Пакарыцелі бездарожжа

8 августа 2017 - Administrator
article3344.jpg

 На мінулых выхадных у Целяханах прайшлі спаборніцтвы па пераадоленні бездарожжа на паўнапрывадных аўтамабілях і квадрацыклах. Трофі-рэйд «ЦеляхХАРД» стаў чацвёртым і заключным этапам Кубка Беларусі па трофі. Першы этап спаборніцтваў «Дрыгва» таксама праходзіў на Целяханшчыне, другі пад назвай «Партызанскія сцежкі» адбыўся пад Гродна, трэці – «Чэрнамор-спорт» – у Мінскай вобласці.

Лагер трофі-рэйду размясціўся на беразе Вулькаўскага возера. Па словах галоўнага суддзі Рамана Юхімца, у спаборніцтвах  прынялi ўдзел каля 60 экіпажаў. Тут сабраліся самыя моцныя, тыя, хто «выжыў» пасля трох этапаў. Геаграфія ўдзельнікаў шырокая: Віцебск, Слонім, Брэст, Гродна, Орша. Ёсць нават экіпажы з Расіі і Ізраіля, якія ўжо некалькі сезонаў б'юцца за званне лепшых пакарыцеляў бездарожжа.
Экіпаж складаецца як мінімум з двух чалавек – пілота і штурмана. Задача пілота – правільна весці машыну, а штурмана – разлічыць шлях, «забіць» кропкі ў GPS, вырашаць, як правільна пад'ехаць да кропкі і не затрымацца.
Машыны, якія ўдзельнічаюць у трофі, павінны быць спецыяльна падрыхтаваныя. У адпаведнасці з падрыхтоўкай аўтамабіля вылучаюць катэгорыі «турызм» і «спорт».

Улюбёнцамі гледачоў па праве лічацца аўтамабілі катэгорыі спорт класа «TR-3» – прататыпы, самаробныя машыны, «монстры бездарожжа», велічыня іх колаў можа дасягаць метра. У гэтай катэгорыі выступае сямейны экіпаж нашых землякоў – браты Кармановічы з вёскі Вулька-Целяханская. Яны ўдзельнічаюць у трофі-рэйдах ўжо другі год.
Акрамя таго, у катэгорыі спорт класа «ТR-1» за званне чэмпіёна рэспублікі пазмагаецца сямейны экіпаж – Мікалай і Аляксей Салонкі з вёскі Соміна. У мінулым годзе ў гэтай катэгорыі яны сталі лепшымі.

Гледачы, якіх з кожным разам становіцца на падобных мерапрыемствах ўсё больш, змаглі ўбачыць захапляльныя гонкі па старых дарогах, ярах, балотах і іншых перашкодах.
У заліковай катэгорыі «турызм» працягласць трасы складала каля 250 км, а ўдзельнікам трэба было пры дапамозе GPS выявіць каля 60 кантрольных кропак і зрабіць фота. Іх маршрут прайшоў праз вёскі Соміна, Раздзялавічы, Бобрык, Краі. Экіпажы катэгорыі «спорт» праследавалi праз Целяханы, Бабровічы і іншыя пункты да Змяінага возера, якое знаходзіцца на тэрыторыі Пінскага раёна.

Удзельнікаў чакала дзве гонкi – начная і дзённая. Трофі-рэйд стартаваў вечарам у пятніцу і скончыўся а шостай раніцы у суботу. Пасля перапынку, а 12 гадзіне дня пачаліся старты другога дня з фінішам а 22 гадзіне.
Па выніках спаборніцтваў Мікалай і Аляксей Салонкі занялі другое месца ў спартыўнай катэгорыі «TR-1», а таксама пасля падліку вынікаў за ўсе чатыры этапы заваявалі трэцяе месца ў Кубку Беларусі па трофі. Сямейны экіпаж братоў Кармановічаў таксама ўвайшоў у лік фіналістаў, яны занялі другое месца ў трофі-рэйдзе «ЦеляхХАРД» у спартыўнай катэгорыі «TR-3».
Ганна Ільяшэвіч. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
На здымку: Дзмітрый Клемята і Дзмітрый Жарабцоў – экіпаж з Мінска, пераможцы сёлетняй "Дрыгвы" ў катэгорыі "Турызм".
Комментарии (0)
Добавить комментарий