Са святкавання дня нараджэння – на бальнічны ложак

Гэта гісторыя пра тое, як кампанія нападпітку пасля святкавання дня нараджэння сябра не знайшла цвярозага вадзіцеля і паверыла ва ўласныя сілы… Жаданне паехаць да сябровак было моцным, таму адзін мужчына з кампаніі быццам бы раптам працверазіўся і сеў за руль. А завяршылася ўсё «пацалункам» з дрэвам, цяжкімі траўмамі і, на жаль, бальнічным ложкам.
ДТЗ адбылося ў кастрычніку, гаспадар аўто пражывае ў Гродзенскай вобласці, аднак свой дзень нараджэння прыехаў святкаваць на малую радзіму ў вёску. Свята задалося, і нават днём пасля выпітага сам імяніннік заснуў, аднак напачатку перадаў ключы ад машыны сябрам. Трое мужчын вырашылі працягнуць свята ў жаночай кампаніі і кінуліся на пошукі цвярозага вадзіцеля. Ніхто з аднавяскоўцаў не рызыкнуў пайсці ў таксісты да такой вясёлай кампаніі, больш таго, усе ў адзін голас раілі мужчынам заставацца ў вёсцы…
Можа на сённяшні розум «героі» таго дня і прыслухаліся б да землякоў, аднак у той кастрычніцкі вечар яны адправіліся ў паездку. Вадзіцель у стане алкагольнага ап’янення ў адзін момант не справіўся з упраўленнем «Ford Mondeo» і, рухаючыся па аўтадарозе М1 «Мяжа Літоўскай Рэспублікі-Ліда-Слонім-Быцень» у напрамку ад аг. Даманава да аг. Быцень, на 180 км з’ехаў у кювет і сутыкнуўся з прыдарожным дрэвам. Двое пасажыраў аўто атрымалі цяжкія цялесныя пашкоджанні, небяспечныя для жыцця, пацярпеў і сам вадзіцель. Усе трое апынуліся ў райбальніцы, а машына ўжо не падлягае рамонту. Наўрад ці перспектыва сустрэцца нават з самай прыгожай і чароўнай сяброўкай каштуе такіх траўм…
На сённяшні дзень у адносінах да вадзіцеля ўзбуджана крымінальная справа па ч. 4 арт. 317 КК Рэспублікі Беларусь («Парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў»), абвінавачванаму пагражае пазбаўленне волі да 8 гадоў і пазбаўленне права займаць пэўныя пасады.
Аляксандр КАВАЛЕВІЧ, старшы следчы Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.