x
Close
Новости Общество Происшествия

Спачатку – віншаванні, пасля… п’яныя разборкі

Спачатку – віншаванні, пасля… п’яныя разборкі
  • Опубликовано:13 января, 2023

Некаторыя нашы грамадзяне не могуць адзначыць юбілей без міліцыі.

Жыхарцы Івацэвічаў Жанне Ф. (тут і далей імёны па этычных прычынах зменены) споўнілася 45 гадоў. Дату і падзею вырашылі адзначыць у коле сям’і: бабулі-дзядулі, муж Сяргей, сын Максім, які запрасіў на мерапрыемства Карыну, сваю дзяўчыну – патэнцыяльную нявестку Жанны і Сяргея, а таксама іншыя госці.

Святкаванне пачалося ў вячэрні час і спачатку праходзіла прадказальна; ад цёплых слоў, падарункаў і кветак імянінніца літаральна разамлела. Пасля вырашылі зрабіць перапынак, бацька і сын накіраваліся на прагулку, больш сталыя людзі прылеглі адпачыць. На кухні засталіся Жанна і Карына.
І тут паміж імі ўзнікла спрэчка, якая перарасла ў сварку. Карына асабліва не абцяжарвала сябе думкай, што можна было б і больш лагодна размаўляць з імянінніцай, якая, магчыма, хутка стане яе свекрывёй. Яна абвінавачвала Жанну ў тым, што Максім не падрыхтаваны да сямейнага жыцця, а зараз, напэўна, пайшоў сабе яшчэ дзяўчыну шукаць. Разгарэўся скандал, які закончыўся, калі ў кватэру вярнуліся муж і сын імянінніцы. Сяргей і Максім сталі на абарону жонкі і маці і выштурхалі Карыну за парог кватэры, зачыніўшы дзверы перад яе носам.

На гадзінніку было каля трох гадзін ночы.

Карына, неапранутая, у пакаёвых тапках, знаходзячыся на лесвічнай пляцоўцы, працягнула «барацьбу» – выклікала міліцыю. Сяргей і Максім выйшлі на вуліцу, а калі ўбачылі, што каля пад’езда іх дома спыніўся міліцэйскі аўтамабіль, то кінуліся наўцёкі. Міліцыянеры змаглі дагнаць і затрымаць Сяргея, але той, раз’юшаны і разгарачаны скандалам, аказаў супраціўленне, стаў пагражаць. А калі супрацоўнік міліцыі паспрабаваў надзець на яго рукі наручнікі, то ён, размахваючы гэтымі наручнікамі, ударыў міліцыянера імі па галаве…

Як вынік, у адносінах да Сяргея ўзбуджана крымінальная справа па арт. 364 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Насілле або пагроза прымянення насілля ў адносінах да супрацоўніка органаў унутраных спраў». Санкцыя суда прадугледжвае і пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў. Сяргей прызнаў віну, прынёс шчырыя прабачэнні міліцыянеру, супрацоўнічае са следствам. Тым не меней, ён сядзе на лаву падсудных.

Колькі слоў маралі. Бегаць ад міліцыі, аказваць супраціўленне – сабе даражэй. Калі вы лічыце, што з боку супрацоўніка назіраюцца парушэнні, то можаце іх пасля абскардзіць. Трымайце сябе годна, выконвайце патрабаванні Закона! Хочацца папрасіць і маладых людзей: з большай павагай стаўцеся да дарослых! Патэнцыяльная нявестка ў вышэйзгаданым выпадку магла б сябе трымаць больш стрымана і сціпла, а не скандаліць і «выхоўваць» будучую свякроў, якая ёй па ўзросту амаль што маці…

Вадзім ЛІШКО, начальнік Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.