Кубак Брэсцкай вобласці – у ФК “Івацэвічы”

1 августа 2016 - Administrator
article2603.jpg

 Апошні дзень ліпеня надоўга запомніцца футбалістам і балельшчыкам Івацэвіччыны. 31 ліпеня на стадыёне “Хваля” ў Пінску ФК “Івацэвічы” ў фінальнай гульні за Кубак Брэсцкай вобласці па футболе з лікам 3:1 нанесла паражэнне камандзе “Альшаны” са Столінскага раёна і стала ўладальнікам Кубка Брэсцкай вобласці па футболе. Апошні раз такую значную перамогу наша каманда атрымала ў 1992-м годзе – 24 гады назад. Некаторыя з футбалістаў сённяшняга калектыву яшчэ не нарадзіліся, калі “Івацэвічы” заваёўвалі Кубак Брэсцкай вобласці. 


Каля 300 балельшчыкаў прыехала ў Пінск падтрымаць каманду сапернікаў. Нядзіўна: Столін – побач, а каманда “Альшаны” з аднайменнай самай буйной вёскі Беларусі славіцца сваімі фанатамі. Нашых балельшчыкаў было менш, тым не меней, менавіта івацэвіцкім футбалістам і групе падтрымкі пашчаслівілася адчуць смак перамогі. Наша каманда адкрыла лік, сапернікі зраўнялі – 1:1, але напрыканцы гульні ініцыятывай поўнасцю завалодала ФК “Івацэвічы”, забіўшы два галы запар. У нашай камандзе ў гэты дзень вызначыліся І. Васілевіч, У. Шаўчук, В. Фядосік.

Кубак Брэсцкай вобласці капітану каманды Дзмітрыю Пятроўскаму ўручаў старшыня Брэсцкай абласной федэрацыі футбола Яўген Трацюк, які пажадаў івацэвіцкай камандзе дастойна выступіць у матчах на Кубак Беларусі. Менавіта “Івацэвічы” будуць прадстаўляць вобласць 
у спаборніцтвах яшчэ больш высокага рангу. Гульні пройдуць у верасні.

З перамогай! 24 гады аматары футбола Івацэвіччыны чакалі гэтай падзеі! Няхай такія прыемныя навіны і такія важкія трафеі стануць яшчэ часцей прыходзіць у нашы Івацэвічы.
Аляксандр ГОРБАЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий