“Веласіпед – гэта заўсёды сучасна”

15 мая 2017 - Administrator
article3148.jpg

У мінулую суботу ў Мінску прайшоў велакарнавал, удзел у якім бралі тысячы веласіпедыстаў – маладых людзей і пажылых, мужчын і жанчын. Велапарад 13 мая прайшоў і ў Івацэвічах: на плошчы каля будынка райвыканкама сабраліся каля 60 юных і не зусім юных веласіпедыстаў, каб даць пачатак новай традыцыі – правядзенню велапарадаў у Івацэвічах.

 

У шарэнзе школьнікаў вылучаўся ўжо немалады мужчына Мікалай Муца, якому каля 60 гадоў, і які таксама вырашыў прыняць удзел у мерапрыемстве. І яму было чым здзівіць журы і прысутных, бо на конкурс ён прыехаў на веласіпедзе… 1974 года выпуску. Пры гэтым стан веласіпеда – цудоўны, аснашчаны ён належным чынам…

– Мы даўно хацелі правесці гэтае мерапрыемства, і добра, што пачатак пакладзены, што веластарты стануць рэгулярнымі, – з такімі словамі звярнуўся да прысутных намеснік старшыні райвыканкама А. Ф. Велікаселец. – Мару, каб гэтая плошча была поўнасцю запоўнена ўдзельнікамі, каб павага да гэтага цудоўнага транспартнага сродку толькі расла…

 

Удзельнікаў віталі Ігар Куіс, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Генадзь Крот, загадчык сектара спорту і турызму аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама, Васіль Жур, начальнік АДАІ Івацэвіцкага РАУС… І вось удзельнікі – усяго каля 60 веласіпедыстаў – у суправаджэнні аўто ДАІ накіроўваюцца ў шлях па маршруце – вуліцы Леніна-Дзяржынскага-Камуністычная-Чарткова-Леніна.

 

…Якія ўражанні ў моладзі пасля прабягу? Цудоўныя! А што скажа наш самы вопытны ўдзельнік велапараду?

– Ці было цяжка? Канешне, не!.. Здаралася, за тры тыдні пакрываў на веласіпедзе адлегласць у 1 000 кіламетраў. І гэта не пакідаючы межаў Івацэвіцкага раёна! – расказвае Мікалай Муца. – А пракаціцца з моладдзю па вуліцах райцэнтра – за радасць!

Дарэчы, Мікалай Муца стаў адным з пераможцаў агляду-конкурсу, атрымаў прыз ад райкама БРСМ, як і самы малады ўдзельнік Аляксей Ільінскі; прызы таксама атрымалі Андрэй Міцкевіч, Аксана Рэчыц, Улад Карачун… Першы велапарад прайшоў, галоўнае, што закладзена добрая традыцыя, бо веласіпед – гэта зручна, экалагічна, эканомна і для здароўя цудоўна!

Аляксандр ГОРБАЧ (фота аўтара).

 

P.S. Цеснае сяброўства Мікалая Муцы з веласіпедам, тое, што ён веласіпедны “дальнабойшчык”, які пакрывае за год тысячы кіламетраў, – цікава, павучальна. А як “супрацоўнічаеце” з двухколавым сябрам вы, шаноўныя чытачы? Раскажыце “ІВ” аб гэтым. Будзем рады пазнаёміцца з вамі, расказаць пра вас.

Комментарии (0)
Добавить комментарий