З 4 па 8 красавіка бягучага года па ўсёй краіне і ў нашым раёне ў прыватнасці праводзілася штогадовая рэспубліканская прафілактычная акцыя «Дом без гвалту». У рамках акцыі спецыялісты службаў, адказных за дапамогу ахвярам гвалту, наведвалі дамы сямейных скандалістаў, якія знаходзяцца на ўліку ў праваахоўных органах. На мінулым тыдні такі рэйд адбыўся і ў нашым раёне.

На працягу пяці дзён супрацоўнікі Івацэвіцкага ТЦСАН і Івацэвіцкага РАУС, Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Івацэвіцкага раёна, прадстаўнікі духавенства ездзілі па раёне, каб сустрэцца з асобамі, схільнымі да сварак і боек з блізкімі людзьмі. Усяго спецыялісты наведалі 58 адрасоў у самых розных населеных пунктах, правялі гутаркі з 33 грамадзянамі.


Мэта акцыі – прафілактыка правапарушэнняў, таму ўсе, хто прыцягваўся да адказнасці за сямейныя скандалы і аказаўся дома падчас візіту спецыялістаў, атрымалі памяткі з інфармацыяй пра пакаранне за падобныя дзеянні, членам іх сям’яў нагадалі пра магчымасці дзяржаўных органаў і грамадскіх аб’яднанняў у вырашэнні праблем гвалту ў сям’і. Заадно праверылі стан печак у дамах, наяўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, расказалі пра паслугі цэнтра сацабслугоўвання, далі тэлефон псіхолага тым, хто меў патрэбу ў яго падтрымцы. А асаблівую ўвагу надалі тым сем’ям, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці. Было важна, у якіх умовах яны пражываюць, ці маецца ежа, каб іх пракарміць. Вельмі часта сем’і, дзе ёсць дзеці і здараецца гвалт у той ці іншай праяве, трапляюць у сацыяльна небяспечнае становішча і знаходзяцца пад пільнай увагай службаў. Сістэматычная агрэсія з боку бацькоў можа нанесці шкоду дзіцяці, негатыўна адбіцца на яго псіхалагічным стане і на яго будучыні. Калі сітуацыя надта складаная, бацькоў могуць пазбавіць іх бацькоўскіх правоў, а дзяцей на пэўны час накіраваць у прытулак.


Толькі што можа быць даражэй за дзяцей? Як высвятляецца, алкаголь. Усе, хто на ўліку, маюць схільнасць да злоўжывання спіртнымі напоямі і здзяйсняюць правапарушэнні ў стане алкагольнага ап’янення. Міліцыю выклікаюць ці іх родныя, якія пакутуюць ад гэтага, ці іх суседзі. Агрэсарам можа з’яўляцца не толькі муж у адносінах да жонкі, хоць менавіта жанчыны найчасцей і бываюць ахвярамі сямейнага гвалту, але сустракаюцца і жанчыны-агрэсары. Часта сярод скандалістаў – людзі пажылога ўзросту, якія буяняць і ніяк не ўжывуцца са сваімі другімі паловамі. А бывае, што агрэсары – дзеці гэтых самых пенсіянераў, гора-сыны, якія тэрарызуюць сваіх маці, рабуючы іх, бо трэба ж за нешта купіць гарэлку. Гвалт здараецца і ў дастаткова паспяховых, забяспечаных сем’ях, так, што і не зразумела адразу, чаго ўсё ж такі не хапае людзям для нармальнага жыцця. Іншы раз ёсць праблемы з работай, асабліва на перыферыі, і як толькі чалавек аказваецца пры справе, ён ужо і не п’е, і не скандаліць. Сітуацыі розныя, і, па шчырасці, бывае шкада і ахвяр агрэсараў, і іх саміх.


Па інфармацыі праваахоўных органаў, правапарушэнняў у сферы быту ў раёне становіцца
больш, у мінулым годзе іх выяўлена звыш 80. На ўліку ў Івацэвіцкім РАУС стаіць 60 асоб за здзяйсненне сямейна-бытавых правапарушэнняў. Абсалютна кожны павінен ведаць: гвалт у сям’і караецца па законе. Таемнае можа стаць відавочным, апошняя кропля аднойчы перапоўніць чашу цярпення, і тады агрэсар можа быць прыцягнуты да адміністрацыйнай (штраф, арышт) ці крымінальнай адказнасці (пазбаўленне волі). Калі правапарушэнне ў адносінах да члена сям’і здзейснена аднойчы, можна абысціся афіцыйным папярэджаннем, дзе будзе сказана пра недапушчальнасць падрыхтоўкі і здзяйснення правапарушэнняў. А вось калі яны здзяйсняюцца паўторна на працягу года, агрэсар трапляе на прафілактычны ўлік і можна атрымаць ахоўнае прадпісанне, якое абмяжуе яго ў дзеяннях. З пісьмовай згоды ахвяры гвалту ахоўнае прадпісанне абавязвае скандаліста часова пакінуць агульнае з пацярпелай (ці пацярпелым) жылое памяшканне і забараняе распараджацца агульнай маёмасцю. Весці размовы з ахвярай гвалту, нават па тэлефоне ці праз інтэрнэт, таксама забараняецца.


Крымінальная адказнасць наступае ў наступных выпадках. Калі ад агрэсара паступае пагроза забойствам, прычыненнем цяжкага цялеснага пашкоджання, пагроза знішчэння маёмасці, калі мае месца катаванне, абраза, наўмыснае прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў і іншае.

Пакаранне за такія дзеянні – пазбаўленне волі на тэрмін да 5 гадоў. Калі дапушчана згвалтаванне, гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару – пазбаўленне волі да 15 гадоў. Калі нанесена наўмыснае цяжкае цялеснае пашкоджанне ці чалавек пазбаўлены жыцця – асудзяць на тэрмін да 25 гадоў, а ў залежнасці ад абставін агрэсару можа пагражаць пажыццёвае зняволенне і нават смяротнае пакаранне. Усё гэта не жарты.


Калі вы сталі ахвярай гвалту ў сям’і, можаце папрасіць аб дапамозе, паведаміўшы пра інцыдэнт у Івацэвіцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па тэле-
фоне 9-60-97, тэлефоне даверу +375-33-684-21-32 ці ў Івацэвіцкі раённы аддзел унутраных спраў па тэл. 102, 9-46-44. У раёне працуе «крызісны пакой» для пражывання ахвяр гвалту на бясплатнай аснове, па пытаннях размяшчэння ў ім званіце па пазначаных вышэй нумарах тэлефона. Дарэчы, зараз у ім пражывае пацярпелая ад гвалту жанчына і яе дзіця.


Многія людзі, асабліва жанчыны, выбіраюць шлях цярпення, сцерпіцца – злюбіцца. Напэўна, і такое бывае, але найчасцей такая ахвярнасць і самаддача не прыносіць шчасця. Трэба помніць і пра дзяцей, і пра той прыклад сямейных адносін, які гадамі перад іх вачыма. Трэба думаць і пра сябе. Як напісана ў Бібліі: «Палюбі блізкага свайго як самога сябе». Гэта пазначае і тое, што варта не толькі любіць іншых, быць добрым і міласэрным, але і тое, што найперш трэба любіць і шанаваць сябе. Хто сябе шануе, даруе крыўду, але зробіць высновы. А чалавек, які думае, – дзейнічае ці з дапамогай пэўных службаў, ці самастойна, бо насамрэч для сваёй абароны мы на многае здольныя.


Вольга МАЦВЕЕНЯ, фота аўтара.

Поделиться