Што гаворыць пра чалавека яго любімы колер?
Некатарыя даследчыкі, псіхолагі лічаць, што колеры, якім мы аддаем перавагу, да якіх нераўнадушныя, шмат чаго могуць сказаць пра наш характар у цэлым і эмацыянальны стан у той перыяд жыцця, калі мы, напрыклад, купляем толькі чырвонае ці толькі чорнае адзенне. Давайце паглядзім, якія рысы характару ўласцівы аматарам найбольш папулярных колераў, па меркаванні даследчыкаў. А вы вызначыце для сябе, ці маюць яны рацыю.
Чорнаму аддаюць перавагу строгія людзі, старанныя ў выкананні абавязкаў. Яны любяць выклікаць уражанне, здольныя прывабіць, улюбіць у сябе, бывае, што ў іх паводзінах ёсць пэўная доля тэатральнасці. Гэта страсныя натуры. Але калі чалавек аддае перавагу толькі чорнаму колеру ў адзенні, гэта гаворыць пра змрочнае ўспрыманне свету. Магчыма, такі чалавек схільны да дэпрэсіі ці ў яго жыцці ўжо наступіў крызіс. Псіхолагі лічаць, што калі дзіця аддае перавагу чорнаму колеру на сваіх малюнках, яно востра перажывае адсутнасць любові і клопату аб ім у сям’і.
Чырвоны. Гэта колер актыўных людзей, найхутчэй лідараў, якія здольны натхніць сваімі ідэямі іншых. Калі вам надта падабаецца чырвоны, то найхутчэй вы смелы, уладарны чалавек, магчыма, запальчывы, але таварыскі, згаворлівы. Да таго ж альтруіст. Акрамя таго, чырвоны – сімвал эратызма, узбуджэння, моцнай энергіі. Найбольш часта перавагу чырвонаму аддаюць падлеткі.
Белы – колер чысціні. Яго любяць чэсныя людзі, якія імкнуцца да поспеху і чакаюць прызнання, яны летуценныя і спагадлівыя, думаюць пра рэпутацыю. Разам з тым псіхолагі кажуць, што белы – сінтэз усіх колераў і лічыцца «ідэальным». Таму гэтаму колеру можа аддаць перавагу чалавек з любым характарам, бо белы нікога не адштурхоўвае.
Сіні – гэта колер неба, акіяна, расслаблення. Чалавек, які любіць сіні, схільны на меланхоліі, глыбокі, неспасціжны і загадкавы, як акіян. Бывае эмацыянальны, хоць і сціплы, найхутчэй пунктуальны і разважлівы, цэніць камфорт і дастатак, пачуццёвыя задавальненні, ён любіць сузіраць і захапляцца, падарожнічаць. Нярэдка гэта творчыя асобы, летуценныя, не заўсёды лёгкія на пад’ём. Такі колер у інтэр’еры «лечыць» ці добра ўплывае на хворых альбо стомленых людзей.
Шэры абіраюць недаверлівыя і разважлівая натуры, якія перш чым адрэзаць, памераюць сем разоў. Такія людзі лепш застануцца ў цені ці захаваюць нейтралітэт, чым адкрыта заявяць пра сваю пазіцыю, і гэта нярэдка іх выручае. Яны старанныя, акуратныя, вылучаюцца выключнай інтуіцыяй, добра разбіраюцца ў людзях – счытваюць субяседніка, але не падаюць віду. У некаторай ступені гэта інтрыганты, якім цікава, як будуць развівацца падзеі.
Жоўты. Той, хто любіць жоўты, любіць і жыццё – ён аптыміст. Ведае сабе цану, захоўвае спакой у складаных сітуацыях, ведае, да якіх мэтаў імкнецца. Найчасцей гэтыя людзі цэняць справядлівасць і чэснасць, яны цярплівыя і назіральныя, маюць сілу волі. Жоўты сімвалізуе нязмушанасць у адносінах, інтэлігентнасць, лёгкасць і цікаўнасць. Кажуць, што асабліва любяць жоўты цяжарныя жанчыны, якія настройваюць сябе на лёгкія роды, а таксама людзі, схільныя да перамены месцаў. Жоўты таксама колер азарэння.
Зялёны – колер прыроды, натуральнасці, вясны. Яго абіраюць людзі, якія імкнуцца да гармоніі, не могуць жыць без развіцця, без руху наперад. Гэта часта людзі, якія век жывуць і век вучацца, бо многага ад сябе патрабуюць, пазбягаюць чужога ўплыву, шукаюць спосаб самасцвярджэння і сэнс жыцця. Цярплівасць і часта востры розум – іх адрозная рыса.
Карычневы і яго адценні дастаткова папулярныя колеры для мэблі і інтэр’ераў, што абумоўлена яго практычнасцю. Карычневы любяць стрыманыя натуры, надзейныя таварышы, сур’ёзныя асобы. Такія людзі цэняць сям’ю і традыцыі, упэўнена стаяць на нагах, вызначыліся ў жыцці. Яны любяць простыя радасці, не імкнуцца да глыбокага аналізу сітуацый, да моцнай рэфлексіі, ім не ўласціва празмерная эмацыянальнасць. Не заўсёды разумеюць гумар, могуць пакрыўдзіцца.
Ружовы выклікае раздражненне ў прагматычных людзей. А любяць яго людзі ўражлівыя, якія могуць лёгка расхвалявацца і хочуць, каб паўсюль панавала дабрыня. Невыпадкова ружовы так падабаецца маленькім дзяўчынкам, наіўным і летуценным. У большасці сваёй аматары ружовага – добрыя і спагадлівыя. Але бывае і такое, што па розных прычынах яны не надта хочуць паказваць сваё сапраўднае «Я» і аддаюць перавагу больш чулліваму і пяшчотнаму вобразу. А за ружовай заслонай – стальны стрыжань.
Падрыхтавала Вольга Мацвееня.