ААТ «Новыя Стайкі» – адно з самых маладзёжных у раёне, зараз за кошт сельгаспрадпрыемства вучацца 12 будучых работнікаў, сем з іх – у ВНУ

Неаднойчы даводзілася бачыць калектыў ААТ «Новыя Стайкі» на розных мерапрыемствах, журналісты выязджаюць час ад часу ў палі гаспадаркі, і заўсёды мы бачылі сярод работнікаў моладзь: даяркі, вадзіцелі, камбайнеры, аграном і нават сярод кіраўніцтва шмат маладых і цікаўных, актыўных і смелых. Аказалася, што стайкаўская гаспадарка і сапраўды сёння падбіраецца да тройкі самых маладых калектываў у аграрнай сферы, сярэдні ўзрост работнікаў – 42 гады, а калі ўзяць спецыялістаў, то ўвогуле 37. Са 184-х работнікаў 32 – гэта людзі да 31 года.

Моладзь добра дапамагла і ў такой няпростай сёлетняй уборачнай. Але што вабіць і што трымае тут маладыя кадры?.. Бо ж вядома, што сельскагаспадарчая сфера не ў топе ў сучасных выпускнікоў. І тут кіраўніцтву мясцовай гаспадаркі пашчасціла быць, па сутнасці, у трох кроках ад райцэнтра, падумалася мне, вось і едуць сюды працаваць «юные умы»… Але маю думку перайначыў дырэктар ААТ «Новыя Стайкі» Павел Дылюк, які сам, дарэчы, на днях адзначыў усяго толькі 35-гадовы юбілей:

– Многія лічаць, што нам пашчасціла быць у трох кроках ад горада. Так, у гэтым ёсць плюс: маладыя сем’і чапляюцца за жыллё, якое мы прадстаўляем, і застаюцца ў нас жыць і працаваць. Аднак цяпер перавернем медаль на другі бок і зразумеем, што з такім жа поспехам са Стаек людзі ездзяць на работу ў горад. Таму затрымліваем іншым: ствараем здаровую атмасферу ў калектыве, замацоўваем за маладымі старшых калег і даём магчымасць вучыцца пад наглядам, павышаем зарплату, у параўнанні з мінулым годам па сярэдняй мы плюсанулі з 1 100 да 1 500 рублёў, прапануем адзінокім маладым спецыялістам інтэрнат або часткова кампенсуем аплату здымнага, сямейным парам купляем жыллё. У гэтым годзе за кошт прадпрыемства мы пабудавалі з нуля дом, яшчэ тры набылі, адзін у працэсе пакупкі. 12 чалавек за наш кошт навучаем у ВНУ і каледжах, чакаем у хуткім часе на работу энергетыкаў і інжынераў, тэхнікаў-механікаў і электрыкаў… Буду шчырым, стараемся браць на работу мясцовую моладзь, дзяцей нашых работнікаў, яны ўжо ведаюць, чаго чакаць ад сельскагаспадарчых будняў, ды і замацоўваюцца такія хлопцы і дзяўчаты на ра-
дзіме лепш. Я сам пачынаў тут 14 гадоў таму простым слесарам, потым працаваў на інжынернай спецыяльнасці, а з 2021 года ўзначаліў родную гаспадарку. Многія мае калегі плюс-мінус майго ўзросту, і мне падабаецца наша каманда.

– Павел Паўлавіч, літаральна ўчора раён адсвяткаваў «Дажынкі». З якім вынікамі да фестывалю падышла гаспадарка і ці трымала ваша моладзь удар на гэтым няпростым жніве?
– Штогод пад зерневыя і зернебабовыя засейваем прыкладна аднолькавыя плошчы ў 1 125 га, мы намалацілі 4 337 тон зерня з ураджайнасцю ў 38,6 ц/га. Ва ўмовах засухі, а пасля наадварот падтоплівання мы не разлічвалі нават на такі ўраджай. Частка палёў павыгарала, недзе з-за вільгаці сфармаваўся, па сутнасці, другі ўраджай. І гэта была латарэя: сушыць ураджай хімікатамі і ўбіраць яго ці чакаць, пакуль выспее тое, што ўзышло… З такім мы яшчэ не сустракаліся. Але, як вынік, мы цалкам забяспечылі сябе фуражным зернем, насеннем на будучы год, выканалі дзяржзаказ, каля 200 тон жыта прадавалі спіртзаводу, у гэтым годзе больш, чым звычайна. Адным з першых наша сельгаспрадпрыемства завяршыла ўборку. У палях працавалі пяць экіпажаў, адзін з іх шчыраваў на новым камбайне, быў адзін малады экіпаж у складзе Андрэя Судакова і Арцёма Баравіка, хлопцы трохі недабралі да тысячы. У аднаго гэта другая ўборачная, другі ўпершыню сеў у камбайн. Ці гэта не вынік для навічкоў? Добра трымаў удар увесь калектыў, але калі казаць пра моладзь, дык ёй прыйшлося нясоладка. Часам трэба было прымаць тэрміновыя і нестандартныя рашэнні. Хоць я лічу, што ўборачная – гэта толькі падрыхтоўка да істотных выпрабаванняў. Зараз у нас ідзе сапраўдная бітва за кармы для жывёлы: уборка кукурузы, закладка кармоў, пасяўная…

Мы адправіліся ў палі, каб спытаць у маладых герояў жніва ААТ «Новыя Стайкі», як далася ўборачная і як у цэлым жывецца маладому аграрыю ў адной з перспектыўных гаспадарак раёна.

«Гэта мая пятая і самая складаная ўборачная»

Касаўчанка Валерыя Жук, галоўны аграном, патрапіла ў сельгаспрадпрыемства ў 2019 годзе і пачынала пад наглядам старшага настаўніка, вопытнага Мікалая Іванавіча Корзана. Ён дапамог гарадской дзяўчыне ўнікнуць ў рэаліі і тонкасці работы ў палях. Валерыя Жук разважае:

– Пасля заканчэння Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта я прыйшла сюды з нулявым вопытам і разуменнем справы, яшчэ і сёння дапамагаюць калегі, але на некаторыя эксперыменты кіраўнік дае дабро маладому аграному. Так, у мінулым годзе мы ўпершыню пасеялі гібрыд пшаніцы сорту «Хайгарда» і атрымалі тады высокую ўраджайнасць у 100 ц/га, сёлета мы засеялі 50 га і ў капрызнае надвор’е атрымалі 70 ц/га. Кажучы шчыра, мне страшна было браць на сябе адказнасць за такую дарагую культуру, але эксперымент лічу ўдалым.

Ад сілы на 2,5 тоны зерневых мы разлічвалі ў такія анамаліі, а намалацілі больш за чатыры, і гэта шчасце для ўсіх, і для агранома асабіста. Упершыню ў гэтым годзе мы пасеялі азімы рапс, усё зрабілі па тэхналогіі, атрымалі ўраджайнасць 23,4 ц/га, сярэдні вынік па раёне, але ёсць яшчэ куды расці ў гэтым плане. Ведаеце, больш за ўсё ў сваім прадпрыемстве я цаню дадзеныя магчымасці расці, развівацца, спрабаваць новае і нават памыляцца. Кіраўніцтва падтрымлівае, трымае руку на пульсе з моладдзю. Канечне, мне, маладой жанчыне, няпроста лётаць па палях і працаваць без выхадных ва ўборачную, аднак калі ёсць ураджайнасць ды намалоты, калі ўдалося распрацаваць новае поле ды атрымліваць аддачу ад яго пасля – ёсць і настрой!

У Валерыі быў дзень-другі перавесці дух пасля ўборачнай, зараз яна кантралюе ў палях уборку кукурузы. Далей будзе пасяўная, усё па крузе, але ў агранома шмат планаў і задумак на будучы працоўны год…

«На ўборачнай за рулём камбайна адпачыў ад спраў інжынерскіх»


Так, нават падчас нядоўгай бяседы галоўны інжынер ААТ «Новыя Стайкі» Павел Пясецкі прыняў з дзясятак званкоў. Столькі задач у яго ў сезон, таму трэці год запар ён з задавальненнем падчас уборачнай перакваліфікоўваецца ў камбайнера:

– Я сам некалі вызваўся сесці за камбайн. На сваёй старэнькай машыне, яна была ў рабоце ўжо 14-ы сезон, мы намалацілі 1 111 тон зерня. Я змяніў работу на фізічную і быў нават рады. Так, мая задача на рабоце глабальная – каб усё і ўсе працавалі. Ва ўборачную мы абышліся невялікімі паломкамі, часцей за ўсё рамантавалі тэхніку прама ў полі за лічаныя гадзіны, бо прастоі нам і так рэгулярна арганізоўвалі дажджы. Я ў адказе як мінімум за паўсотні адзінак тэхнікі, у нас каля 30 трактарыстаў, 10 вадзіцеляў, да кожнага трэба знайсці падыход. Пакупка новай тэхнікі – адзін з самых прыемных маіх абавязкаў, сёлета мы набылі зернеўборачны, кормаўборачны камбайны, новы трактар, прычэп, сіласны трамбавальшчык, граблі-варашылкі… Я не спяшаюся развітвацца са старой тэхнікай, спісаць прасцей за ўсё, цікавей даць другое жыццё тэхніцы. Некалькі гадоў у двары стаяў няспраўны прычэп, у гэтым годзе знайшліся сродкі для рамонту, і ён служыць гаспадарцы.

Хутка інжынер з сям’ёй справяць наваселле ў стайкаўскім доме, які пабудавала для іх сельгаспрадпрыемства. Рады Павел і павышэнню зарплаты. Малады кіраўнік займаецца любімай справай і мае магчымасць жыць у камфорце – гэта дарагога каштуе. Мо таму пасля адпрацоўкі неабходных пяці гадоў мэтавік без ваганняў падпісаў новы кантракт.

«Калі іду на тысячу тон – лаўлю пэўны кураж!»
Маладога вадзіцеля Уладзіміра Рэбкаўца, мяркую, ведаюць многія ў раёне, бо яго фота не сыходзяць з газетных палос. У яго за плячыма чатыры ўборачныя, на ўсіх ён у тысячніках і сярод узнагароджаных на раённым і на абласным узроўнях:

– У гаспадарцы працуе ўся мая сям’я, бацька сёння (30 жніўня. – Аўт.) са мной з аднаго поля адвозіць кукурузу, мая маці – палявод. Пасля заканчэння Івацэвіцкага аграрнага каледжа ў 2020 годзе я прыйшоў працаваць у Стайкі і, скажу шчыра, – ні ў якую іншую гаспадарку не пайшоў бы. У нас дружны і малады калектыў, умовы работы годныя, і кіраўніцтва з табой на адной хвалі. Зарабіць тут можна, калі ведаць сваю справу. Асабіста я лаўлю пэўны кураж, калі набліжаюся да тысячы тон зерня, сёлета перавёз 1 500 тон! Дарэчы, люблю вазіць менавіта зерне і кукурузу. Машына ў мяне не новая, мой дзевяцітоннік МАЗ 14 гадоў ездзіць па палях. А вось гэты сезон амаль без паломак, я люблю, калі парадак і пад капотам, і ў кабіне.

Як аўтар рубрыкі, прысвечанай маладым спецыялістам, скажу, што найчасцей моладзь цэніць нават не заробкі, а ўзаемаадносіны ў калектыве, магчымасць укараняць нешта наватарскае… Даволі малады штат кіраўнікоў у ААТ «Новыя Стайкі» падтрымлівае моладзь найперш ідэйна, а пасля і рублём. Як адзначыў дырэктар Павел Дылюк, ва ўсе часы прадпрыемства трымалася на людзях, таму кадры тут росцяць яшчэ са школы. На зернятоку ва ўборачную тут шчыраваў студатрад, большасць рабят – вучні мясцовай школы. За 20 працоўных дзён дзеці атрымалі пад 700 рублёў зарплаты. Дарэчы, некаторыя сённяшнія мае субяседнікі таксама некалі варочалі тут зерне летам, а зараз яны ў адказе за наш хлеб…

Наталля ГЕРБЕДЗЬ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

Поделиться