Каманда Рэчкаўскага сельсавета – чэмпіён раёна па валейболе

18 апреля 2017 - Дарья Вдовина
article3088.jpg
У першынстве Івацэвіцкага раёна па валейболе ў бягучым годзе ўдзел бралі дзесяць каманд. І трэба адзначыць, што слабых спартыўных калектываў у гэтым годзе не было. Акрамя фіналістаў – “Івацэвічдрэў”, “ПМК-18”, “Рэчкаўскі сельсавет” – вартыя добрых слоў такія каманды, як “Новыя Стайкі”, “КоваКост”, “Івацэвіцкі лясгас”, “Райста”, вч 7404… Але прабіцца ў фінал, канешне, маглі не ўсе, хаця добры спартыўны настрой, зарад бадзёрасці, упэўнены, атрымаў кожны спартсмен-аматар.
 
І вось фінальныя гульні, яны прайшлі на базе СШ №4 г. Івацэвічы ў суботу, 8 красавіка. Кожны валейбаліст рыхтаваўся да гэтага дня, каманды падышлі да гульняў, што праходзілі па кругавой сістэме, у добрай фізічнай форме. У першай  гульні каманда Рэчкаўскага сельсавета нанесла паражэнне “ПМК-18” – 2:0. Гэты вынік быў вызначальным, бо ў наступнай гульні “ПМК-18” нанесла паражэнне камандзе “Івацэвічдрэў” – 2:0, а ў заключнай гульні “Івацэвічдрэў” выйграў у валейбалістаў Рэчкаўскага сельсавета – 2:1. У выніку ўсе каманды атрымалі па адной перамозе. Але, згодна з Палажэннем аб спаборніцтвах, у спрэчных сітуацыях пераможца вызначаецца па дадатковых паказчыках. І яны былі лепшымі ў Рэчкаўскага сельсавета, які меў лік па партыях 3:2 на сваю карысць. У “ПМК-18” лік па партыях 2:2, у “Івацэвічдрэў” – 2:3. Такім чынам, каманда Рэчкаўскага сельсавета (на здымку) стала пераможцам першынства Івацэвіцкага раёна па валейболе ў 2017 годзе. Пераможцаў вітаў, уручыў медалі і Кубак намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец. Вось імёны пераможцаў, чэмпіёнаў раёна 2017 года – Валерый Андрасюк,  Уладзіслаў Грэчны, Дзмітрый Дзямянчык,  Андрэй Канановіч, Яўген Кот, Ілья Шпакоўскі, Аляксандр Шчурко. У гульнях на папярэднім этапе за каманду Рэчкаўскага сельсавета выступаў айцец Віктар (Вабішчэвіч), настаяцель аднаго з праваслаўных храмаў Целяханшчыны.  
 
Варта адзначыць майстэрскую гульню Юрыя Мінчука з каманды “ПМК-18”, Арцёма Чароты з “Івацэвічдрэў”, Аляксандра Шчурко з каманды Рэчкаўскага сельсавета. Арганізатары выказваюць падзяку ўдзельнікам першынства, яно ў бягучым годзе было цікавым, як ніколі.
 
Аляксандр ГОРБАЧ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий