Сёлета клін азімага рапсу Івацэвіччыны складае 3 141 га. У цэлым каштоўная маслічная культура перазімавала добра, і цяпер патрэбна ў сціслыя тэрміны прыбраць яе з палеткаў. Яе вырошчваюць у 13-ці з 15-ці гаспадарак раёна. Першымі да ўборкі «чорнага золата» палёў прыступілі ААТ «Мілейкі», «Новыя Стайкі», «Косава» і «Э/б «Майск». Па стане на 8 ліпеня культуру ўбралі з 208 га, намалаціўшы 542 т пры сярэдняй ураджайнасці 26 ц/га.

Журналісты «ІВ» пабывалі на палях ААТ «Мілейкі» падчас уборачнай. Азімы рапс тут пасеялі на 350 га і прыбралі з 96 га за тры дні. Ураджайнасць пакуль такая ж, як і сярэдняя па раёне, у мінулым годзе атрымалі 28 ц/га. Галоўны аграном ААТ «Мілейкі» Алена Гардзейка расказала, што сёлета віды на ўраджай былі неблагія, аднак частка пасеваў падгарэла (іх і прыбіраюць у першую чаргу). Вось каб дажджы пайшлі на тыдні два раней… Суседзяў надвор’е не пакрыўдзіла, а «Мілейкі» дажджы некаторы час абыходзілі бокам. У выніку разлічваць на суперураджай не даводзіцца, ён будзе больш сціплым, чым у марах галоўнага агранома і маладога дырэктара ААТ Дзмітрыя Паўлоўскага, для якога жніво-2024 – першае ў якасці кіраўніка.

Апошнім часам рапс стаў даволі капрызнай культурай, нельга дапускаць промахаў у яго апрацоўцы прэпаратамі, нельга не дадаць мікраэлементаў, бо страты будуць сур’ёзныя. У «Мілейках» сеялі азімы рапс імпартнымі гібрыдамі, перасяваць яго на асобных участках не давялося.

Рапс – каштоўная культура: з масланасення атрымліваюць алей, а рапсавы бялковы шрот у саставе камбікармоў ідзе на корм жывёлам. Культуру ў гаспадарцы ўбіраюць пры вільготнасці 10-12 %, якую аграном называе «рабочай». Масланасенне едзе на зерняток, дзе яго дасушваюць, а пасля рэалізуюць на ТАА «Аграпрадукт» (гаспадарка ўжо адгрузіла 150 т з 245-ці атрыманых на жніве). Яна абавязкова выканае і дзяржзаказ – 50 т адправяць на маргарынавы завод. Дарэчы, сёлета ААТ «Мілейкі» пасеяла і 80 га яравога рапсу, праўда, часткова пасевы пашкодзілі замаразкі.

Увогуле жніво-2024 у раёне пачалі ў чэрвені з азімага ячменю, яго ўборка завершаная. З 1 900 га атрымалі 6 662 т зерня, сярэдняя ўраджайнасць склала 35,1 ц/га. Лепш за ўсіх азімы ячмень урадзіў у ААТ «Косава» – 56,8 ц/га. У бліжэйшы час пачнецца масавая ўборка збожжавых культур – тэхніка і экіпажы падрыхтаваліся як след, не падвяло б надвор’е.

Ва ўборцы азімага рапсу ў ААТ «Мілейкі» задзейнічаны чатыры экіпажы і столькі ж адзінак тэхнікі на адвозцы. У складзе двух экіпажаў – работнікі сельгаспрадпрыемства, і яшчэ два сфарміраваліся з ліку людзей, якія не працуюць у сельскай гаспадарцы, аднак ахвотна дапамагаюць аграрыям на жніве. На здымку – Сяргей Шынкевіч і Павел Куцко, супрацоўнікі Івацэвіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, а падчас уборачнай – камбайнер і памочнік камбайнера. Для Сяргея Анатольевіча жніво-2024 далёка не першае, у мінулым годзе яму даверылі новы камбайн.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться