Партрэт афіцэра красуе на Дошцы гонару ваеннаслужачых 174 вучэбнага палігона войск паветраных сіл і проціпаветранай абароны, які дыслацыруецца ў Івацэвіцкім раёне
Напярэдадні свята, Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, адбылося наша знаёмства з выдатнікам ваеннай службы – старшым лейтэнантам Яўгенам Прусавым, намеснікам начальніка аддзела – начальнікам пункта кіравання палётамі.
– Сёлета 23 лютага – асаблівая дата для ваеннаслужачых нашай краіны – адзначаецца 105-годдзе Узброеных Сіл Беларусі, – кажа Яўген Сяргеевіч. – Вайсковая часць наша невялікая, але кампактная і выконвае шырокае кола задач. Рэгулярна тут праводзяцца заняткі па баявой гатоўнасці. Мы займаемся забеспячэннем сродкаў і падрыхтоўкай іменна нашых гасразлікаў ВПС і ППА, а таксама іншых вайсковых часцей у забеспячэнні стральбы. Работа падабаецца. Пастаянна знаёмішся з новымі людзьмі, даведваешся штосьці новае пра работу гасразлікаў, пра сучасней-
шую тэхніку, якую ты нават не вывучаў падчас вучобы ў ваеннай акадэміі. Вельмі пазнавальна і карысна.
На 174-м палігоне вельмі шмат ваеннай тэхнікі. Яна больш прызначана для падрыхтоўкі падраздзяленняў, але па ўзроўні – на вышыні. Калі, да прыкладу, браць узбраенне, якое выкарыстоўваецца тут, то і трэнажор для падрыхтоўкі стралкоў-зенітчыкаў ПЗРК самы сучасны.
– Па сутнасці, такіх адзінкі, – казаў афіцэр. – Ёсць такі ў ваеннай акадэміі, у адной з вайсковых часцей і на нашым 174-м палігоне ў маім падраздзяленні. Стрэльбы праходзяць рэгулярна, не радзей аднаго разу ў месяц. Салдаты страляюць са штатнай зброі, афіцэры і прапаршчыкі таксама займаюцца фізічнай, прафесійнай і баявой падрыхтоўкай рэгулярна. Можа быць збой на дзень, другі, калі праходзяць вучэнні ці трэба выконваць іншыя тэрміновыя задачы, але заняткі не адмяняюцца, праходзяць у поўным аб’ёме.
Яўген Прусаў стаць ваенным марыў з дзяцінства. Родам ён з пасёлка Карма, што ў Гомельскай вобласці. У хлопца перад вачыма быў прыклад стрыечных братоў, адзін з якіх служыць у высокамабільным родзе войск Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – сіл спецыяльных аперацый, другі – ваенны лётчык. А яшчэ ў сям’і Прусавых заўсёды шанавалі памяць пра прадзеда Грыгорыя Адамавіча Прусава, які ваяваў на фронце ў часы Вялікай Айчыннай вайны і загінуў у 1945-м, не дажыўшы да Перамогі ўсяго тры месяцы. Пахаваны прадзед у Заходняй Германіі. Бацька Яўгена з сёстрамі шукалі звесткі пра яго праз грамадскую арганізацыю Чырвоны крыж. Знайшлі. Праходзіў службу ён санінструктарам. У раздрукоўцы пахаванкі было напісана, што загінуў прадзед ад шматлікіх ран у званні старшыны.
Усе гэтыя абставіны і прыклад стрыечных братоў паспрыялі таму, што мара дзяцінства – стаць ваенным – у Яўгена збылася. Напачатку тэрміновую службу ён праходзіў у войсках сіл спецыяльных аперацый у 38-ай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгадзе, што дыслацыруецца ў Брэсце. На той момант малады хлопец пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Аленай, якая таксама абрала ваенны шлях, але ў кірунку медыцыны. Потым у біяграфіі Яўгена Прусава была ваенная акадэмія, факультэт проціпаветранай абароны. Пасля заканчэння яго атрымаў спецыяльнасць інжынера радыётэхнічных сістэм і быў размеркаваны ў воінскую часць горада Астраўца, што на Гродзеншчыне.
Жонка Яўгена, старшына медыцынскай службы, працавала тут, на 174-м палігоне, фельчарам, а ён – там. Вакантных месцаў медыка ў Астраўцы не было, таму былі ўзважаны ўсе магчымыя варыянты далейшага сумеснага жыцця і ў выніку было прынята рашэнне перавесціся Яўгену Сяргеевічу ў дадзеную воінскую часць.
Два гады таму малады афіцэр спачатку праходзіў службу начальнікам сектара стральбы, потым за добры рэзультат работы быў станоўча адзначаны начальнікам штаба і пераведзены на пасаду намесніка начальніка аддзела.
– Служба мяне задавальняе, – адзначае старшы лейтэнант. – Вельмі харошы калектыў і сярод салдат тэрміновай службы, і сярод прапаршчыкаў, афіцэраў. Калі быў сюды пераведзены, то сутыкнуўся з другой спецыфікай работы, але калегі падказвалі, тлумачылі, дапамагалі справіцца з усімі задачамі. У выніку хутка ўцягнуўся, зразумеў сутнасць дадзенай работы на палігоне. Вядома, служба няпростая, бывае цяжка, але да ўсяго можна прывыкнуць і навучыцца спраўляцца.
Сям’я ваенных жыве ў службовай кватэры ваеннага гарадка, жонка Алена Леанідаўна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за 10-месячнай дачушкай, ёй, зразумела, патрэбна дапамога, а ў Яўгена Сяргеевіча то вучэнні, то нарады, то іншыя тэрміновыя задачы. Ён удзячны за тое, што яна – сапраўдная жонка афіцэра, што разумее і падтрымлівае яго ў складаныя моманты, бо служба сапраўды дастаткова цяжкая.
Цяжкасці загартаванага добрай фізічнай падрыхтоўкай маладога афіцэра не пужаюць. Ён і далей плануе заставацца ў арміі. Час бяжыць хутка, і ўжо за плячамі 9 гадоў выслугі. З боку дзяржавы да ваенных сёння асаблівая ўвага. Па новым заканадаўстве, калі набярэцца 25 гадоў выслугі, то службовае жыллё становіцца ўласным. Гэта немалаважна.
Пра афіцэра Яўгена Прусава выказаў сваё меркаванне намеснік начальніка палігона па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Аляксей Мытнікаў:
– Яўген Сяргеевіч – старшы лейтэнант, якому можна даверыць самы складаны ўчастак работы. Своечасова выконвае свае службовыя абавязкі, рыхтуе мішэнныя палі, нараканняў з боку камандавання не мае.
Усе разам ваенныя, карыстаючыся выпадкам, прасілі праз газету павіншаваць тых, хто служыў і служыць у арміі, а таксама будучых абаронцаў, якія захочуць прадоўжыць службу ў корпусе афіцэраў, прапаршчыкаў ці кантрактнікаў, з Днём абаронцаў Айчыны і пажадаць усім быць вернымі Ваеннай прысязе, беззапаветна служыць свайму народу і Радзіме, мірнага неба над галавой.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.