У аграгарадку Спорава Бярозаўскага раёна, на беразе мясцовага возера праходзіў абласны фестываль аматараў народнага гумару «Спораўскія жарты». У восьмы раз ён сабраў лепшых з лепшых, смешных і вясёлых, актыўных і пазітыўных… Адным словам, «жартоўна» настроеных грамадзян, для якіх гумар з’яўляецца лепшым сродкам ад штодзённасці, лекамі ад безвыходнасці і проста падзеяй года.
Так, спадары, Спораўскі фестываль адкрывае новыя імёны, фантануе задумкамі, ідэямі, апладысментамі… І паверце, кожны раз здзіўляе гледача разнастайнымі прыгодамі, эстраднымі мініяцюрамі, сцэнічнымі вобразамі, касцюмамі, дэкарацыямі.
У заключных мерапрыемствах фестывалю прынялі ўдзел каля 200 артыстаў-аматараў, якія прадстаўлялі творчыя дэлегацыі з 11 раёнаў Брэсцкай вобласці.
Прывітальныя словы Людмілы Курлені і музыка з песні Адрыяна Чэлентана задалі тэмп выступленню Івацэвіцкай каманды. Пасля завяршэння ўрачыстага адкрыцця фестывалю, прадстаўлення «візітовак», цырымоніі «дарэння» сімвалічных сувеніраў (дарэчы, Івацэвіцкі раён падарыў спораўскім гаспадарам пару чароўных гусей), святочнае шэсце, якое складалася з удзельнікаў, арганізатараў каманд, балельшчыкаў, рушыла па галоўнай вуліцы аграгарадка. Кожная каманда са сваім «аркестрам».
Літаральна праз пяць хвілін пасля прыбыцця да месца дыслакацыі вядучымі было абвешчана аб пачатку конкурснай праграмы ў намінацыі «Народны гумар». Зборная каманда аматараў гумару «Спораўскі праменад – на Івацэвіцкі лад!» выступала трэцяй. Адкрыў нашу праграму нязменны ўдзельнік «Спораўскіх жартаў», ён жа культарганізатар Вулька-Аброўскага СДК, ён жа класны рэжысёр, ён жа супергарманіст Андрэй Куцко, пасля чаго жартоўны танец «Марусіны гусі» ў выкананні артыстаў народнага тэатра «Авацыя» Івацэвіцкага ГДК адразу пакарыў спрактыкаванага спораўскага гледача. Рэжысёр і харэограф танца Наталля Куратнік адрэпеціравала нумар так, што ў фінале стварылася ўражанне, нібы гусі разам з Марусяй проста ўзляцяць і рвануць на наступны курорт. Адным словам, дынаміка была яшчэ тая.
Не паспелі «прыхільніцы» ўзяць аўтографы ў герояў, як на сцэну проста віхурай уварваліся артысты эстраднай мініяцюры «Аўтобус на курорт», у якой удзельнічалі прадстаўнікі аматарскіх калектываў мастацкай творчасці Амяльнянскага СДК (кір. – І. П. Каверчык), Магіліцкага СДК (А. В. Багач), а таксама выканаўцы прыпевак Н. М. Тысевіч, У. І. Віктаровіч з Аброўскага СДК, А. Р. Куцко з Вулька-Аброўскага СДК. Ды, спадары, гэты нумар трэба было бачыць. Гісторыю падарожжа «турыстаў» з Івацэвіцкага раёна запомнілі не толькі таму, што ігралі яны бліскуча, а і таму, што ў ёй народны каларыт, рэгіянальная гаворка, дарагая кожнаму з нас на ўзроўні генетыкі. Дарэчы, пад «гіпнозам» нашых дзяўчат надрывалі ад смеху жываты нават мужыкі. Удзельніцы пантамімы «Прачкі» аматарскага аб’яднання «Мініяцюра» Любішчыцкага СДК (кір. – С. У. Ятчэня) сваю кампазіцыю будавалі на класічнай музыцы Брамса, Моцарта, Шэдрына… І бачылі мы, пастаноўшчыкі, гукааператары, рэжысёры, як зачаравала гэтая гісторыя журы і гледачоў. Гэта было грацыёзна, тонка, з такім крыштальным гумарам!
Развязка і фінал будаваліся на прыпеўках Ніны Мікалаеўны Тысевіч, Васіля Іванавіча Віктаровіча, Андрэя Георгіевіча Куцко. Яны зрабілі сваю «музычную справу» на выдатна. Наша Дама-Званочак, так назвалі Ніну Мікалаеўну спораўцы за яе капялюш са срэбнымі званочкамі, выклікала фурор! Дарэчы, Ніна Мікалаеўна яшчэ і народны майстар Рэспублікі Беларусь па ткацтве. Спадары, у 85 гадоў! Так выдаць аўтарскія прыпеўкі, успомніць каханне (у гумары), жыццё (у натуры) дадзена не кожнаму. І, несумненна, для гледача яна стала зоркай! А нашы гарманісты ўслед за ёю паставілі кропку ў конкурсным выступленні і выклікалі проста шторм жаночых авацый.
Вынік творчага спораўскага ўлову быў такі: Дыплом ІІ ступені ў намінацыі «Народны гумар», спецыяльны Дыплом «За лепшае прадстаўленне рэгіянальнага фальклору», Дыплом – ва ўдзельніцы аматарскага аб’яднання «Рампа» Таццяны Мартынаўны Куратнік (Амяльнянскі СДК), Дыплом – ва ўдзельніцы фальклорнага калектыву аматарскай творчасці Аброўскага СДК Ніны Тысевіч і Ганаровая грамата за шчыры жарт, весялосць, выканальніцкае майстэрства і актыўны ўдзел у абласным фестывалі народнага гумару – у Івацэвіцкага народнага драматычнага калектыву (рэжысёр – Валянціна Кулецкая).
Вы думаеце, наша Івацэвіцкая каманда гумарыстаў на гэтым адстралялася?
А вось і не! Народны тэатр «Авацыя» Івацэвіцкага ГДК як адзін з лепшых тэатральных калектываў вобласці прадставіў у фінале проста «Улётнае гумарыстычнае шоу» пад кіраўніцтвам рэжысёра тэатра Валянціны Кулецкай і харэографа Наталлі Куратнік. Нават уявіць сабе было немагчыма, колькі пасля гэтага з’явіцца ў нашых артыстаў прыхільнікаў і прыхільніц іх таленту. Карацей, нашы выступілі па вышэйшым узроўні. Гумарыстычныя мініяцюры «Сэрца кахання», «Іспыт на кафедры бубна», «Двое ў лодцы», «У псіхолага», «Песня пра касірку», «Дваровы хор» гледачам надта спадабаліся, «брава!» крычалі ўсе: і прадаўцы папкорну, і маладыя матулі, і нават доблесныя вартавыя парад-
ку. Прымусіў пайсці спораўцаў у скокі запальваючы цыганскі танец «Брычка», а фінальная «Песня пра далоні» ў выкананні саліста Арцёма Аўцынава і ўсіх акцёраў тэатра падняла гледачоў са сваіх месцаў у знак удзячнасці за высокі прафесіяналізм, як «спораўская хваля».
Дэбютантка «Спораўскіх жартаў» Ангяліна Пытляк па прыездзе казала, што фестываль прайшоў на вышэйшым узроўні, вельмі пазітыўна, маляўніча, а магчымасць наведвання такога кшталту мерапрыемства ёй як маладому спецыялісту стварае настрой на далейшае творчае развіццё. А Ала Багач дадала: «На фестывалі жарты ішлі ад душы. Жартавалі лёгка, па-добраму, з любоўю. Бо гумар, па сутнасці, – лекі ад болю. Калі чалавек умее жартаваць, то ўсё яго жыццё становіцца прасцей і лепш».
Мы прывезлі са Спорава яскравыя ўражанні, прызнанні прыхільнікаў, узнагароды, фота на памяць… і ўпэўненасць у тым, што дзявяты фестываль у Спораве адбудзецца пры любым надвор’і.
А мы абавязкова прыедзем!
Алена ЦІТОВА, метадыст ДУК «Івацэвіцкая раённая клубная сетка».