На дварэ – сярэдзіна жніўня, у школах раёна заканчваецца падрыхтоўка да новага навучальнага года. Гэта важная справа, ва ўсіх установах адукацыі да яе ставяцца адказна. На працягу ўсяго лета там праводзіліся неабходныя работы, каб палепшыць, удасканаліць матэрыяльна-тэхнічную базу, падрыхтаваць як след кабінеты, харчовыя блокі, актавыя і спартыўныя залы і гэтак далей. Па словах начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама Святланы Патоцкай, з 1 верасня 2024 года ўсімі ўстановамі адукацыі будуць забяспечаны ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу.
У 2024/2025 навучальным годзе ў раёне будзе функцыянаваць 26 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, 26 дзіцячых садкоў, дзве ўстановы дадатковай адукацыі і іншыя. Ніводны садок ці школа сёлета не ліквідаваліся. Адукацыйны працэс забяспечаць 1 079 педагогаў. Па папярэдніх даных, з 1 верасня за парты сядуць 5 723 вучні, у тым ліку 503 першакласнікі. А дашкольную адукацыю будуць атрымліваць 1 730 выхаванцаў дзіцячых садкоў. Шмат чаго зроблена для іх камфорту.
З 1 верасня 2023 года, скарыстоўваючы вопыт рэспублікі ў рэалізацыі пілотнага праекта, пачаўся пераход школ Івацэвіцкага раёна на новыя прынцыпы арганізацыі школьнага харчавання, у меню ўключылі новыя стравы, пераабсталявалі харчовыя блокі (на першым этапе набыта абсталяванне на суму 278 715 руб.). Першапачаткова да ініцыятывы далучылі 13 школ (50 %), з 1 верасня 2024 года далучацца ўсе астатнія, бо праект даказаў сваю эфектыўнасць.
Традыцыйна ва ўстановах адукацыі летам – рамонт. У дзвюх гарадскіх школах – СШ № 1 і СШ № 4 – рамонт капітальны, на агульную суму больш за 1 млн руб. У 21 установе агульнай сярэдняй адукацыі – рамонт бягучы (планавыя асігнаванні склалі больш за 2,5 млн руб.). Начальнік аддзела па адукацыі адзначыла, што для бесперабойнай работы ўстаноў адукацыі ў 2024/2025 навучальным годзе праве-
дзены шэраг мерапрыемстваў па аварыйным рамонце ўнутранай сістэмы водазабеспячэння, кухоннага электраабсталявання, электраасвятлення і праводкі, праведзены гідраўлічная прамыўка трубаправодаў сістэмы ацяплення, бягучы рамонт унутраных сістэм водазабеспячэння, каналізацыі, ацяплення ў шэрагу школ.
Значны аб’ём работ па бягучым рамонце памяшканняў, інжынерных сістэм, добраўпарадкаванні тэрыторыі выконваецца ўстановамі адукацыі гаспадарчым спосабам і асабістымі сіламі, за кошт пазабюджэтных і спонсарскіх сродкаў. Аб’ём пазабюджэтных сродкаў, атрыманых за студзень-чэрвень, склаў 105 258,45 руб. (тэмп росту – 101,7 %).
114 492, 33 руб. – папячыцельскія і спонсарскія сродкі, што вышэй за ўзровень мінулага года (тэмп росту – 187,1 %).
Значную спонсарскую дапамогу ўстановам адукацыі аказалі ААТ «Івацэвічдрэў», «Святая Воля», «Мічурынск», «Новыя Стайкі», «Горталь», Целяханскі лясгас, ЦБП № 111 ААТ «АСБ Беларусбанк».
У першым паўгоддзі 2024 года рэалізаваны мерапрыемствы рэгіянальнага плана на 2021-2025 гг. па мадэрнізацыі і аснашчэнні сучасным абсталяваннем устаноў дашкольнай адукацыі. На рэалізацыю плана за шэсць месяцаў накіравалі 68 495,81 руб. У красавіку правялі працэдуру закупкі 30 адзінак надворнага гульнёвага абсталявання для 10 дзіцячых садкоў. Купілі і веранды – восем штук, зараз праводзіцца працэдура закупкі мэблі. Разам з тым праблема недастатковага аснашчэння пляцовак для гульняў у дзіцячых садках сучасным надворным гульнявым і спартыўным абсталяваннем не губляе актуальнасці, падкрэсліла Святлана Патоцкая.
Але вернемся да школ. Усе ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі абследаваны камісіяй, па рэзультатах яе візіту былі складзены акты аб стане ўстаноў, распрацаваны і ўзгоднены планы арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да новага навучальнага года і ўстараненні парушэнняў, пазначаных у актах. З 1 жніўня праводзіцца работа па ацэнцы гатоўнасці ўстаноў. Па стане на 12 жніўня 16 школ атрымалі пашпарты гатоўнасці. У сувязі з правядзеннем капітальнага рамонту СШ № 1 і СШ № 4 дазволена атрымаць пашпарты 20 жніўня.
Што ў школах?
У ДУА «Сярэдняя школа № 4 г. Івацэвічы ім. М. М. Мультана» адначасова праводзіцца і капітальны, і бягучы рамонты. Бягучы ў дзень нашага візіту падыходзіў да завяршэння, і зроблена было нямала. Па словах дырэктара Ігара Куіса, у школе замянілі 62 дзвярныя блокі, адрамантавалі 16 кабінетаў (перарабілі сцены – цяпер яны пазбаўлены ад папяровых шпалераў, у асобных паклалі лінолеум), харчовы блок і абедзенную залу (там паклалі плітку на сценах і падлозе, у сталоўцы – новыя свяцільнікі). Апошнія штрыхі – і можна брацца за ўстаноўку новага тэхналагічнага абсталявання для прыгатавання ежы, якое ўстанова атрымала для пераходу на новыя прынцыпы арганізацыі школьнага харчавання. Зрабілі рамонт у спартыўнай зале, замянілі там свяцільнікі. Падлога пакрытая лакам – прыгожа.
Па капітальным рамонце праводзіцца рамонт фасада (рамантуецца адзін з трох блокаў будынка) – ад уцяплення да фарбавання, а таксама будаўніцтва і абсталяванне баскетбольна-валейбольнай пляцоўкі, бегавой дарожкі. Падрадчык – УП «Івацэвіцкая ПМК-11». І дарожка, і пляцоўка амаль гатовыя (яны цяпер з удасканаленым пакрыццём) – засталося нанесці разметку і ўстанавіць абсталяванне: шчыты і стойкі. Побач са спартыўнай пляцоўкай плануецца зрабіць і пляцоўку для гульняў.
Школа і яе тэрыторыя прыгажэюць на вачах – дзякуючы дзяржаве, спонсарам, калектыву і будаўнікам. І гэта праўдзіва для кожнай навучальнай установы раёна. Канечне, грошы ніколі не лішнія, і калі б сродкаў выдаткоўвалася больш, ім хутка знайшлі б прымяненне: многае хочацца перарабіць ці дарабіць, удасканаліць. Аднак у агульным і цэлым нашы школы і садкі выглядаюць дастойна і гатовыя адчыніць свае дзверы для сваіх вучняў і выхаванцаў.
На мінулым тыдні пабывалі ў дзвюх школах раёна – гарадской і вясковай, каб на свае вочы ўбачыць, як вядзецца падрыхтоўка. У ДУА «Стайкаўская сярэдняя школа Івацэвіцкага раёна» праводзіўся бягучы рамонт пешаходных дарожак, тынкаваўся і фарбаваўся фасад з двух бакоў будынка, перакладвалася плітка ў варачным цэху харчаблока – работа кіпела, у школе працуюць будаўнікі прыватнай арганізацыі.
Плошча дарожак немалая – 434 м2, забетанаваны 2/3 ад запланаванага аб’ёму. Старыя дарожкі з пліткай, якая многае пабачыла (школа – 1964 года), мелі жаласны выгляд. Трэба было глядзець на ўсе вочы, каб не спатыкнуцца на іх, а цяпер – зусім другая справа.
Разам с дырэктарам Аксанай Байбак прайшліся па школьных кабінетах – усе яны былі гатовы прыняць вучняў. Сцены, падлога пафарбаваныя, мэбля адрамантавана і таксама пафарбавана. Тое самае ў абедзеннай зале. Не да канца гатовы харчовы блок, аднак фініш блізка (не так і лёгка было знайсці падрадчыка ў гарачую пару падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства, задзейнічаны ў рамонце плітачнік адначасова заняты на трох аб’ектах). дапамагаў будаўнікам і калектыў – трэба было насеяць пяску для раствору, якім залівалася сцяжка ў варачным цэху, і педагогі ўзяліся за рыдлёўкі. Для харчаблока закуплена новае абсталяванне: халадзільнік, электрапліта, машына для мыцця посуду, варачны кацёл. Напэўна, цяпер карміць тут будуць яшчэ смачней.
А яшчэ вакол школы гэтым летам часткова замянілі старую агароджу – 280 м. З гэтым дапамог спонсар – ААТ «Новыя Стайкі». Прадпрыемства сёлета выдзеліла школе 5,5 тыс. руб. – пахвальна. Акрамя бюджэтных сродкаў і дапамогі спонсараў, школа аказвала платныя паслугі, збірала другасную сыравіну – усе выручаныя грошы накіравалі на рамонт. І бацькі вучняў, і калектыў удзельнічаюць у падрыхтоўцы фінансава. Зразумела, што многія віды работ выкананыя сваімі сіламі. Усё для камфорту і бяспекі вучняў, якіх на гэты навучальны год набіраецца больш за 150.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА і Таццяны ДЫЛЮК.