Новы 2025 год пройдзе пад знакам драўлянай змяі. Традыцыйна мы арыентуемся на знакі ўсходняга календара. Аднак сімвал новага года нясе сакральнае адлюстраванне і ў нашай культуры. Па павер’ях нашых продкаў, усе змеі валодаюць сілай і мудрасцю, але толькі вуж выкарыстоўвае сваю сілу на карысць людзям. Лічылася, што забіць вужыка – вялікі грэх, а забіць гадзюку – справа богаўгодная, бо за гэта адпускалася 12 грахоў. Яшчэ пару дзясяткаў гадоў таму ў вёсках часта казалі: «Не чапай вужыка, бо дрэнна будзе».
Адухатварэнне змей сыходзіць каранямі яшчэ ў паганскае мінулае. Археалагічная спадчына паказвае, што змеі неслі нейкі важны духоўны сэнс для нашых продкаў яшчэ на зары чалавецтва. Упрыгожванні ў выглядзе змей або змеепадобныя ўзоры на бранзалетах і посудзе – гэта не рэдкасць для нашых месцаў.
Адным з першых, хто пакінуў пісьмовы аповед пра сувязь нашых продкаў з гэтымі рэптыліямі, быў шведскі падарожнік Олаф Магнус. У сваіх трактатах ён пісаў, што мясцовыя плямёны пакланяліся агню, дубам і вужам. Нямецкі этнограф Матэус Прэторый і італьянскі ваенны інжынер Алесандра Гваньіні ўказвалі, што нашы продкі пакланяліся змеям, якія жылі ў іх дамах, і падкормлівалі іх малаком. Вужы былі сапраўднымі хатнімі духамі-заступнікамі. Яны лічыліся пасланцамі багоў. Забойства вужа прыраўноўвалася да цяжкага злачынства.
Вужы, якія жылі ў двары ці ў хаце, станавіліся не толькі духоўнымі абаронцамі ўсёй гаспадаркі. Яны актыўна палявалі на мышэй, а гэта ратавала запасы збожжа і ўсю сям’ю ад голаду. У некаторых месцах гэтых змей звязвалі з дамавіком – захавальнікам агменю, таму іх было прынята падкормліваць малаком. Але няхай гэта будзе дух-абаронца, дамавік ці душа продкаў, заўсёды да вужоў ставіліся з павагай і асцярожнасцю.
Такія традыцыі захаваліся і пасля хрышчэння Русі і нават захоўваюцца да гэтага часу. Хрысціянства па-свойму «адзначыла» вужоў. Дзве яркія плямы на галаве лічыліся божай пазнакай. Паводле легенды, вужык выратаваў Ноеў Каўчэг ад затаплення: змяя заткнула сабой дзірку, якую прагрызла мыш. Ва ўзнагароду Бог адзначыў вужа залатым вянком, які ён носіць да гэтага часу. Па павер’і, гэтыя плямы абараняюць вужоў ад Ільі, які громам забівае ўсіх нячыстых, але толькі не гэтых змей.
Векавыя ўяўленні аб вужах дайшлі і да нашых дзён. Самыя маладыя запісы этнографаў захавалі для нас апавяданні і казкі, звязаныя з гэтымі рэптыліямі. Напрыклад, у 1986 годзе ў вёсцы Аброва была зафіксавана такая прытча (прыводзіцца са слоў жыхаркі вёскі):
«Пры Мікалаю (значыць пры цару) у лесе жыў стражнік. З ім жыў вуж і еў з сям’ёй разам. А пасля пад печчу пабралі яго яйкі. У сянях стаялі гладышы з малаком. Вуж у гладышы атруту пусціў. Тое бачылі, і малако не чапалі. Яйкі не пабілі, а прынеслі назад. Тады вужык адзін гладыш хвастом акруціў і ўсё перавярнуў».
Пры ўсім міфічным арэоле і, часта, негатыўным стаўленні да гэтых стварэнняў не забывайце, што вужы – гэта частка нашай роднай прыроды і культуры. Гэта жывёлы, якія нясуць важную ролю ў навакольным асяроддзі. Таму забойства змей – сапраўднае злачынства і не толькі ў сакральным сэнсе.
Сяргей МАЧАЛАЎ.