Сваімі думкамі дзеляцца ўдзельнікі грамадска-палітычнага марафона «17 граняў адзінства»:
Дзяніс Пакалюк, старшыня Івацэвіцкага раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь»:
– Дзень народнага адзінства – самае маладое дзяржаўнае свята ў Беларусі, якое было зацверджана 7 чэрвеня 2021 года адпаведным Указам Прэзідэнта краіны. У многіх ужо склалася разуменне важнасці даты 17 верасня ў беларускім летапісе, і падобныя грамадска-палітычныя марафоны дапамагаюць гэтаму. А ўвогуле я раю моладзі зноў звярнуцца да кніг і падручнікаў і ўзнавіць у памяці падзеі 20-30-х гадоў. Каб ацаніць тое, што мы маем, так важна ведаць, як было некалі. Дзень народнага адзінства асабіста я лічу адным з самых важных святаў, нам неабходна сёння трымацца разам, кансалідавацца, каб і надалей будаваць незалежную дзяржаву!
Кацярына Шаршуновіч, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ «Даманаўскі лясгас»:
– Я думаю, што ў календары дзяржаўных святаў беларусаў Дзень народнага адзінства з’явіўся не проста так. У свеце сённяшніх рэалій і выклікаў трэба, проста неабходна ўспамінаць сумныя старонкі нашай гісторыі. Амаль у кожным беларускім горадзе ёсць вуліца 17 Верасня, але не ўсе памятаюць падзеі тых гадоў, калі беларусы былі пазбаўленыя магчымасці атрымліваць якасную адукацыю, займаць кіруючыя пасады, удзельнічаць у кіраванні краінай. Мы былі каланізаваныя па сутнасці, і беларуская культура была ў заняпадзе. Сёння мы павінны быць удзячнымі нашаму кіраўніцтву за тое, што жывём у мірнай краіне. у адзінстве наша сіла, і толькі так мы зможам супрацьстаяць сучасным выклікам.
Юрый Бурвін, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні ДУА «СШ № 4 г. Івацэвічы»:
– Для мяне Дзень народнага адзінства – гэта тры разы гордасць. Гордасць, бо я нашчадак аднаго з барацьбітоў: мой прадзед змагаўся за ўз’яднанне Заходняй Беларусі з Савецкай, падвяргаўся катаванням у польскіх турмах і, на жаль, да запаветнага дня, 17 верасня 1939 года, не дажыў. Гордасць, бо мая малая радзіма – вёска Мілейкі – знаходзіцца непадалёк ад Сакоўцаў, радзімы яшчэ аднаго змагара, пісьменніка Піліпа Пестрака, якога і цяпер там помняць і якім ганарацца землякі. Гордасць за наш народ, які свята захоўвае памяць аб барацьбітах за нашу свабоду і робіць усё, каб падобныя падзеі не паўтарыліся.
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара і Валерыя МІСКЕВІЧА.