Шанс вярнуцца да паўнацэннага жыцця ёсць у пацыентаў аддзялення гемадыялізу Івацэвіцкай ЦРБ, калектыў якога робіць для гэтага ўсё магчымае і сёлета занесены на раённую Дошку гонару, як і імя яго загадчыка, урача нефролага Ганны Кавалевіч.
Аддзяленне гемадыялізу адкрылася ў раённай бальніцы ў 2015 годзе. Цяпер тут атрымліваюць дапамогу 16 пацыентаў з Івацэвіцкага, Ганцавіцкага і Пружанскага раёнаў, якія маюць патрэбу ў апаратным ачышчэнні крыві – з-за страчанай функцыі нырак. Аддзяленне працуе ў паўтары змены. Гемадыяліз – справа тонкая, таму, напрыклад, медсястра з тэрапіі не здолее адразу замяніць дыялізную медсястру, і аддзяленню патрэбна свая інжынерна-тэхнічная служба, якая забяспечвае бесперабойнае функцыянаванне імпартнага абсталявання. Ды і без ведаў дактароў гэтае кола наўрад ці круцілася б. Калектыў аддзялення працуе шэсць дзён у тыдзень.
Аддзяленняў гемадыялізу ў Брэсцкай вобласці дзесяць, яна ў гэтым сэнсе наперадзе планеты ўсёй (напрыклад, у суседняй Гродзенскай вобласці іх пяць). Пацыентам з хранічнай хваробай нырак у апошняй стадыі дыяліз патрэбен тры разы на тыдзень. Падчас працэдуры кроў чалавека паступова выкачваецца, ачышчаецца з дапамогай апарата «Штучная нырка» і вяртаецца ў арганізм праз фістулу (злучэнне паміж венай і артэрыяй на руцэ пад скурай), і на гэта патрэбна чатыры гадзіны.
Дадайце да гэтага час на дарогу – і пройдзе палова дня. Але калі аддзялення ў Івацэвічах не было, жыхарам раёна даводзілася ездзіць на дыяліз у Баранавічы, Брэст, Бярозу і праводзіць у дарозе і бальніцах амаль палову тыдня! Цяпер, канечне, зручней, тым больш што арганізаваны падвоз на гемадыяліз санітарным транспартам ЦРБ – нават з самых далёкіх куточкаў раёна, і дахаты пацыента таксама даставяць (а так не ва ўсіх абласцях).
Дастаўка бясплатная, як і працэдуры, між тым кожная абыходзіцца дзяржаве прыкладна ў 120 долараў. У аддзяленні займаюцца праграмным дыялізам (бывае яшчэ перытанеальны – ён амбулаторны), і праграма ў кожнага пацыента свая – на апаратах, адзін з якіх высокага класа, выстаўляюцца пэўныя параметры.
Зразумела, пацыенты аддзялення без дыялізу жыць не змогуць. Працэдуры прапускаць вельмі непажадана: ныркі працуюць 24/7, дыяліз – 12 гадзін у тыдзень, і калі яго часта ігнараваць, глабальнае недаачышчэнне арганізма хутка прывядзе да сумнага фіналу. А на дыялізе, калі трымацца ўсіх патрабаванняў, можна прыжыць дастаткова доўга. У Расіі ёсць жанчына, у якой ныркі перасталі працаваць 30 гадоў таму, але замяшчальная тэрапія, на шчасце, у яе выпадку суперэфектыўная. У Беларусі ёсць пацыенты, які пражылі на дыялізе больш за 20 гадоў, у нашым раёне была жанчына, якая пражыла 11 – і першапачаткова ездзіла на працэдуры з Целяхан у Баранавічы. Такім чынам, пацыенты знаходзяцца на дыялізе ці ўсё жыццё, ці да моманту трансплантацыі ныркі. І задача дзяржавы, медыкаў – дабіцца таго, каб жыццё чалавека пры абодвух раскладах было максімальна якасным.
Дачакацца новай ныркі рэальна
Як расказала загадчык аддзялення гемадыялізу УАЗ «Івацэвіцкая ЦРБ» Ганна Кавалевіч, сярэдні ўзрост, у якім людзі страчваюць функцыю нырак, – 68-69 гадоў, але дыялізныя месцы, якіх у аддзяленні 6, займалі і маладыя пацыенты: 32, 34, 36-гадовыя. Моладзь, як правіла, рашаецца на трансплантацыю. І дачакацца ныркі рэальна – чарга можа дайсці ўжо праз некалькі месяцаў, органы актыўна трансплантавалі нават падчас пандэміі кавіду. У мінулым годзе новую нырку атрымалі чатыры пацыенты івацэвіцкага аддзялення гемадыялізу і адзін – сёлета, трапіўшы ў чаргу толькі ў пачатку года.
З 2017 года ў Беларусі існуе адзіны рэспубліканскі электронны ліст чакання. Каб інфармацыя пра пацыента трапіла ў яго, той мусіць прайсці шэраг абследаванняў, урачэбны кансіліум – вердыкт урачоў павінен быць на карысць трансплантацыі ў яго выпадку. Кожныя тры месяцы праводзіцца рэвізія базы: у аддзяленнях гемадыялізу ў кандыдатаў у рэцыпіенты бяруць аналізы і адпраўляюць іх на Брэст, на Мінск, інфармацыя абнаўляецца. Падбор рэцыпіента камп’ютарызаваны – ніякай суб’ектыўнасці. Восем фактараў павінны супасці, каб орган быў перасаджаны. Пацыента могуць выклікаць на трансплантацыю ў любы момант, таму варта быць напагатове. Найперш пра перасадку органаў гавораць са сваякамі пацыента, якому яна патрабуецца: з адной ныркай жыць можна, другую дапускаецца ахвяраваць блізкаму чалавеку. Але такое здараецца вельмі рэдка.
Ёсць у раёне два чалавекі, якія прайшлі праз дзве трансплантацыі ныркі – усё ж у органа ёсць тэрмін службы. Да чарговай перасадкі людзі зноў становяцца пацыентамі аддзялення гемадыялізу. Адна жанчына з раёна аддала перавагу дадыялізнай трансплантацыі. Пасля аперацыі закрыла ліст непрацаздольнасці і працягнула працаваць, нібы і не было цяжкай хваробы. Задача трансплантацыі – максімальная рэабілітацыя, узнаўленне працаздольнасці. Ганна Кавалевіч як урач нефролаг працуе з людзьмі, чые ныркі вось-вось адкажуць, прапаноўвае розныя варыянты. І зазначае, што на аперацыю лягчэй пагаджаюцца тыя, хто ўсё ж даведаўся, што такое дыяліз, зразумеў, чаму трэба даражыць ныркамі.
Але і многія з тых, хто на дыялізе гадамі і не мае супрацьпаказанняў для перасадкі органа, таксама доўга сумняваюцца наконт аперацыі. Усё ж яна сур’ёзная, і пасля трэба быць пад назіраннем абласных спецыялістаў і пажыццёва прымаць імунасупрэсію – прэпараты, што паніжаюць імунітэт і перашкаджаюць «отторжению» органа. Рызыка ёсць, але жыццё на дыялізе ў параўнанні з перасадкай мае больш мінусаў, лічыць спецыяліст. І актыўна працуе над тым, каб пацыенты рабілі правільны выбар, які палепшыць іх жыццё. Для беларусаў трансплантацыя бясплатная, а вось іншаземцу, дапусцім, з Казахстана, перасадка ныркі абыдзецца ў 30-35 тыс. долараў. Імунасупрэсія на месяц каштуе каля 3 тыс. долараў, беларусы ізноў не плацяць за прэпараты. Гэта пра клопат дзяржавы пра здароўе сваіх грамадзян. Не ўсе пазітыўна ставяцца да забору органаў у памерлых, між тым стаўленне да сітуацыі нават у заўзятых скептыкаў мяняецца кардынальна, калі орган становіцца патрэбны ім ці іх блізкім. Адзін памерлы чалавек пры захаванні шэрагу ўмоў можа быць донарам органаў для васьмі, можа выратаваць восем жыццяў.
Вы будзеце здзіўлены, калі даведаецеся, што можа стаць прычынай сур’ёзных праблем з ныркамі. Пярвічныя захворванні нырак – гламіраваныя нефрыты – прыводзяць у аддзяленні гемадыялізу не больш за 10 % пацыентаў, да 3 % – прыроджаныя анамаліі развіцця ныркі. Але найчасцей тут маюць справу з другаснымі захворваннямі нырак – наступствамі цукровага дыябету, артэрыяльнай гіпертэнзіі, а таксама бескантрольнага ўжывання абязбольвальных прэпаратаў. Адна абязбольвальная таблетка ў тыдзень – не болей, такая парада спецыяліста, шукайце прычыны болю і прымайце меры.
Вялікая праблема заключаецца ў тым, што ныркі баляць вельмі рэдка. Сімптомы захворвання – слабасць, вяласць, млосць, стамляемасць – не спецыфічныя, і людзі пра свае праблемы з ныркамі даведваюцца, як правіла, на позніх стадыях. Першая рэакцыя – шок, адмаўленне, праз час – прыняцце сітуацыі. Дыспансерызацыя – наша ўсё, гаворыць Ганна Сяргееўна, яе трэба праходзіць і трошкі самім самаадукоўвацца ў медыцынскіх пытаннях.
Галоўнае – быць камандай.
Імя загадчыка аддзялення гемадыялізу Ганны Кавалевіч – таксама на раённай Дошцы гонару. Яна нарадзілася ў Расіі, у Ніжагародскай (Горкаўскай) вобласці ў сям’і ваеннага і ўрача. Бацьку перавялі ў ваенную часць у в. Бронная Гара, дзе дзяўчынка хадзіла ў школу. А калі вучылася ў Гродзенскім медуніверсітэце, бацькі перабраліся ў Бярозу. Ведала з дзяцінства, што будзе доктарам, эндакрынолагам – як мама. Але напрыканцы вучобы зацікавілася іншай спецыялізацыяй і па размеркаванні прыехала ў Івацэвіцкую ЦРБ у якасці рэаніматолага-анестэзіёлага. Потым выйшла замуж за ўрача-стаматолага Юрыя Кавалевіча, нарадзіла дачку і сына. У бальніцы спрабавала займацца эндаскапіяй, трансфузіялогіяй, а калі адкрылася новае аддзяленне, усур’ёз зацікавілася гемадыялізам, пра які ва ўніверсітэце даюць мінімальныя веды.
– Па сваёй натуры я чалавек рэзкі, хуткі, люблю бачыць рэзультат сваёй работы і зайздрошчу траўматолагам, стаматолагам, бо ў іх ёсць такая магчымасць, – дзеліцца Ганна Сяргееўна. – У нашым жа аддзяленні работа планавая, аднастайная, дзень перацякае ў гады. Мы доўгі час узаемадзейнічаем з аднымі і тымі ж пацыентамі, ведаем пра іх усё. Гэты рытм не заўжды быў мне даспадобы. Але ж асобныя нашы пацыенты на дыялізе жывуць ужо восьмы год, і я разумею, што вось ён – рэзультат, яго ўбачыш не адразу, але ён ёсць. Асабліва радуюся, калі да нас заходзяць пацыенты пасля трансплантацыі ныркі – каб павітацца, расказаць навіны. Бачу, як гэтыя людзі папрыгажэлі, павесялелі, яны вяртаюцца да актыўнага жыцця, займаюцца спортам, працуюць… Гэта мяне натхняе.
У Ганны Сяргееўны, як і ўва многіх нашых урачоў, мала вольнага часу, цяпер толькі пяць выхадных дзён у месяц. Па выхадных яна разам з сям’ёй любіць вандраваць па Беларусі, любіць катацца на веласіпедзе і байдарках. А яшчэ любіць вучыцца і кажа пра сябе: вечны студэнт. Калі літаратура, то вельмі часта медыцынская, яна аматар вэбінараў. А нядаўна скончыла клінічную ардынатуру па нефралогіі пры БелМАПА. Вучылася тры гады вочна-завочна. Калі толькі прыйшла на працу ў аддзяленне, адчувала сябе кацянём, кінутым у ваду, з цягам часу разам з ведамі і вопытам да яе прыйшла ўпэўненасць. А акрамя ведаў сваёй апорай лічыць калектыў і цёпла адзываецца пра калег.
У калектыве аддзялення гемадыялізу – 11 работнікаў. Урачы – сама Ганна Кавалевіч, а таксама Яўгенія Азерская, якая зараз у адпачынку па доглядзе дзіцяці. Прафесіянал, творчая асоба, ідэйны натхняльнік – так ахарактарызавала сваю калегу кіраўнік аддзялення. Пакуль другі доктар у адпачынку, дапамагае загадчыцы ў аддзяленні ўрач функцыянальнай дыягностыкі Анастасія Новікава. Адзначае Ганна Сяргееўна і прафесіяналізм старшай медсястры Таццяны Баркоўскай, якая ўзяла на сябе вялікі пласт работы і ў аддзяленні з яго адкрыцця. Яна ў сваю чаргу кажа, што задача старшай медсястры – трымаць усё пад кантролем, сачыць за выкананнем санітарна-супрацьэпідэмічнага рэжыму, увогуле ж медсёстры імкнуцца стварыць для пацыентаў камфорт, адгукаюцца на просьбы – аднаму талончык узяць, другому рэцэпт выпісаць. З пацыентамі яны збліжаюцца, ад таго горыч страт, а яны здараюцца, бывае моцная. Але гэта жыццё.
Медсёстры Святлана Лушчык, Ганна Абрамчук, Марына Куратнік (мама пяцярых дзяцей, зараз у адпачынку па доглядзе дзіцяці) таксама ў аддзяленні з першага дня. Ужо шэсць гадоў працуе і медсястра Людміла Кот. Усе адказныя, уважлівыя да пацыентаў. «Я без іх як без рук», – падкрэслівае загадчык. Старанна выконваюць свае абвязкі санітаркі Таццяна Мельнікава і Ганна Сакута, сястра-гаспадыня Святлана Бут-Гусаім. Не абысціся ў аддзяленні без навыкаў інжынера Алега Худзінскага і тэхніка Сяргея Журомскага, якія як свае пяць пальцаў ведаюць апараты «Штучная нырка», вырабленыя ў Швецыі і Германіі. А вось якія водгукі пра работнікаў аддзялення пакінулі пацыенткі, якія падчас візіту журналіста праходзілі працэдуру гемадыялізу.
Кацярына Уладзіміраўна, Пружанскі раён:
– Я на гемадыялізе ўжо 2,5 гады. Было хранічнае захворванне, потым аперацыя на нырцы, стан пагоршыўся, і вось я тут. Вельмі задаволена работай персаналу – адказныя, спагадлівыя. Мне даводзілася атрымліваць дапамогу і ў Брэсце, дык тут мне падабаецца значна больш. Працэдуры не прапускаю. Нягледзячы на тое, што падчас дыялізу болю не адчуваеш, ляжаць чатыры гадзіны няпроста. Возяць мяне транспартам нашай бальніцы, гэта зручна. Але ж найзручней усё ж мець нырку, і я думаю, што рашуся на трансплантацыю – пяць гадоў пасля папярэдняй аперацыі яшчэ не прайшлі, а раней нельга. Канечне, дыяліз аказвае ўплыў на якасць майго жыцця, 40 гадоў адпрацавала працэдурнай медсястрой, цяпер вось на групе, але трымаюся. Удзячная медыкам за ўвагу.
Надзея Мікалаеўна, Івацэвіцкі раён:
– Вельмі добра дзяўчаты аказваюць дапамогу. Ціск мераюць часта, глядзяць за апаратамі, добра ставяцца да пацыентаў. Я на дыялізе толькі год. Што сталася – незразумела. Трапіла ў бальніцу, узялі аналізы, высветліліся праблемы. Але ж я не скажу, што адчуваю сябе надта дрэнна. Хіба пасля самой працэдуры цяжкавата, а так нічога, яшчэ і агарод саджаю, хоць дачка і сварыцца – навошта, трэба сябе берагчы. Але ж я ўсё жыццё на ферме даяркаю працавала, потым у фермера. Цяжка працавалі. Зараз умовы лепшыя, а некалі дарогі нячышчаныя, пакуль дойдзеш на работу, боты поўныя снегу… Мне ідзе 73 год, трансплантацыя ўжо не для мяне, колькі Бог дасць, столькі і пражыву.
Жыццё – самае каштоўнае, што ёсць у кожнага з нас. І калі б не развіццё медыцыны, жыцці абрываліся б значна часцей і раней. У штодзённай барацьбе за прадаўжэнне жыцця пацыентаў знаходзіцца калектыў аддзялення гемадыялізу, і мы зычым яму поспехаў у гэтай высакароднай справе.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.