Навагоднія прыгоды працягваюцца: казка на лёдзе!

10 января 2017 - Administrator
article2886.jpg

І пакуль у дзяцей былі зімовыя канікулы, працягваліся і рознага кшталту прыгоды. Не абмінулі ў гэтым годзе тэму казак і нашы юныя фігурысты, падрыхтавалі навагодняе шоу. 5 і 8 студзеня на Лядовай арэне прайшло паказальнае выступленне фігурыстаў пад назвай “Навагоднія прыгоды Снягурачкі і яе сяброў”.


 “Вось дык закруцілі,” – прамільгнула ў думках, пакуль глядзела казку на лёдзе. Дзед Мароз (яго роль выконвае трэнер па хакеі Уладзіслаў Мілевіч) у гэты раз не галоўны персанаж. Дзея закручваецца вакол Снягурачкі, якой Дзед загадаў берагчы чароўны посах. Але фея і яе памочніцы задумалі нашкодзіць і выкралі посах. Канешне, Снягурка схапілася шукаць яго. І тут на дапамогу ёй сталі прыходзіць героі розных казак… Для гледачоў стваралася новая казка на лёдзе з невядомым сюжэтам. Думаю, што менавіта так ажыццяўляюцца мары дзяцей. Бо хто з маленькіх творцаў не жадаў пераапрануцца ў любімага героя?! Некаторыя акцёры пераапраналіся і хутка з’яўляліся на лёдзе ў іншых ролях, паспелі пабыць рознымі героямі за адну казку… 

Былі адзіночныя выступленні і агульныя, пад класічныя кампазіцыі і пад сучасныя вядомыя песні. Танцы на розны густ: і цыганскі танец, і класічны вальс, і ўсходні танец, і танец маленькіх малп. Паміж дыялогамі герояў казкі “Навагоднія прыгоды Снягурачкі і яе сяброў” выступалі аматары фігурнага катання, якія прыехалі з суседніх гарадоў (Бяроза, Пінск), – Ірына Седаровіч, Анастасія Лішман, Святлана Камарова.

Усе героі казкі, якая адбывалася на лёдзе, – навучэнцы аддзялення фігурнага катання ВСУ “ДЮСШ Івацэвіцкага раёна”. Гэта Елізавета Тушынская, Ганна Корзан, Валерыя Пратасавіцкая, Дамініка Сдвіжкова, Марыя Крот, Аліна Брадніцкая, Марыя Тушынская, Валерыя Мялік, Юлія Мынко, Ксенія Каляда, Аляксандра Снітко, Кацярына Анішчык, Кацярына Чуманевіч. Выхад на лёд перад гледачамі для іх, як і для трэнера Яўгена Якімчука і харэографа Галіны Сяледчык, –  гэта паказ плённай працы. Таму яны хвалююцца, але бачна, які гэта доўгачаканы вечар і для бацькоў юных фігурыстаў. Яны рыхтавалі касцюмы. Яны цяпер побач са сваімі дзецьмі і бачаць усе падзенні, калі тыя выконваюць цяжкія элементы. Але і гледачы разумелі, што фігурысты толькі вучацца, і актыўна падтрымлівалі ўсіх, бо вельмі далікатнымі выглядалі маленькія танцоры на вялікім лёдзе збоку. 
Так, былі падзенні, але ніхто не збег “са сцэны”. Маленькія фігурысты, але іх характар гартуецца. І канешне, знайшлі героі чароўны посах і вярнулі яго Дзеду Марозу, а той паклікаў усіх акцёраў на традыцыйны карагод на лёдзе. 
Падзякуем за новую казку і будзем чакаць наступных выступленняў нашых юных фігурыстаў! 
Ганна КАРПОВІЧ, фота аўтара. 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий