x
Close
главная новость Новости Общество

Споведзь ахвяры гвалту ў сям`і і пра «крызісны пакой» Івацэвіцкага ТЦСАН

Споведзь ахвяры гвалту ў сям`і і пра «крызісны пакой» Івацэвіцкага ТЦСАН
  • Опубликовано:7 июля, 2022

Гвалт у сям’і… Неаднойчы я звярталася да гэтай тэмы, і мне маральна заўжды складана нават пра такое пісаць. А як жыць у сям’і, дзе што ні вечар – сюрпрыз у выглядзе разборак, часта на вачах у дзяцей?

Але ж людзі жывуць і цярпяць, часта і дзеля гэтых самых дзяцей, якіх трэба і апрануць, і пракарміць, а ўдвух тое прасцей. Цярпяць, бо не хочуць пагалоскі, камісій у хаце, а, можа, пасля – і разводу, і падзелу маёмасці. Цярпяць, бо кахаюць і шкадуюць пітушчага гора-мужа, бо так жа прыгожа ўсё пачыналася – можа, усё вернецца на свае кругі? Ды што там – кожная ня-шчасная сям’я няшчасная па-свойму. Але наступае момант, калі цярпець больш нельга. Куды тады ісці? Вось пра гэта – у артыкуле.

Неаднойчы пісалі пра тое, што ахвяры гвалту ў сям’і – фізічнага ці псіхалагічнага – могуць звярнуцца ў сацыяльную службу для размяшчэння ў «крызісным пакоі». Месцы, дзе можна схавацца ад крыўдзіцеля на час, пакуль справы не наладзяцца, і пражываць там ахвяра насілля можа на бязвыплатнай аснове. Гэта вельмі важная паслуга, якая, аднак, папулярнасцю не карыстаецца. Але нядаўна больш за месяц у «крызісным пакоі» пражывала жанчына з дзіцём, якая ратавалася ад агрэсіі мужа. На ўмовах ананімнасці яна пагадзілася пагутарыць з журналістам. Вось яе гісторыя.

«Буду мучыць цябе да канца»

«…У «крызісны пакой» мяне прывяла цяжкая жыццёвая сітуацыя. Накіпела! Мой муж доўгія гады злоўжывае алкаголем, у яго залежнасць. Калі быў п’яны, паводзіў сябе неадэкватна: любую сітуацыю перакручваў, вінаваціў мяне ва ўсім на свеце. У такія моманты злосць, нават лютасць, прачыналася ў ім, даходзіла да рукапрыкладства з яго боку. Усё гэта на вачах у майго сына (ён яму няродны бацька). Калі цвярозы – лепш, толькі адносіны зводзіліся да «прывітанне-пакуль». Жыццём нашым не цікавіўся, псіхалагічны ціск быў. У чым гэта праяўлялася? Напрыклад, трэба прадукты, грошай на самае неабходнае не дае – «у цябе свая картка, у мяне свая». Гучала ў адрас мой нешта накшталт таго, што я ніхто, нікому не буду патрэбная, і гэта працавала. Стала здавацца, што я сапраўды нікчэмная. Да такога дайшла адчаю, што задумала перарэзаць вены. Але ж жыла далей, жыла і пакутавала.

Вядома, сітуацыя наклала адбітак на здароўе: і высокі ціск у мяне, і тахікардыя… Сувязь ёсць. У нейкі момант, падчас чарговага скандалу, адчула: я так больш не магу. Забрала дзіця, дакументы і пайшла ў чым была ў Івацэвіцкі ТЦСАН па дапамогу, адразу да дырэктара. Вельмі ўдзячная ўсім, хто займаўся маёй сітуацыяй, не пашкадавала, што звярнулася. Мяне пасялілі ў «крызісны пакой», дзе было ўсё неабходнае: і ежа на першы час, і бялізна, і аптэчка. І тое, што супакойвала, – «трывожная кнопка». Я магла націснуць на яе – і прыехала б міліцыя. Рабіць тое не давялося, але ж «кнопка» дарыла адчуванне бяспекі, якога так не хапала.

Акрамя даху над галовой мне прапанавалі псіхалагічную дапамогу. Пасля размоў з псіхіятрам райбальніцы я гляджу на сітуацыю зусім іншымі вачыма. Мне ёсць дзеля чаго, дзеля каго жыць! Псіхолаг дапамог сыну – ён пазбавіўся ад сваіх страхаў, наступстваў пастаяннага стрэсу. Наша сям’я пакуль у сацыяльна-небяспечным становішчы (СНП) – на 6 месяцаў. Але цяпер у мяне ёсць жыллё. Дзе, што і як – не магу гаварыць пра гэта, бо баюся праследавання. Хоць і ведаю, што муж сочыць за мной з акна машыны. Першы час нават баялася пераходзіць вуліцу… Атрымаць жыллё ўдалося праз сацыяльную службу – яна хадайнічала перад адной арганізацыяй. І добра, бо сваякі мне не дапамаглі б.

Я падала на развод, але муж згоды не дасць. Не размаўляла з ім, гледзячы ў вочы, але пра свае намеры ён мне паведаміў: «Буду мучыць цябе да канца». Ён не ўсвядоміў, што адбылося. Спрабуе мяне шантажыраваць, пагражае. Маўляў, застрэлюся, а ты будзеш вінаватая. Але назад дарогі няма, я не вярнуся, калі ён дабіваецца, хоча гэтага, прыйдзецца гэта прыняць.

Усім жанчынам, якія праходзяць праз такое выпрабаванне, як пітушчы муж, як насілле ў сям’і, хачу сказаць: «Лепш жахлівы канец, чым жах без канца». У дарослым узросце людзі не мяняюцца. Спа-дзявацца, што той, хто паднімае на вас руку, стане аднойчы добрым і ласкавым, не варта. Абстаноўка можа палепшыцца – але гэта часовы эфект, а пасля ізноў па-новай. Цяжка мяняць жыццё, сыходзіць, калі і ісці няма куды. Але паверце, аднойчы наступае момант, калі ўсё роўна, куды – адно каб не быць побач з тым, хто цябе знішчае».

«Там ёсць усё неабходнае для жыцця»

Як пракаменціравала Алеся НАЛІЎКА, загадчык аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН», у «крызісны пакой» могуць быць заселены на пэўны тэрмін не толькі тыя, хто пацярпеў ад насілля, не толькі ахвяры гандлю людзьмі ці пацярпелыя ад стыхіі і катастроф, але і дзеці-сіроты, якія прыязджаюць на першае рабочае месца ў раён, пакуль не вырашыцца пытанне з іх пражываннем. І такія жыльцы ў пакоі ў апошні час былі. А вось ахвяры насілля тут нячастыя госці. Для таго, каб засяліцца ў пакой і атрымаць іншыя віды дапамогі, трэба падпісаць інфармацыйную згоду. Часта людзі выклікаюць міліцыю на скандаліста і падпісваюць такія згоды, прызнаючы сябе ахвярай гвалту, але да канца не ўсведамляючы, што тут да чаго. І калі ўжо работнікі сацыяльнай службы прапануюць ім як варыянт пакінуць сваё жыллё і на пэўны час заняць «крызісны пакой», адмаўляюцца. У першым паўгоддзі бягучага года было шэсць такіх эпізодаў. Бывае такое, што супрацоўнікі праваахоўных органаў выдаюць абароннае прадпісанне, згодна з якім жылплошчу павінен пакінуць скандаліст. Праўда, для гэтага трэба, каб ён скандаліў перыядычна і пра тое ведала міліцыя.

Па словах загадчыка аддзялення, абстаноўка ў «крызісным пакоі» самая звычайная, але там ёсць усё неабходнае для жыцця. Толькі хацелася б, каб гэты пакой змяніў прапіску, і ўмовы ў большай ступені адапавядалі патрабаванням для месцаў размяшчэння ахвяр насілля: першы паверх, асобны ўваход, будынак з пандусам (бо ахвярамі могуць быць і інваліды). Выдзелена памяшканне, у якім можна было б арганізаваць «крызісны пакой», больш камфортны для пражываючых у ім, але яно патрабуе сур’ёзнага рамонту. Вядзецца пошук донараў для фінансавання гуманітарнага праекта «Тэрыторыя абароны» па стварэнні такога пакоя. Тым не менш, няхай больш сціплы, але ж «крызісны пакой» існуе, дзверы яго адчыненыя.

Для размяшчэння грамадзян у «крызісны пакой» у ДУ «Івацэвіцкі ТЦСАН» кругласутачна дзейнічае «тэлефон даверу» 8-033-684-21-32. Таму, калі вы апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і вам няма куды ісці, звяртайцеся.

P. S. Чаму нас вучыць гэтая гісторыя? Найперш, любові і павазе да сябе, да сваіх жаданняў. Вельмі шмат людзей, асабліва жанчын, жывуць з аб’юзарамі, якія маніпуліруюць пачуццём віны, абясцэньваюць сваю другую палову і гэтак далей – абы толькі панізіць яе самаацэнку і прымусць думаць, што калі не ён, то і ніхто больш не пагадзіцца жыць з такой «істэрычкай» і «вар’яткай» – а па сутнасці сапраўднай ахвярай гвалту. Тут не трэба і рукапрыкладства, а калі ёсць яшчэ і яно… Калі ёсць залежнасць да алкаголю ў запушчанай стадыі… Дзіўна, але ахвяры цяжка вырвацца з такіх сузалежных адносін, быццам на аб’юзары зышоўся клінам белы свет. Такія стасункі – ніяк не варыянт нормы, пра гэта скажа любы псіхатэрапеўт, звяртацца да якога бывае надзвычай карысна. Не таму што ты вар’ятка, а таму што ты хочаш быць шчаслівай. І гэтага шчасця вартая, хто б і што не лічыў пра цябе, не казаў. Раю шукаць выйсця і жадаю знахо-дзіць яго, як гераіня гэтага артыкула, якая таксама баялася, але зрабіла першы крок у сваё новае жыццё.

Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.