Лыжня дорыць настрой

14 февраля 2017 - Administrator
article2953.jpg

 Для ўдзелу ў раённай спартакіядзе “Івацэвіцкая лыжня-2017” у мінулую суботу, 11 лютага, сабраліся больш за 30 эстафетных каманд з Івацэвічаў і раёна. Хтосьці скажа, лыжныя гонкі – не наш від спорту, маўляў, зімы апошніх гадоў не радуюць снегам. Тым не меней, сярод гэтай кагорты спартыўных і настойлівых мужчын і жанчын, хлопцаў і дзяўчат, што выйшлі на старт, было нямала і такіх, чый класічны або каньковы ход на лыжах здзіўляў лёгкасцю, хуткасцю і прафесіяналізмам.

Але аб усім па парадку.
– Радуе, што зіма парадавала нас снегам і тэмпературамі, якія дазваляюць сотням мужчын і жанчын стаць на лыжы, – адзначыў падчас адкрыцця мерапрыемства Аляксандр Велікаселец, намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама. – Віншую вас з гэтым, жадаю перамог і нагадаю: дадзеныя старты – адборачныя, у наступную суботу ў п. Мір Баранавіцкага раёна пройдуць абласныя спаборніцтвы, нам трэба ад раёна сабраць моцную каманду... Паспяховых стартаў, добрага настрою кожнаму!

Гучыць гімн Беларусі, уздымаецца Дзяржаўны сцяг краіны, загадчык сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Генадзь Крот знаёміць удзельнікаў з Палажэннем аб спаборніцтвах, пасля каманды накіроўваюцца на старт. Згодна з правіламі ў гонцы на дыстанцыі працягласцю каля 800 метраў бярэ ўдзел кожны з чатырох удзельнікаў ад каманд навучальных устаноў і прадпрыемстваў і па тры – ад педкалектываў. І вось на старт выходзяць прадстаўнікі гарадскіх школ Івацэвічаў і Косава…

Найперш кінулася ў вочы, што лыжная падрыхтоўка ва ўдзельнікаў гонак была даволі рознай. Калі казаць пра ўстановы адукацыі, то нельга было не звярнуць увагу, як хутка і прафесійна праходзяць дыстанцыю школьнікі Гошчаўскай, Косаўскай, Руднянскай, Аброўскай, Квасевіцкай, Святавольскай школ. Відавочна, на ўроках фізкультуры гэтыя дзеці займаюцца лыжнёй. Не менш радаваў вясёлы і добразычлівы настрой, што панаваў у гэты дзень, найперш калі гаварыць пра каманды працоўных калектываў. Мужчыны і жанчыны выйшлі на старт і каб пагутарыць, пажартаваць, пазнаёміцца, падтрымаць адзін другога. У гэты марозны дзень ніхто не адчуваў сябе адзінокім, не губляў настрою, нават калі прыходзіў на фініш апошнім.

На здымку: высокую хуткасць прадэманстравала каманда Гошчаўскай СШ, якая заняла першае месца ў шэрагу намінацый. У яе складзе настаўнік Леанід Грудавы, вучні Андрэй Еўтух, Ксенія Якаўчук, Максім Андрыенка, Іван Еўтух. 

Хутка бяжыць час, эстафету змяняе новая эстафета – і вось урачыстае падвядзенне вынікаў. Узнагароджванне пераможцаў і прызёраў Граматамі, самымі разнастайнымі падарункамі праводзяць намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ірына Краўчук, кіраўнік райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Васіль Разумейчык, в.а. першага сакратара райкама ГА “БРСМ” Вольга Падгорная… Сярод базавых школ раёна пераможцам стала каманда Святавольскай базавай школы, на другім месцы – Руднянская БШ, на трэцім – Квасевіцкая БШ. Сярод сельскіх сярэдніх школ не было роўных эстафетнай чацвёрцы Гошчаўскай сярэдняй школы, на п’едэстал гонару таксама ўзняліся каманды Рэчкаўскай і Аброўскай сярэдніх школ (другое і трэцяе месца адпаведна). Пераможцам сярод гарадскіх школ стала каманда Косаўскай СШ, на другім месцы – ліцэй, на трэцім – СШ №4 г. Івацэвічы. У агульнакамандным заліку перамагла Гошчаўская СШ, на другім месцы Рэчкаўская СШ, на трэцім – Аброўская СШ. 

Сярод дашкольных устаноў самыя хуткія лыжнікі працуюць у яслях-садзе №3 (“Церамок”), на другім месцы – яслі-сад №4 (“Вясёлка”), трэцяе месца ў эстафетнай каманды яслі-сад №6 г.Івацэвічы (“Алеся”). Што тычыцца педкалектываў школ, то тут не было роўных лыжнікам СШ №4 г.Івацэвічы, на другім месцы Велікагацкая, на трэцім – Целяханская СШ. У спаборніцтвах сярод прадпрыемстваў і арганізацый раёна лепшы вынік паказала каманда ААТ “Новыя Стайкі”, на другім месцы прыватнае прадпрыемства “Вулька-Аброўская”, на трэцім – Івацэвіцкі РАУС. Прайграўшых у гэты дзень не было. Арганізацыя мерапрыемства  была на высокім узроўні: працаваў выязны гандаль райспажыўтаварыства, радавала слых музычнае афармленне... А пераможцам адпачываць многа часу не выпадае, нагадаем, у бліжэйшую суботу – абласныя старты. 
Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий