Напярэдадні прафесійнага свята мы пагутарылі са спецыялістам па продажы сэрвіснага цэнтра РУП «Белтэлекам» Ларысай Анішчык, якая ў сваёй прафесіі больш за 36 гадоў.
Ларысу Мікалаеўну Анішчык, вопытнага спецыяліста, якая неаднаразова ўзнагароджвалася на розных, у тым ліку і рэспубліканскім, узроўнях, калегі параўноўваюць з энцыклапедыяй, таму што памяццю жанчына валодае выключнай: пры афармленні дамовы яна запамінае адрас абанента, і пры другой сустрэчы дастаткова назваць толькі прозвішча. І ўсё, што тычыцца яе работы, пракансультуе і разложыць па палічках.
Нарадзілася Ларыса Анішчык у вёсцы Харошча, скончыла Мінскі вышэйшы каледж сувязі і, як прыйшла ў 1986 годзе яшчэ ў паштовае аддзяленне, так і працуе ў сувязі, толькі ў «Белтэлекаме» – пасля рэарганізацыі ў дзевяностых засталася тут. І мужа знайшла на рабоце, ён працуе вадзіцелем. Калектыў, у якім пад 60 чалавек, у асноўным мужчынскі, толькі дзесяць жанчын. Тое, што муж і жонка працуюць разам, ніяк не перашкаджае сямейнаму жыццю. У Анішчыкаў ёсць дарослая дачка і падрастаюць двое ўнучак. Ларыса Мікалаеўна прыветлівая і актыўная жанчына, таму не дзіўна, што ёй падабаецца працаваць з людзьмі. Каб падтрымліваць сябе ў тонусе, на работу абавязкова ходзіць пяшком, хоць муж едзе на машыне, наведвае плавальны басейн і бавіць час на выхадных на свежым паветры на дачы.
Прафесію сваю любіць, таму нават не ўяўляе сябе ў іншых. Зараз спецыфіка яе работы больш звязана з юрыдычнымі асобамі.
– Кампанія «Белтэлекам» імкнецца ісці ў нагу з часам, – расказвае пра работу Ларыса Анішчык. – Актыўна ідзе мадэрнізацыя тэлефоннай сеткі, гэта значыць, замена медных ліній сувязі на оптавалаконныя. Амаль усе арганізацыі ў нашым горадзе маюць оптавалаконныя лінія сувязі, якія маюць значную перавагу для спажыўцоў – высокія хуткасці перадачы дадзеных, прагляд тэлевізійных каналаў у якасці HD. Пераключаем і прыватны сектар, і шматкватэрныя дамы райцэнтра паступова: падключаны вуліцы Пестрака, Дольная, Лугавая, Зарэчная, зараз займаемся пераключэннем на вуліцах Славянскай і суседніх вуліц квартала застройкі, у 2024 годзе па плане Яглевічы, Целяханы і некаторыя вуліцы Івацэвіч. Развіваецца перспектыўны праект відэакамер: карыстальнік атрымлівае доступ да відэа з камер у рэжыме рэальнага часу і ў рэжыме запісу – ёсць магчымасць бачыць усё, што адбываецца на яго тэрыторыі, з любога абсталявання, у тым ліку і з тэлефона. Цяпер такая паслуга карыстаецца папулярнасцю ў сельскагаспадарчых арганізацыях, на фермах, у вытворчасці, жыльцы новых дамоў ацанілі такую магчымасць. Тры гады як «Белтэлекам» мае свой тэлевізійны канал «ЯСНА ТВ»: прадстаўлены і праграмы асабістай вытворчасці, і рэйтынгавыя фільмы высокай якасці, і спартыўныя каналы. У мінулым годзе запусцілі бясплатны дадатак «Мой горад» на прыкладзе гарадскога пасёлка Целяханы, ён сярод 14 гарадоў Беларусі функцыянуе ў дадатку, дзе можа знайсці звесткі пра ўсе сферы жыцця населенага пункта ў смартфоне. Сярод навінак і рэтэйл – рознічны продаж для спажыўцоў «Белтэлекама» ў растэрміноўку без працэнтаў, куды ўваходзіць вялікі спіс тавараў: ад смартфона да электрасамаката. І гэта не ўсе планы кампаніі, час пакажа, які кірунак яшчэ пад сілу сувязістам.
А напярэдадні прафесійнага свята Ларыса Мікалаеўна зычыць усім калегам заўсёды быць на сувязі з моцным здароўем, аптымізмам, каханнем, поспехам і каб толькі мірнае неба было над нашай Беларуссю!
Марыя Сазонава. Фота Валерыя Міскевіча.