Калісьці ў савецкія часы жартавалі, што ў Маскве пражываюць толькі генералы, міністры і артысты… Нашы Івацэвічы не Масква, канешне, але і сярод нашых землякоў ёсць тыя, хто дабіваецца поспехаў, напрыклад, у службе і атрымлівае высокае званне афіцэрскага або каманднага складу. Так, Указам № 67 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі ад 23.02.2022 года прысвоена чарговае спецыяльнае званне палкоўнік юстыцыі Вадзіму Лішко, начальніку Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.
Пагадзіцеся, вельмі нямногія ўраджэнцы зямлі івацэвіцкай змаглі атрымаць такое высокае званне – палкоўнік. Чым не цудоўная нагода расказаць пра жыццёвы лёс і працоўную біяграфію земляка? З начальнікам Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь палкоўнікам юстыцыі Вадзімам Лішко гутарыць супрацоўнік «ІВ».
– Вадзім Мікалаевіч, калі не памыляюся, ваша радзіма – Целяханскі край…
– Так, нарадзіўся я ў в. Бабровічы. Бацька працаваў дырэктарам мясцовай школы, мама – медработнік ФАПа. Калі школа ў вёсцы закрылася, бо значна зменшылася колькасць вучняў, то сям’я пераехала жыць у Вялікую Гаць. Менавіта ў Вялікай Гаці я пайшоў вучыцца ў мясцовую сярэднюю школу… Канешне, было гэта вельмі даўно, ужо няма бацькі, які працаваў настаўнікам у вышэйзгаданай школе, засталася толькі мама, якая рана стала ўдавой і ўсе сілы накіравала на тое, каб паставіць сваіх двух сыноў на ногі, даць вышэйшую адукацыю. Я ёй вельмі ўдзячны. Жанаты, выхоўваю дваіх дзяцей: дачка – студэнтка Віцебскага медуніверсітэта, сын – вучань СШ № 4 г. Івацэвічы, абое вучацца выдатна.
– А як адбываўся ваш выбар прафесіі?
– Не магу сказаць, што я марыў толькі пра работу ў праваахоўных органах, але на выбар паўплывалі жыццёвыя біяграфіі і прыклад маіх двух дзядзькаў, якія працавалі ў міліцыі. Яны заўсёды вылучаліся цвёрдасцю характару, вызначаліся выпраўкай, знаходзіліся ў добрай фізічнай форме, іх словы не разыходзіліся са справай – цудоўны прыклад для маладога хлопца!.. Скончыў Магілёўскую школу міліцыі, акрамя гэтага скончыў Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
У праваахоўных органах працую каля 26 гадоў. Праляцелі гэтыя гады нібы адзін дзень.
– А якім было Ваша першае працоўнае месца?
– Першая мая пасада – участковы інспектар міліцыі Амяльнянскага сельсавета. На той момант у Целяханах было адкрыта мясцовае аддзяленне міліцыі, у склад яго ўвайшоў і я. Ведаеце, з вялікай пяшчотай згадваю тое першае месца работы і той сельсавет. Было цікава, вяскоўцы жылі насычаным жыццём; у мяне былі цудоўныя настаўнікі-міліцыянеры, якія ахвотна дзяліліся вопытам, – Мікалай Канановіч, Уладзімір Сагановіч, Васіль Лукашэвіч… Жыхары Целяханшчыны вызначаліся адкрытасцю, даверлівасцю, прастадушнасцю. Гэта быў няпросты час, але менавіта тады я атрымаў першы багаты вопыт, які дазволіў лепш арыентавацца ў прафесіі.
– Тым не меней, асноўная частка працоўнай біяграфіі – органы папярэдняга расследавання…
– У 2000-м годзе прапанавалі змяніць кірунак работы і перайсці на працу дазнавальнікам у аддзяленне папярэдняга расследавання. Дзякуючы падтрымцы такіх вопытных супрацоўнікаў, як Леанід Квашэвіч, Аляксандр Іванец хутка ўвайшоў у курс справы. У 2007-м годзе прапанавалі ўзначаліць аддзяленне папярэдняга расследавання Івацэвіцкага РАУС.
– У верасні 2011 года Прэзідэнт Беларусі падпісаў Указ № 409 «Аб утварэнні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь». Следчы камітэт стаў самастойнай і незалежнай адзінкай у сістэме праваахоўных органаў краіны. Ці лёгка праходзіла гэтая перабудова?
– Вельмі нялёгка і вельмі няпроста, бо пачынаць у многім прыходзілася з нуля. У нас не было ўласнага памяшкання, а трэба ж было абжывацца, наладжваць работу ў новых умовах. За гэтыя 10 гадоў зроблена вельмі многае: сёння райаддзел знаходзіцца ў прыгожым будынку ў цэнтры горада, у нас належным чынам абсталяваныя кабінеты, ёсць аргтэхніка, аўтамабілі. Калі ты кіраўнік, то адказваеш за ўсё, пачынаючы з будынка і аўтамабіляў, заканчваючы разеткай у кожным кабінеце.
Сфарміравацца і стаць самадастатковай адзінкай ў сістэме праваахоўных органаў раёна дапамагла падтрымка кіраўніцтва раёна і непасрэдна старшыні райвыканкама А. Б. Грыцука, які з разуменнем ставіцца да нашых просьбаў, дапамагае вырашаць пытанні са службовымі памяшканнямі, у тым ліку ў цяперашні час.
– 26 гадоў – вялікі стаж, велізарны вопыт. Якія здарэнні, крымінальныя справы найбольш запомніліся?
– Большасць такіх здарэнняў – «непрыкметныя» справы: крадзяжы, хуліганствы, нанясенні цялесных пашкоджанняў… Хаця, канешне, здараліся і рэзанансныя справы: памятаю, як каля кафэ «Валянціна» адстаўны ваенны, расіянін, у ходзе канфлікту з гаспадарамі ўстановы выхапіў пісталет і стаў страляць… Згадваецца і выпадак у Косаве, калі мясцовы медработнік разам з двума каталіцкімі ксяндзамі (яны былі ўзброеныя) аказалі супраціўленне супрацоўнікам праваахоўных органаў. Хаця, дзякаваць Богу, гучных спраў не так і многа… Не радуе, што на тэрыторыі нашага раёна часта адбываюцца ДТЗ з цяжкімі наступствамі, але гэта непазбежна: Івацэвіцкі раён – адзін з самых буйных па плошчы ў Беларусі, ён «пранізаны» многімі аўтадарогамі, якія актыўна эксплуатуюцца.
– Параўнайце работу супрацоўніка праваахоўных органаў 90-х гадоў мінулага стагоддзя і сучаснага праваахоўніка.
– Многае проста і блізка нельга параўнаць: у 90-я гады я па сваім адміністрацыйным участку рухаўся на ўласным матацыкле «Мінск», толькі праз некалькі гадоў выдзелілі матацыкл МТ з каляскай… А сёння міліцыянеры і следчыя перамяшчаюцца ў легкавых аўтамабілях, да нашых паслуг – дроны і светлавыя вежы… Гэта ўсё дапамагае больш якасна выконваць сваю работу. А вазьміце геномныя экспертызы – раней гэта было амаль фантастыка, а вось некалькі гадоў таму, дзякуючы выдзеленаму генатыпу удалося выйсці на след жанчыны, якая ў нашым раёне нарадзіла дзіця і выкінула ў кантэйнер для смецця… Працаваць стала лягчэй, але і характар злачынстваў змяніўся. Ці ведалі мы 5-6 гадоў аб тым, што праблемай стануць кіберзлачынствы? Жыццё падкідвае новыя задачы і новыя склады злачынстваў; кожны з нас, следчых, павінен быць сучасным і ўмелым спецыялістам.
…Дасягненні ў рабоце і высокае званне палкоўнік юстыцыі атрымаў яшчэ і таму, што ў нас сфарміраваўся цудоўны калектыў прафесіяналаў – вопытных і маладых супрацоўнікаў, кожны з якіх можа справіцца з любой задачай. Дзейнасць такіх следчых, як Сяргей Падсадны, Андрэй Прадзіль-
шчыкаў, Віталь Пушыла, – лепшы прыклад для маладых рабят. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што наш райаддзел у 2020-м годзе быў прызнаны лепшым у Брэсцкай вобласці. Адсюль пашана калектыву і высокае званне палкоўнік юстыцыі, якое атрымаў і за якое вельмі ўдзячны.
Аляксандр ГОРБАЧ.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.