Спазнала бяду ўкраінка Людміла Чубінец, якая засталася без дома на радзіме, але знайшла яго ў нашым раёне
Ваенныя падзеі ўжо даволі працяглы час вымушаюць украінцаў шукаць паратунку ў суседніх краінах. Мігранты шукаюць і знаходзяць прытулак, работу і ў нашым раёне. Адна з іх – Людміла Чубінец з Херсонскай вобласці, якая засталася без даху над галавой і ў жніўні мінулага года рушыла ў Беларусь, дзе ў яе не было ні сваякоў, ні знаёмых. Цяпер яна аператар машыннага даення ў ААТ «Мілейкі» і чакае перасялення ў адрамантаваную кватэру ў в. Бусяж, дзе працуе на ферме.
Сумную гісторыю расказала жанчына журналісту. Вось яна.
– Наша вёска сцёртая з твару зямлі. У мой дом трапілі два снарады, нічога ад яго не засталося, – расказвае Людміла. – Здзіўляюся, як гэта ў іх так атрымалася, што ўсё знішчана начыста. І летняя кухня, і хлеў, і гараж… Гараж быў жалезны, дык ператварыўся ў металічны «калабок». Мы жылі ў гарачай кропцы, на граніцы абласцей. Усе снарады ляцелі туды.
Некалькі месяцаў жыла ў падвале, змайстравала сабе там печку. Жыла адна, з мужам даўно разышлася, дзеці далёка. Многія з вёскі з’ехалі, а я яшчэ трымалася… Было вельмі страшна (плача. – Рэд.). У выніку і я не вытрымала. Калі бамбёжка, здаецца, што лопнуць барабанныя перапонкі. У падвале жыла ў чаканні чарговага ўдару. Сядзіш і думаеш: калі гэта ўсё разбурыцца канчаткова, можа, зараз? Страшна, сыра, мокра. Помню, памыла бялізну, павесіла ў двары. Недасохла яна: снарады. А аднойчы выбралася з падвала па ваду, гляджу – няма студні, узарваная. Як так жыць? Не дай Божа нікому такога.
Людміла паехала спачатку ў Польшчу – там дзеці, але не захацела заставацца ў дачкі. Мову не ведае, цяжка. Бацька ў яе рускі, а маці і бабуля – з Беларусі, таму пацягнула ў нашу краіну. Было з сабой дзве торбы – вось і ўсё дабро.
Прыехала жанчына ў Брэст, у службу занятасці. Там падказалі: для яе, у мінулым аператара машыннага даення, цялятніцы, ёсць вакансія ў ААТ «Мілейкі». Пагадзілася на яе. Гаворыць: сустрэлі добра, «накармілі, абагрэлі», далі жыллё ад сельгаспрадпрыемства; прывезлі і дровы, і газавы балон (дапамог калгас), і брыкет (паспрыяў сельвыканкам). Харошае было жыллё, толькі хацелася жыць бліжэй да фермы, на якой працавала – у Бусяжы, з просьбай перасяліць яе ў суседнюю вёску звярнулася да кіраўніцтва гаспадаркі, і ёй пайшлі насустрач.
Зараз Людміла часова жыве ў сціплым доміку і чакае заканчэння рамонту кватэры ў чатырохкватэрным доме, якую ёй прапанавалі ў якасці жылля. Рамонт робіць будаўнічая брыгада ААТ «Мілейкі». Спыніцца ў Бусяжы плануе надоўга, у перспектыве хоча атрымаць беларускае грамадзянства («вяртацца мне няма куды, назад у падвал не хачу»).
– Гаварыць прыгожа не ўмею, проста хачу падзякаваць усім, – працягвае. – Беларусы – харошыя людзі, дапамаглі мне, як кажуць, гуртам. І ежу мне прыносілі, і рэчы: адзенне, посуд, мэблю, дапамаглі з дакументамі, з атрыманнем дазволу на пражыванне, яшчэ атрымала гуманітарку ў Брэсце і Івацэвічах. Дырэктар ААТ – чалавек добры, уваходзіць у становішча. Зарплату атрымліваю на картку, яна задавальняе. Ведаю, як патэлефанаваць дзецям. А з астатнімі роднымі сувязі няма. Дом сястры таксама разбамбілі. Дзе яна цяпер?.. З цягам часу павінна ўсё наладзіцца…
Мы сустрэліся па ініцыятыве старшыні Івацэвіцкай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа Жанны Каспяровіч – гэта яна прапанавала паехаць да жанчыны і перадаць дапамогу ад Чырвонага Крыжа, бо сама Людміла па яе не звярнулася. Падтрымаў прапанову начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Івацэвіцкага РАУС Дзмітрый Шымановіч, які хацеў паглядзець, як уладкавалася ў Бусяжы перасяленка з Украіны. Усе разам мы накіраваліся ў вёску.
Зараз у Людмілы Чубінец спецыяльны дазвол на часовае пражыванне ў Рэспубліцы Беларусь – год можна жыць і працаваць у краіне, маючы такі дакумент. Толькі для рэгістрацыі ў кватэры патрэбны від на жыхарства. Можна пражываць у ёй і без рэгістрацыі, але за камунальныя паслугі давядзецца плаціць нямала. Дамовіліся, што Дзмітрый Аляксандравіч дапаможа з афармленнем віду на жыхарства, а пазней і з атрыманнем грамадзянства ў спрошчаным парадку – Людміла мае на гэта права як нашчадак беларускі.
Жанна Каспяровіч шчыра спачувала жанчыне, якая многае перажыла. Яна чула нямала такіх гісторый і ўмее знайсці патрэбныя словы: Чырвоны Крыж пастаянна падтрымлівае мігрантаў, каардынуе аказанне дапамогі. Людміла Мікалаеўна мае права на атрыманне прадуктовага і гігіенічнага набораў на працягу двух месяцаў як чалавек, які трапіў у цяжкае жыццёвае становішча праз ваенныя дзеянні на радзіме. Першы такі набор ёй і перадала Жанна Веніямінаўна.
– Вам жа трэба абжывацца. І бялізна, і шторы, і посуд – усім гэтым дапаможам. Не саромейцеся, звяртайцеся, – запэўніла старшыня.
І дадала, што раённая арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа – ці не першае месца, куды пажадана звярнуцца мігранту, звычайна іх да Жанны Веніямінаўны накіроўваюць з аддзялення па грамадзянстве і міграцыі. Людміла Чубінец пайшла па другім шляху і не звярнулася, таму Чырвоны Крыж сам прыехаў да яе і, дарэчы, можа дапамагчы адшукаць блізкіх, з якімі няма сувязі. Жанчына напісала заяву, і цяпер будзе атрымліваць абяцаную дапамогу.
У мінулым годзе ў Івацэвіцкую раённую арганізацыю Беларускага Чырвонага Крыжа па дапамогу звярнуліся восем мігрантаў, адзін – сёлета. У іх ёсць магчымасць атрымаць і сертыфікаты ад Чырвонага Крыжа (пры наяўнасці сродкаў) – напрыклад, на падрыхтоўку дзяцей да школы.
Людміла – чалавек выхаваны, мяккі, дабрадушны. Яна прасіла прабачэння ў гасцей за сціпласць яе інтэр’еру і турботы, якія быццам даставіла сваім візітам у раён, бясконца дзякавала ўсім і кожнаму – ад работадаўцы да суседзяў («я просты чалавек, а столькі ўвагі»). Ні на што не скардзілася, хоць і зараз жыццё яе не цукар – адна ў чужой краіне, ды і хапае турбот, калі пачынаць жыццё з чыстай старонкі. Так можа разважаць чалавек, які бачыў, спазнаў бяду. Яна найбольш цэніць бяспеку, магчымасць спакойна спаць па начах, магчымасць проста жыць – нават калі жыць проста, сціпла. А завяршыць гэты тэкст мне хочацца словамі пісьменніка і журналіста Сяргея Даўлатава. Ён напісаў аднойчы, што чалавек чалавеку – усё, што заўгодна, у залежнасці ад збегу акалічнасцей. Ён здольны на ўсё – на дурное і на добрае, сумна, але гэта так. Таму дай нам Божа стойкасці і мужнасці, а яшчэ лепш – абставін часу і месца, якія схіляюць нас да дабра.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота аўтара.