэтым цэху, у большасці вопытныя, са станкамі на «ты», могуць замяніць адна адну, калі ўзнікае такая патрэба. Вось і ў дзень нашай сустрэчы з Людмілай Сцяпанаўнай яна выйшла працаваць не ў сваю змену па вытворчай неабходнасці.

Начальнік механічнага цэха Валерый Грынчык адзначыў, што якасць – гэта адметная рыса цэха. Ніводная дэталь не можа трапіць на зборку без тэхнічнага кантролю. У працэсе вырабу кожная кантралюецца работнікам. «Вось узяць гэтую гатовую пласцінку, – паказвае нам Валерый Міхайлавіч сапраўды маленькую дэталь. – Спачатку для яе вырабу трэба метал нарубіць, потым прабіць адтуліны рознай велічыні, потым яна гнецца на адпаведных станках. Затым апрацоўваецца і ідзе на пакрыццё, а тады ўжо пасля АТК трапляе ў цэх на зборку. Усё кантралюецца. Якасць надзейная. Усе дэталі ідуць на зборку шырокага спектра электрарухавікоў: ад ДП-29 да ДП-63, ДП-70-130, ДПР, ДПРЗ і іншых электрарухавікоў калектарнага і калектарнага рэверсіўнага тыпу. Пастаянна асвойваем новыя віды прадукцыі, спектр пашыраецца. Была зроблена два месяцы назад вопытная партыя электрарухавікоў ДПРЗ-70-200. Яна прайшла абкатку, сертыфікацыю і па якасці задаволіла расійскага заказчыка. На наступны месяц у нас ёсць заказ на такія электрарухавікі. Абсталяванне ў цэху абнаўляецца і падтрымліваецца ў рабочым стане, для гэтага ёсць рамонтная база. Да прыкладу, у мінулым месяцы мы атрымалі два новыя прэсы. Яны настольныя, але заменяць стацыянарныя прэсы, што вышэй росту чалавека. Зараз ідзе падрыхтоўка да іх эксплуатацыі. Што тычыцца слесара Людмілы Сцяпанаўны Корзан, то словы пра яе толькі самыя найлепшыя. Яна адказны работнік, дысцыплінаваны. Калі заказ паступае тэрміновы і трэба ўкласціся ў тэрмін, то яе не трэба прасіць застацца папрацаваць пасля змены, яна сама застанецца і зробіць. Вопыт работы ў яе вялікі, якасць надзейная. Такіх работнікаў, як яна, мала».

Скажу па шчырасці, і людзей такіх мала, як Людміла Сцяпанаўна. Калі прадпрыемства перажывала цяжкія часы, яна з мужам, які працуе рэгуліроўшчыкам электроннай апаратуры ў цэху, дзе вырабляюцца статары для кампрэсараў «Атланта», не збеглі на іншую, больш даходную работу, а засталіся вернымі яму.

– Па ўсякаму выжывалі. Бацькі дапамагалі. Там садзілі многа палёў гародніны, гадавалі жывёлу і жылі, – расказвае Людміла Корзан. – Бывала, што не працавалі на заводзе, і мы ехалі працаваць у вёску. Нам падабалася.

У 2016 годзе сям’я атрымала ўчастак пад будаўніцтва дома. За сэканомленыя грошы каробку дома пабудавалі. Стараліся, каб не горш, чым у людзей. Гэтым часам сыны падраслі, старэйшы Васілій ажаніўся і цяпер сям’я ўсе сілы накіроўвае, каб дом дабудаваць для маладых.

– Я вельмі радая, што і маладыя стараюцца, што ў іх будзе свой куток. Залілі агульнымі намаганнямі падлогу, вокны ўставілі, перагародкі, нават туі купілі для ўчастка. Нявестка Елізавета вучыцца на медсястру, кожную капейку беражэ, бо ведае грашам цану, яе маці іх, дзвюх дачок, сама гадавала. Старэйшы сын Людмілы Сцяпанаўны працуе ваенным у ПК-22, малодшы Дзмітрый у рэкламна-афарміцельскім аддзеле Івацэвіцкага РКБА.

І адносіны ў сям’і Корзанаў выбудаваны ў класічным варыянце. Паміж бацькамі ўзаемапавага і згода, паміж дзецьмі – таксама. Віктар і Людміла паказалі і харошы прыклад дзецям у тым, што, як маглі, даглядалі сваіх бацькоў, хоць і век іх быў не такі і доўгі. «Мама Віктара моцна хварэла, ляжачая была апошнія чатыры гады, дажыла толькі да пенсіі. Бацька, які працаваў у мясцовай гаспадарцы шафёрам, толькі год пажыў пасля яе. Перажываў востра страту… У мяне маці памерла ў 59 гадоў. Ёй аднялі левую нагу, потым правую, месяц пажыла пасля гэтага і не стала… А тата за год да мамы памёр. Трактарыстам працаваў. Таксама перажываў многа. Вельмі харошыя былі людзі», – кажа Людміла Сцяпанаўна.

Прастата і дабрыня не ўсім зразумелыя якасці ў наш час. Але Корзанаў гэта не турбуе. Яны шануюць памяць пра сваю радзіму, захоўваючы рэцэпты простых вясковых страў. Так, сёння многа чаго можна знайсці ў інтэрнэце, але такой вясковай квашанай капусты, каўбасак, бліноў і пернікаў па рэцэптах мамы, не пападаецца. Імі ў сям’і даражаць і гатуюць з задавальненнем, прадаўжаючы марыць, што ўсё гэта можна будзе прыгатаваць ў вясковай печы, як у дзяцінстве. «Хочам у вёску, вельмі там прырода цудоўная, такая радасць, здароўе», – казала Людміла Сцяпанаўна і ёй верылася – па вёсцы тужыць яе душа.

Валянціна БОБРЫК. Фота Кацярыны КУПРЫЯНЧЫК.

Поделиться