Наперадзе фінал Кубка рэгіёнаў

23 октября 2017 - Administrator
article3496.jpg
У мінулую суботу, 21 кастрычніка, у футбольным манежы ФК “Нёман” у Гродне прайшоў другі паўфінальны матч Кубка рэгіёнаў Беларусі сярод аматарскіх каманд. ФК “Івацэвічы”, пераможца Кубка Брэсцкай вобласці, праводзіла матч у адказ супраць ФК “Змена” з Ваўкавыска.

Нагадаем, у першай гульні ў Івацэвічах нашы футбалісты саступілі з мінімальным лікам – 0:1, на полі саперніка нашых рабят магла задаволіць толькі перамога. 
І гэтая гульня, у адрозненне ад матча ў Івацэвічах, прайшла ў адкрытай барацьбе, галявых момантаў было мноства; першымі гол забілі ваўкавыскія футбалісты, агульная перавага іх яшчэ больш вырасла – 2:0, але івацэвіцкая каманда праявіла характар, завалодала ініцыятывай і напрыканцы першага тайма вызначылася двойчы. Больш напружаным выдаўся другі тайм: каманды абмяняліся галамі, перамога ў матчы з лікам 3:2 задавальняла нашых рабят і не задавальняла сапернікаў. Ваўкавыскія футбалісты арганізавалі фінальны штурм, але ФК “Івацэвічы” выстаяла. Агульны лік па суме дзвюх сустрэч – 3:3, але па дадатковых паказчыках (больш забіта галоў на полі саперніка) пераможцам паўфінальнага процістаяння стала наша каманда. Усе тры галы ў вароты ваўкавыскай каманды забіў Ілья Васілевіч. 

Віншуем! 
Такім чынам, наперадзе фінал Кубка рэгіёнаў, матч, па папярэдніх даных, пройдзе ў Мінску 28 кастрычніка. Звернем увагу, што пераможца пасля будзе прадстаўляць Беларусь на еўраарэне – і гэта будуць матчы пад эгідай УЕФА.
Яшчэ ніколі каманда з нашага раёна не гуляла на міжнародных турнірах, якія праводзіць УЕФА, таму хочацца пажадаць поспехаў ФК “Івацэвічы”. А сапернікам у фінальнай гульні стала аматарская каманда “Энергетык-БДАТУ” (Мінск), якая гуляе ў другой лізе першынства Беларусі і якая ў 1 фінала Кубка рэгіёнаў выбіла сапернікаў з Гомельшчыны, а ў 1 фінала – з Магілёва. Наша каманда, паўторымся, перамагла адпаведна калектывы з Віцебшчыны і Гродзеншчыны. 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий