Здаецца, кожны беларус ведае, што ў першую нядзелю верасня мы адзначаем адно з галоўных культурных святаў – Дзень беларускага пісьменства. Гэтае свята сімвалізуе адзінства друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстроўвае гістарычны шлях пісьменства і друку.
Традыцыйна месцам яго правядзення становяцца гарады Беларусі – цэнтры культуры і асветы нашай краіны – Полацк, Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мір, Мсціслаў… Некаторым гарадам пашчасціла прымаць свята двойчы, а Полацку – нават тройчы. Сёлета святочную эстафету прымаюць Івацэвічы, наш раён – радзіма Піліпа Пестрака. Дзень беларускага пісьмен-ства мае на мэце захаванне нашай гістарычнай спадчыны, ушанаванне продкаў-асветнікаў, жыццё якіх было прысвечанае развіццю і памнажэнню духоўнага багацця, сучасных творцаў роднага слова, якія захоўваюць слаўныя традыцыі папярэднікаў.
За два дні – 31 жніўня і 1 верасня – у горадзе пройдуць каля 70 мерапрыемстваў: выставак, навукова-практычных канферэнцый, прэзентацый кніг, запланавана работа тэматычных пляцовак, адкрыццё шэрага аб’ектаў, духоўныя і спартыўныя мерапрыемствы і, канечне, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Мы чакаем у госці некалькі соцень ганаровых гасцей – вышэйшых афіцыйных асоб краіны, кіраўнікоў міністэрстваў, дзеячаў літаратуры, культуры, навукі, мастацтва, журналістаў, прадстаўнікоў пасольстваў.
Некалькі месяцаў райцэнтр рыхтаваўся да свята роднага слова. Рамантаваліся дамы, вуліцы, дарогі, сацыяльныя аб’екты, свята падарыла гораду некалькі новых арт-аб’ектаў. Горад змяніўся, сёння ён выглядае сапраўды па-святочнаму, дзякуем усім зацікаўленым службам і кожнаму гараджаніну за ўдзел у вялікай падрыхтоўцы, за разуменне, за патрыятызм і натхненне ўсё зрабіць своечасова, з душой і якасна.
Мы прымаем гасцей, вітаем свята беларускага пісьменства!
Уладзімір БЯЛОЎ, старшыня Івацэвіцкага райвыканкама.