Адкрыты новы гарадскі стадыён!

16 октября 2017 - Administrator
article3483.jpg

 14 кастрычніка вялікі футбол прыйшоў у Івацэвічы 


Івацэвічам патрэбна была сучасная футбольная еўраарэна. Наш горад займае шостае месца па колькасці жыхароў на Брэстчыне, але меў пры гэтым футбольны стадыён, які па сваіх характарыстыках саступаў падобным у Ляхавічах, Жабінцы, Ганцавічах і іншых гарадах, дзе пражывае значна менш насельніцтва, чым у Івацэвічах. 

Кіраўніцтва раёна разумела сутнасць праблемы; будаўніцтва футбольнага стадыёна хаця і ішло няхуткімі тэмпамі, тым не меней, паступова абрысы новай еўраарэны былі бачны ўсё больш і больш выразна…

І вось у мінулую суботу, 14 кастрычніка, у Івацэвічах прайшло адкрыццё новага стадыёна; на мерапрыемства прыйшлі прадстаўнікі кіраўніцтва Івацэвіцкага раёна і Брэсцкага аблвыканкама, Беларускай федэрацыі футбола.


Гучыць гімн, уздымаецца Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, слова бярэ старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук. 
– Гэты стадыён – цудоўны і доўгачаканы падарунак жыхарам Івацэвічаў і раёна, ён упрыгожыў наш горад і з архітэктурнага пункта гледжання – усё, што мы бачым тут, выглядае сучасным, прыгожым, дабротным, – адзначыў кіраўнік раёна. – З увядзеннем стадыёна ў гэтай частцы Івацэвічаў сфарміраваўся спартыўны мікрараён. Упэўнены, што новы спартыўны аб’ект будзе садзейнічаць уцягванню дзяцей і моладзі ў актыўныя заняткі фізкультурай і спортам, стане цэнтрам актыўнага адпачынку і фарміравання здаровага ладу жыцця... 
Кіраўнік раёна выказаў словы падзякі за дапамогу ў фінансаванні аб’екта старшыні Брэсцкага аблвыканкама А. В. Лісу, за якасную працу – будаўнікам, праекціроўшчыкам - усім, хто прыклаў намаганні для таго, каб запрацавала спартыўная арэна.


Пасля слова браў першы намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Мікалай Токар, які адзначыў, што цяпер Івацэвічы з’яўляюцца горадам, дзе створаны ўсе ўмовы для заняткаў фізкультурай і спортам.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11 Анатолій Ткачук, які згадаў этапы будаўніцтва новага спартыўнага аб’екта, завастрыў увагу, што добрыя спартыўныя традыцыі на івацэвіцкай зямлі прымушаюць думаць, што наша моладзь, атрымаўшы такі цудоўны падарунак, яшчэ не раз прыемна здзівіць нас, парадуе.

Начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Мікалай Глушэня, намеснік дырэктара Дэпартамента судзейства і інспектавання Беларускай федэрацыі футбола Андрэй Чэпа таксама віншавалі жыхароў Івацэвічаў з увядзеннем новага спартыўнага аб’екта, уручылі падарункі – футбольныя мячы. Прайшло шэсце маладых спартсменаў Івацэвіччыны – лёгкаатлетаў, футбалістаў, дзюдаістаў, хакеістаў, плыўцоў, фігурыстаў, узначаліла шэсце з Дзяржаўным сцягам Рэспублікі Беларусь у руках Анастасія Гаўрылік, пераможца і прызёр рэспубліканскіх спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, сярэбраны прызёр Балтыйскіх юнацкіх гульняў-2017…



Права першага ўдара па мячу было прадастаўлена Андрэю Чыстаму, майстру спорту, уладальніку Кубка Беларусі на футболе, і навучэнцу СДЮШАР г. Івацэвічы таленавітаму юнаку Ільі Дылько. Пасля на новым стадыёне прайшоў першы матч – і гэта была даволі важная гульня: ФК “Івацэвічы” ў паўфінальным матчы Кубка рэгіёнаў сустракалася з ФК “Змена” з Ваўкавыска. Нагадаем, у чвэрцьфінале івацэвіцкая каманда перамагла лепшую каманду Віцебшчыны, а калектыў з Ваўкавыска выбіў з розыгрышу прадстаўнікоў Магілёўскай вобласці.

Балельшчыкі, якія поўнасцю запоўнілі трыбуны стадыёна, чакалі сапраўднага відовішча, але важнасць процістаяння “ціснула” на ігракоў двух каманд, таму гульня праходзіла больш у пазіцыйнай барацьбе, вострых момантаў было нямнога – ні ў першым тайме, ні ў другім. У такой сітуацыі часта ўсё вырашае адзін гол, і ён, на жаль, быў забіты нашымі сапернікамі – у другім тайме прастрэл з правага фланга замкнуў нападаючы ваўкавыскай каманды Марцін Арцюх – 0:1. Гэты вынік ставіць ФК “Івацэвічы” ў даволі складанае становішча; каб выйсці ў фінал, у гульні, што пройдзе ў Ваўкавыску, трэба абавязкова перамагаць; любы іншы вынік пакіне ФК “Івацэвічы” за бортам Кубка рэгіёнаў. 


У гэты ж дзень на новым стадыёне адбыўся футбольны матч маладзёжных каманд СДЮШАР г. Івацэвічы і Ліхаслаўля (Цвярская вобласць). Гульня завяршылася баявой нічыёй – 2:2. А вечарам у Лядовай арэне г. Івацэвічы прайшла гульня першага тура першынства Брэсцкай вобласці па хакеі сярод аматарскіх каманд, ХК “Рысі” прымала “Сталкер” з Баранавічаў і саступіла 5:9. 
Аляксандр ГОРБАЧ.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий