Медаль з рук Дзмітрыя Юдзіна

29 ноября 2016 - Administrator
article2817.jpg

 Шэсць нашых хлопчыкаў-хакеістаў атрымалі медалі з рук знакамітага расійскага хакеіста Дзмітрыя Юдзіна на Міжнародным турніры “Залатыя горкі”. Турнір, што праходзіў у пачатку лістапада ў г. Горкі (Магілёўская вобл.), стаў для нашых хлопчыкаў (2005 г. н.) шчаслівым. Каманда “СДЮШАР Дынама-Бяроза” ўзяла золата ў Горках! Менавіта ў складзе бярозаўскай каманды гулялі нашы хакеісты. 


Так, вось ужо другі-трэці год дзевяць пачынаючых хакеістаў з Івацэвічаў трэніруюцца ў суседнім горадзе. Гэта Ян Жук, Захар Наліўка, Юрый Купрыянаў, Андрэй Краўчук, Ілья Грэчны, Назар Сергель, Андрэй Піваварчык, Іван Дзямешка і Канстанцін Бінкевіч. Хлопчыкі 2005-2006 г. н. пачыналі заняткі ў нашай Лядовай арэне, аднак, каманда расфарміравалася. Некаторыя дзеці “адсеяліся” пасля года заняткаў і група на наступны год не адкрылася, не хапіла колькасці жадаючых. Такая практыка існуе, як паведаміла дырэкцыя нашай Лядовай арэны, да нас таксама едуць займацца дзеці з розных гарадоў вобласці. Бацькі некалькіх ігракоў возяць дзяцей на трэніроўкі ў Бярозаўскую Лядовую арэну. 

У жадання сто шляхоў – гэта пра іх. Бацькі возяць малых на трэніроўкі па чарзе. Прыкладна раз у тыдзень выпадае чарга кожнай сям’і. Увогуле, гэтая хакейная каманда вельмі актыўная, спаборніцтвы – гэта цэнны вопыт, таму малады трэнер Аляксандр Казюлін часта вывозіць каманду на гульні самых розных узроўняў. Канечне, спярша раіцца з бацькамі, бо многія спаборніцтвы часткова або цалкам аплачваюцца з сямейнага бюджэту. Вось і “Залатыя горкі” пацягнулі каля 150 рублёў з бацькоўскага кашальку. Затое дзеці шчаслівыя, затое ў іх жыцці ёсць спорт, трэніроўкі і перамогі.
Нашы хлопчыкі хутка “ўліліся” ў бярозаўскую каманду і ў многім сёння нават – прыклад для іншых ігракоў. З такой думкі пачаў размову трэнер каманды “СДЮШАР Дынама-Бяроза” (2005 г. н.) Аляксандр Казюлін. 

– Трэці сезон я працую з гэтай камандай, і яна ў некаторым сэнсе асаблівая, – адзначыў трэнер. – У нас трыццаць чалавек ігракоў з чатырох гарадоў. Так, акрамя івацэвіцкіх хлопчыкаў, тут займаюцца яшчэ дзеці з Пінска, Кобрына і, канечне, Бярозы. Яны адзін калектыў, і ўсе сябры паміж сабой. Гэты асаблівы дух, думаю, і дапамагае нам на іграх. Івацэвіцкімі хлопчыкамі я задаволены, яны таленавітыя і дысцыплінаваныя. Дзякую бацькам за разуменне і падтрымку, бо многае тут залежыць ад іх, – гаварыў Аляксандр Аляксеевіч.   

Кошт гэтай перамогі вялікі, бо ўсяго ў турніры ўдзельнічалі восем каманд. Бяроза змагалася з камандай з Раўбічаў, Наваполацка, Ліды, Кіева, Масквы і Санкт-Пецярбурга. І пачала каманда турнір з вялікага пройгрышу, юныя хакеісты саступілі “Бульдогам” з Санкт-Пецярбурга з лікам 1:6. Надзеі на перамогу былі амаль страчаныя. Аднак, каманда сабралася і выйшла спачатку ў паўфінал, а пасля сустрэлася з фаварытам турніру камандай “Бульдогі”, дарэчы, у складзе якой гуляюць дзеці вядомых расійскіх зорак хакея. На гэты раз каманда “СДЮШАР Дынама-Бяроза” ўзяла сваё: забіла тры пераможныя шайбы ў вароты саперніка! Пераможны Кубак і медалі хлопчыкам уручыў сам Дзмітрый Юдзін. Думаю, гэта будзе ледзь ці не самым яскравым успамінам з іх спартыўнага дзяцінства. 
Віншуем нашых хлопчыкаў з перамогай, а бацькам асобны дзякуй за такую падтрымку добрых спартыўных жаданняў сваіх дзяцей!    
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, 
фота з архіва каманды.
Нашы хакейныя зорачкі: Іван Дзямешка (на пярэднім плане), Ілля Піваварчык, захар Наліўка і Ян Жук (злева направа).
Комментарии (0)
Добавить комментарий