Навялі парадак на могілках

Утрымліваць могілкі ў чысціні і парадку, свята шанаваць памяцьаб памерлых продках –гэта абавязак тых, хто жыве цяпер.

На мінулым і пазамінулым тыдні актыўна і зладжана пры падтрымцы мясцовай улады прайшлі суботнікі на тэрыторыях сельскіх могілак у аг. Любішчыцы і в. Выганашчы – між іншым, у гэтым населеным пункце ён прайшоў за кастрычнік двойчы, на могілках № 1 і 2.

Узброіўшыся неабходным інвентаром і тэхнікай, да добраўпарадкавання далучыліся неабыякавыя вяскоўцы. Аб’ём работ выкананы немалы: скасілі траву, высеклі кустоўе, прыбралі смецце, спілаваныя і зламаныя галінкі дрэў, вывезлі іх з тэрыторыі могілак, пафарбавалі агароджу, вароты. Вясковыя энтузіясты папрацавалі эфектыўна.

А асаблівую каштоўнасць гэтая добрая справа набывае напярэдадні Дзмітраўскай бацькоўскай суботы, што прыпадае на
2 лістапада.

Адзіны дзень азелянення прайшоў у Івацэвіцкім раёне

Восень – добрая пара не толькі для навядзення парадку, але і для закладкі алей, высадкі дрэў. Марафон добраўпарадкавання і азелянення прайшоў у многіх населеных пунктах раёна.

19 кастрычніка па рэспубліцы быў аб’яўлены Адзіны дзень азелянення, і яго падтрымалі многія працоўныя калектывы і жыхары Івацэвіччыны.

Так, у аграгарадку Святая Воля каля помніка аднавяскоўцам, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, высаджаны туі. Такія ж дрэўцы цяпер упрыгожваюць і алею Памяці ў аг. Амяльная. Пасадачны матэрыял у выглядзе спонсарскай дапамогі выдзеліў Целяханскі лясгас.

Днём пазней да азелянення аг. Святая Воля далучыўся і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе Алег Кузьмін. Пасля правядзення прыёму грамадзян ён разам з мясцовымі актывістамі высадзілі саджанцы сасны, бярозы і дуба ўздоўж дзіцячай пляцоўкі.

Дзякуючы актыўнай грамадскасці і мясцовай уладзе ў населеных пунктах Рэчкаўскага, Мілейкаўскага сельсаветаў высаджаны маладыя клёны, дубкі, елачкі. А ў в. Яглевічы цяпер з’явіліся блакітныя елачкі, якія падрастуць і стануць жывой агароджай каля дзіцячай пляцоўкі.

Хутка зашумяць зялёнай лістотай і маладыя дрэўцы, што высаджаны на пустыры па вул. Камсамольскай у аг. Амяльная.

Яшчэ адным пустыром меней стала і ў аг. Вулька-Аброўская. Непрыгляднае месца амаль у цэнтры аграгарадка набыло дагледжаны выгляд. На тэрыторыі выкарчавалі старыя дрэвы і пасадзілі новыя: 30 елачак, па 15 клёнаў, бяроз і ліп. У гэтай справе дапамагло тэхнікай ААТ «Перамога», а пасадачным матэрыялам – Івацэвіцкі вопытны лясгас.

Не застаўся ўбаку ад добраўпарадкавання і Волькаўскі сельсавет. На тэрыторыі каля паклоннага Крыжа в. Волька наведзены парадак, а святое месца цяпер абрамляюць блакітныя елачкі.

Больш зялёнымі цяпер стануць аграгарадкі Любішчыцы і Падстарынь. Блакітныя елачкі высаджаны каля помнікаў загінуўшым у гады вайны, у парках.

Праяўленыя ініцыятывы і добрыя справы па азеляненні населеных пунктаў не толькі робяць прыгожымі нашы вёскі і аграгарадкі, яны аб’ядноўваюць жыхароў, працоўныя калектывы і ўмацоўваюць наша адзінства. Дзякуй усім, хто не застаўся ўбаку ў гэтай добрай і высакароднай справе!

Поделиться