Ёсць шанс выйсці на міжнародны ўзровень

15 сентября 2017 - Александра Джежора
article3409.jpg

 Заўтра,16 верасня, у Полацку ФК "Івацэвічы” правядзе першую гульню 1/4 фіналу Кубка рэгіёнаў па футболе. Наша каманда будзе прадстаўляць Брэсцкую вобласць, і атрымаў гэтае права калектыў пасля феерычнай перамогі ў матчах на Кубак вобласці. Дарэчы, пераможца Кубка рэгіёнаў будзе прад-

стаўляць Беларусь на міжнародным турніры сярод лепшых аматарскіх каманд Еўропы.

…Напярэдадні ад’езду каманды ў Полацк супрацоўнік “ІВ” сустрэўся з трэнерам ФК “Івацэвічы” Дзмітрыем Пятроўскім.

– Дзмітрый, з якім настроем івацэвіцкая каманда накіроўваецца ў Полацк?

– З самым баявым! Канешне, лёгка не будзе, бо наш сапернік “Полацк-газ”, няблага фінансуецца і таксама марыць пра дасягненні футбольных вышыняў. Але ФК “Івацэвічы” ўжо многіх сапернікаў “прыбраў” са сваёй дарогі, мы нікога не баімся. Будзем спадзявацца, што ў Полацку будзем мець прымальны вынік, каб у гульні ў адказ у Бярозе ў наступныя выхадныя – а гэта будзе двухматчавае процістаянне – было больш лёгка атрымаць патрэбны нам вынік.

– ФК “Івацэвічы” вось ужо некалькі гадоў запар здзіўляе паспяховымі вынікамі. Што за гэтым стаіць: глыбіня складу каманды, добра наладжаны трэніровачны працэс, сыгранасць?..

– У першую чаргу трэніровачны працэс: каманда трэніруецца пяць разоў на тыдзень – і гэта рознабаковыя трэніроўкі, у тым ліку ў басейне, а большасць, зразумела, на футбольным полі. Гэта гарантуе, што футбаліст і  пасля 60-70 мінут гульні будзе адчуваць сябе ўпэўнена, што яго, як кажуць, хопіць на ўсю гульню. Ну, і, канешне, сыгранасць: у нас утварыўся касцяк каманды – у ходзе шматлікіх матчаў на Кубак вобласці і на першынство вобласці.

– Крыху правакацыйнае пытанне: а колькі ў складзе ФК “Івацэвічы” менавіта івацэвіцкіх рабят?

– Пераважная большасць – футбалісты з Івацэвічаў. Меней за восем чалавек, ураджэнцаў і жыхароў Івацэвіччыны, у стартавым складзе каманды не выходзіць… Ёсць, так бы мовіць, “легіянеры”, але якія гэта “легіянеры”? Рабяты з Бярозы, якія ўжо даўно гуляюць за івацэвіцкую каманду і сталі нам добра знаёмымі, можна сказаць, роднымі. Мы, паўторымся, даём шанс найперш мясцовым футбалістам. Дый як інакш? У Івацэвічах моцная футбольная школа, добрыя традыцыі… Асобных слоў падзякі заслугоўвае трэнерскі склад, сярод якіх адзначу С. Васілевіча, А. Рыжко, Ю. Шута. Яшчэ адзін красамоўны факт: сярэдні ўзрост ігракоў ФК “Івацэвічы” – 20,7 гадоў, мы адна з самых маладых каманд Брэстчыны, дзе кожны проста рвецца ў бой. І ў гэтым сэнсе ідзем, як кажуць, у трэндзе, бо сучасны футбол маладзее…

– У такім выпадку мне застаецца ад імя чытачоў раёнкі толькі пажадаць поспехаў ФК “Івацэвічы” на футбольных палях.

– Дзякуй, каманда заўжды памятае, што прадстаўляе родны івацэвіцкі край. Футбалісты прыкладуць усе намаганні, каб яшчэ раз парадаваць землякоў.

ХХХ

Дарэчы, на наступны дзень пасля прыезду з Полацка, 17 верасня, ФК "Івацэвічы" на стадыёне "Юнацтва" згуляе матч першынства Брэсцкай вобласці супраць ФК "Іванава". Пачатак у 14.00.

Гутарыў Аляксандр ГОРБАЧ. 

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий