“Галоўны бонус – здароўе. Хіба гэтага мала?”

4 апреля 2017 - Administrator
article3063.jpg

Многія тэлегледачы канала  “Беларусь 5” заўважылі і палюбілі рубрыку, прысвечаную гіравікам, – асілкам, аматарам здаровага ладу жыцця, якія свае спрыт і моц дэманструюць з дапамогай гіры – паважанага ва ўсім свеце спартыўнага снараду. Вядучы гэтай рубрыкі ў рамках перадачы “Фактар сілы” – майстар спорту міжнароднага класа Дзмітрый Давыдзік. Не ўсе ведаюць, але Дзмітрый – наш зямляк, ураджэнец Івацэвіцкага раёна, які ў сваім спартыўным развіцці дайшоў да вельмі сур’ёзных вышынь, з’яўляецца рэкардсменам Беларусі, двухразовым чэмпіёнам свету ў спаборніцтвах пад эгідай Міжнароднай федэрацыі гіравога спорту. 

Згадзіцеся, гэта варта таго, каб расказаць пра Дзмітрыя асобна, ганарыцца яго дасягненнямі.

Хватка – жалезная. Характар таксама
Бацькі Дзмітрыя – ураджэнцы Івацэвіччыны, дзяцінства прайшло ў дзвюх вёсках раёна – у Яглевічах і Вульцы-Аброўскай. Пасля заканчэння тэхнікума па спецыяльнасці “Пажарная тэхніка і бяспека” працаваў у Івацэвіцкім райаддзеле па надзвычайных сітуацыях, быў камандзірам аддзялення дзяжурнага каравула, працаваў пасля ў Брэсце таксама ў сістэме МНС, дзе таксама быў камандзірам каравула, пасля пераехаў у Мінск, дзе жыве зараз і дзе ў спартыўным кірунку змог рэалізаваць сябе ў поўнай меры. Скончыў БДУ; і зараз вучыцца – у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.     

Але дзе пачатак захапленню спортам, якое стала справай усяго жыцця Дзмітрыя?
– Мой бацька актыўна займаўся спортам на аматарскім узроўні, удзельнічаў у розных раённых спаборніцтвах, а прыкладам па-сапраўднаму апантанага спортам чалавека з’яўляецца родны дзядзька – Анатоль, які зараз працуе настаўнікам фізкультуры ў Даманаўскай СШ. Менавіта ён яшчэ ў дзяцінстве падарыў мне першыя гантэлі для трэніровак, дапамог зрабіць “штуршок” у свет спорту. Дарэчы, сыны дзядзькі Анатоля, мае стрыечныя браты, – таксама цудоўныя спартсмены.

Але па-сапраўднаму зацікавіўся спортам у сярэднім школьным узросце. Мне было каля 13 гадоў, памятаю, на ўроку фізкультуры я не змог выканаць нарматыў па падцягванні – толькі два ці тры разы падцягнуўся, а хлопцы-аднакласнікі – намнога болей. Было сорамна! Тады я цвёрда вырашыў штодзень прысвячаць сябе спорту… Праз некалькі месяцаў ужо падцягваўся каля 20 разоў. Варты падзякі яшчэ дзве асобы: настаўнік фізкультуры Вулька-Аброўскай СШ В. І. Веліканаў, які накіроўваў мае дзіцячыя інтарэсы ў спартыўнае рэчышча, і заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, мнагакратны чэмпіён свету Вадзім Уладзіміравіч Сігневіч, ураджэнец Бярозаўшчыны, які натхніў мяне на заняткі менавіта гіравым спортам. Было гэта каля 15 гадоў назад – і з таго часу трэніроўкі, спаборніцтвы… 

Першы майстар спорту міжнароднага класа з нашага раёна
Актыўныя заняткі з гірай паступова павялічвалі сілу і спрыт, павышалі тэхнічныя магчымасці Дзмітрыя. Значныя поспехі прыйшлі ў 2010-м годзе, хаця нарматывы майстра спорту наш герой выканаў раней. Менавіта ў 2010-м годзе ён выйграе першынство Беларусі, пасля становіцца бронзавым прызёрам Чэмпіянату свету па гіравым спорце. У хуткім часе Дзмітрый Давыдзік становіцца чэмпіёнам свету – як у штуршку гіры па доўгім цыкле, так і ў класічным забор’і, а ў 2015-м годзе нават паказаў абсалютна лепшы вынік Чэмпіянату свету сярод усіх вагавых катэгорый. Ужо на той момант стала відавочна: у гіравым спорце з’явіўся моцны лідар, на паказчыкі і рэзультаты якога прыйдзецца раўняцца многім. На сённяшні дзень Дзмітрый Давыдзік мае спартыўнае званне майстра спорту міжнароднага класа.

Для даведкі: адзінкі ўраджэнцаў зямлі івацэвіцкай маюць такое высокае спартыўнае званне.
Але ж гіравы спорт – не алімпійскі. Цікаўлюся ў Дзмітрыя: ці не з’яўляецца гэты факт “стопарам” у дзейнасці спартсмена-прафесіянала?
– Гіравы спорт – народны, так бы мовіць, від спорту, а значыць не можа быць 
непапулярным, хаця неалімпійскасць, сапраўды, тармозіць яго развіццё. У той жа час не магу не адзначыць павышэнне цікавасці да заняткаў гіравым спортам, у тым ліку, – на Захадзе. Чэмпіянаты свету збіраюць 500-600 удзельнікаў, большасць з іх – прадстаўнікі Еўропы, ЗША, Азіі. Гіравы спорт уваходзіць у праграму фестывалю па неалімпійскіх відах спорту, праграму спартакіяд працоўных калектываў... У рэшце рэшт, калі не скардзіцца, а імкнуцца самому штосьці змяніць у гэтым жыцці, то дабіцца можна вельмі многага… Мы з маёй любай жонкай Надзеяй менавіта так жывём і дзейнічаем. Мне самому даводзілася некалькі разоў падтрымліваць нашу беларускую федэрацыю гіравога спорту і нават купляць узнагароды, аднак калі ёсць магчымасць дапамагчы нашай агульнай справе, то чаму не? Галоўнае, бачыць ва ўсім пазітыў, жыць з пазітывам і ісці наперад…

Сям’я дружная, спартыўная…
Так, сямейнае жыццё Дзмітрыя Давыдзіка – найлепшы прыклад таго, як могуць быць шчаслівымі аднадумцы, як, увогуле, здорава, калі муж і жонка маюць адно захапленне на дваіх.
Прапаганда актыўнага ладу жыцця, прафесійнага спорту, здаровага і спартыўнага харчавання – адзін з асноўных кірункаў дзейнасці Дзмітрыя, а лепшы памочнік яму ў гэтай справе – жонка Надзея, якая, дарэчы, таксама захапілася гіравым спортам. Гэтая худзенькая субтыльная дзяўчына – бронзавы прызёр кубка Беларусі 2016-га года. Далучыцца да заняткаў мужа вырашыла падчас іх сумесных вандровак на спаборніцтвы – у Германіі, Грэцыі, расійскім Санкт-Пецярбургу…

– Мы з Надзеяй – адна дружная каманда, – звяртае ўвагу Дзмітрый. – З’яўляемся арганізатарамі дзіцячых спаборніцтваў па гіравым спорце ў школах Мінска, штогадовага турніру “Адзінства”, які праводзіцца на Дзень незалежнасці, да Дня жанчын… Выступаем разам у СМІ, вось нядаўна бралі ўдзел у маладзёжнай тэлепраграме “Пін-код”, дзе расказвалі падрастаючаму пакаленню аб карысці заняткаў спортам. Публікуемся ў спартыўных часопісах, у тым ліку і з навуковымі работамі на тэмы павышэння ўзроўню спартыўнай свядомасці сучаснай моладзі...
Але ці жаночае гэта захапленне – уздымаць цяжкую гіру над галавой. У Дзмітрыя і Надзеі не ўзнікае пытанняў на гэты конт. Да прыкладу, Надзея ў школе мела вызваленне ад заняткаў фізкультуры, не магла вытрымаць самых нязначных нагрузак падчас бегу, але пасля заняткаў з гірай “пашырыла” спартыўныя гарызонты, разам з мужам брала ўдзел у мінскім паўмарафоне; разам яны прабеглі 10 000 м. Сілавыя практыкаванні, як падкрэсліваюць Дзмітрый і Надзея, умацоўваюць сардэчна-сасудзістую сістэму, актыўна спальваюць падскурны тлушч, умацоўваюць суставы і звязкі, увогуле, дазваляюць развівацца гарманічна і прапарцыянальна. 

Наша бліц-інтэрв’ю
– Дзмітрый, якая вага гір, што ўздымаеце? 
– Што тычыцца вагі гір, то яна не з’яўляецца пастаяннай велічынёй. У маім выпадку, трэніровачны працэс патрабуе заняткаў з гірамі самай рознай вагі дзеля фізічнай адаптацыі. На трэніроўцы выкарыстоўваю снарады вагой 16, 18, 20, 22, 24, 26, 28, 30 і 32 кілаграмы. 

– Што параіце навічку ў гіравым спорце? 
– Рэкамендуемая для пачатку вага гір – 14 альбо 16 кілаграмаў у залежнасці ад вагі спартсмена. Напачатку не вагу трэба  “штурмаваць”, а імкнуцца ўдасканальваць
навыкі, авалодваць тэхнікай выканання практыкаванняў. Толькі пасля варта пераходзіць непасрэдна да сілавых і функцыянальных трэніровак. 

– Анатомія прафесійнага гіравога спорту – гэта…
– Класічны гіравы спорт складаецца з класічнага двухбор’я (штуршок дзвюх гір ад грудзей і рывок адной кожнаю рукою пачаргова) і штуршка гіры па доўгім цыкле (закід снарада знізу на грудзі і штуршок уверх з апусканнем уніз). На выкананне гэтых практыкаванняў даецца 10 хвілін. За гэты час патрэбна зрабіць максімальную колькасць пад’ёмаў – перамагае той, хто зрабіў іх найбольшую колькасць. Спартсмены спаборнічаюць у сямі вагавых катэгорыях: 60, 65, 70, 75, 80, 90 і вышэй 90 кілаграмаў. 
Калі гаварыць пра спаборніцтвы, то там выкарыстоўваюцца гіры 24 і 32 кілаграмы. На буйных спаборніцтвах, накшталт чэмпіянату краіны, Еўропы і Свету, выкарыстоўваюцца гіры толькі вагою 32 кілаграмы.    

– Якім бачыце сваё будучае, да чаго імкнецеся? Якія краіны наведалі падчас спаборніцтваў?..
 – Ад гіравога спорту, як спартсмен-прафесіянал, я ўзяў амаль усё. Усё, акрамя ганаровага звання “Заслужаны майстар спорту”. Гэта, можна сказаць, апошняя мая мэта ў спорце. Далей хацелася б займацца развіццём спорту – як гіравога, так і ўвогуле сілавога і не толькі. Прымаю ўдзел у канферэнцыях спартыўнага кірунку, публікую адпаведныя артыкулы. Напрыклад, падрыхтаваў навуковыя матэрыялы на такія тэмы, як выкарыстанне сродкаў гіравога спорту ў праграме падрыхтоўкі студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, карэкціроўка тэхнікі выканання практыкаванняў гіравога спорту ў залежнасці ад вагавай катэгорыі спартсмена, асаблівасці прававога рэгулявання фінансавання федэрацый па відах спорту, якія не ўвайшлі ў праграму Алімпійскіх гульняў. Некаторыя з артыкулаў ужо апублікаваны ў зборніках.

За час маіх міжнародных выступленняў давялося наведаць такія краіны, як Францыя, Германія, Грэцыя, Славенія, Балгарыя, Узбекістан, Літва. Як трэнер наведаў і працаваў у Ізраілі, дзе праводзіў вучэбны семінар па гіравым спорце. Каля дзвюх гадоў трэніраваў спартсменаў зборнай каманды гэтай краіны. Дарэчы, абодва мае падапечныя сталі пераможцамі і прызёрамі чэмпіянатаў Свету і Еўропы.
Як спартсмен дасягнуў многага, але, лічу, што свайго апошняга слова яшчэ не сказаў. Веру, што здзівіць змагу многіх, у тым ліку і вас, шаноўныя мае землякі, жыхары любай Івацэвіччыны...
Аляксандр ГОРБАЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий