Перамогамі ўшанавалі памяць воінаў-інтэрнацыяналістаў

14 февраля 2017 - Administrator
article2952.jpg

 – Турнір па дзюдо ў Івацэвічах стаў для нас адным з самых любімых. Тут мы знайшлі сапраўдных сяброў, аднадумцаў, сярод якіх адзначу апантаных спортам людзей Юрыя Наліўку, Анатолія Брухавецкага, Ірыну Краўчук. Тут, у Івацэвічах, заўсёды разгараецца па-сапраўднаму вострая барацьба, якая дазваляе павысіць спартыўнае майстэрства нашым рабятам.


Гэтыя словы належаць Аляксандру Палажарцу, аднаму з трэнераў каманды юных дзюдаістаў з Валынскай вобласці Украіны, якая ў мінулыя выхадныя дні брала ўдзел у 12-м міжнародным турніры па дзюдо, прысвечаным памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Спаборніцтвы гэтыя традыцыйна праходзяць на базе СШ №4 г. Івацэвічы. Падчас адкрыцця турніру намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, старшыня раённага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў Сяргей Матонін звярнулі ўвагу на шырокую геаграфію ўдзельнікаў, дзякавалі дзецям і іх трэнерам за актыўнасць, бо сам удзел у спаборніцтвах – даніна павагі да воінаў-інтэрнацыяналістаў, жадалі таксама перамог і станоўчых эмоцый. А прыехалі юныя дзюдаісты ў Івацэвічы з Брэста, Мінска, Кобрына, Камянца, Баранавічаў, Ляхавічаў, Століншчыны...  

Юным спартсменам з Івацэвіцкага раёна (у спаборніцтвах бралі ўдзел і рабяты з Целяханшчыны) нялёгка было прабіцца на п’едэстал, бо ў некаторых вагавых катэгорыях удзел брала каля 20 дзюдаістаў. Увогуле, і на гэты раз на турнір у Івацэвічы прыехала болей за 200 юных спартсменаў. Тым не меней, і ў гэтым годзе нашым рабятам, якіх трэніруюць Анатоль Брухавецкі, Ігар Князькоў, Юрый Наліўка, Натэла Парэйка, Анатоль Ашуркевіч, Марына Басалай, у шэрагу дысцыплін удалося стаць лепшымі.

У гэты ж дзень дэлегацыя раённага аб’яднання воінаў-інтэрнацыяналістаў, у склад якой увайшлі актывісты арганізацыі Сяргей Матонін, Юрый Янчук, Сяргей Юмашаў, Георгій Арабей, усклала кветкі да помніка воінам-інтэрнацыяналістам у Івацэвічах. 
Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).
Комментарии (0)
Добавить комментарий