Зіма – «гарачы» час для траўматолагаў: працы можа дадацца і ўдвая, калі на вуліцы галалёд і нізкія тэмпературы. «Паслізнуўся, упаў, напэўна, пералом» – такую ​​гісторыю ў раённай бальніцы чуюць прыкладна 6-7 раз у дзень, а ў самым пачатку зімы былі дні, калі за дзень за дапамогай звярталіся больш за 10 чалавек з галалёднымі траўмамі – і ў кабінет траўматолага, і ў прыёмны пакой. Былі выпадкі шпіталізацыі.

Траўматолаг Івацэвіцкай ЦРБ Дзмітрый АСІПЕНКА расказаў, што самыя папулярныя – траўмы верхніх канечнасцей (60-65%), таксама звяртаюцца з траўмамі галёнкаступнёвага сустава, ступні, калена. А вось халадовых траўм у раёне гэтай зімой пакуль не зафіксавана; з адмарожваннем, пераахаладжэннем у цэлым звяртаюцца рэдка (за зіму – 5-6 разоў), і яны магчымыя і летам.

Спецыяліст раіць жыхарам раёна хадзіць акуратна і павольна – не спяшайцеся, калі на вуліцы, на прыступках слізка. Аддавайце перавагу абутку з рыфленай падэшвай ці прымацуйце на яе палоску наждачнай паперы. Калі ж падзення ніяк не пазбегнуць, згрупуйцеся і падайце на бок, але ніяк не на выцягнутыя рукі – такое здараецца вельмі часта і прыводзіць да непажаданых наступстваў.

Зімой ускладняецца абстаноўка на дарогах, расце лік дарожна-транспартных здарэнняў. За апошні тыдзень іх у раёне здарылася 14, у тым ліку 6 – з матэрыяльнай шкодай і па прычыне таго, што ва-
дзіцелі няправільна выбралі хуткасць руху, не ўлічылі няпростыя ўмовы надвор’я. Старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Івацэвіцкага РАУС Дзмітрый ЮДЗІК параіў жыхарам раёна па магчымасці адмовіцца ад выкарыстання транспартных сродкаў, ад далёкіх паездак. А таксама пастарайцеся не пакідаць сваіх аўтамабіляў ў месцах, дзе яны могуць перашкаджаць рабоце снегаўборачнай тэхнікі. Калі так здараецца, камунальнікі паведамляюць пра нязручнасці ў ДАІ, дзяржаўтаінспектары шукаюць уласніка транспартнага сродку па тэлефоне і просяць адагнаць машыну. Губляецца час. А за апошні тыдзень зроблена нямала такіх званкоў.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.

Поделиться