Судом Івацэвіцкага раёна разгледжана некалькі адміністрацыйных спраў па арт.19.11 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях «Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць». Вінаватыя ў парушэнні дзеючага заканадаўства панеслі пакаранне.
Вось адзін з апошніх прыкладаў. Жыхар Івацэвічаў, мужчына сярэдніх гадоў, са свайго смартфона наведваў экстрэмісцкі тэлеграм-канал, які распаўсюджвае інфармацыю, якая накіравана на ачарненне дзеючай улады – дэструкцыйны тэлеграм-канал, карацей кажучы. Гэты наш зямляк «скачаў» інфармацыю з дадзенага рэсурсу і памкнуўся яе распаўсюдзіць. А гэта парушэнне Закона.
Як вынік, мужчына атрымаў пакаранне ў выглядзе арышту, акрамя таго, праведзена канфіскацыя прадмета адміністрацыйнага правапарушэння – смартфона, з дапамогай якога ён праводзіў вышэйзгаданыя дзеянні.
Паважаныя грамадзяне! Сёння цяжка ўявіць маладога і нават не вельмі маладога чалавека без сучасных гаджэтаў. Але, на жаль, не ўсе разумеюць: у сусветнай павуціне можна не толькі знайсці карысную інфармацыю, але і… заблытацца. Ці не вельмі захапіліся палітыкай некаторыя нашы грамадзяне? Можа, варта пачаць жыць будзённым, рэальным жыццём, а не шукаць «прыгод» на сваю галаву? Калі вы гэтага не зразумееце, то не здзіўляйцеся пасля, атрымаўшы паведамленне аб неабходнасці з’явіцца ў суд…
Наш кар.