Close
Главная новость Новости РОВД

Сучасны злачынца віртуозна ўмее выклікаць давер і націснуць на пачуцці…

Сучасны злачынца віртуозна ўмее выклікаць давер і націснуць на пачуцці…
  • Опубликовано:14 марта, 2023

Мець халодную галаву, калі вам тэлефануюць з невядомага нумара, перапыняць размову, каб, перазваніўшы на яго, высветліць, ці не падстаўны ён, – гэта толькі некаторыя з рэкамендацый ад спецыялістаў райаддзела Следчага камітэта, каб раптам не стаць ахвярай кіберзлачынства

Гэты від злачынстваў у раёне два апошнія гады застаецца ў межах 50 выпадкаў. І выйсце тут адно – яшчэ больш працаваць на апярэджанне, дбаць на ўсіх узроўнях і ва ўзаемадзеянні з усімі структурамі аб карысці прафілактычнай работы. Аб гэтым і іншых аспектах работы следчых у сучасных умовах мы пагутарылі з начальнікам райаддзела Следчага камітэта Вадзімам Лішкам.

– Вадзім Мікалаевіч, калі прааналізаваць вынікі работы Івацэвіцкага райаддзела Следчага камітэта за мінулы год, якая крымінальная карціна вымалёўваецца ў нашым раёне?

– За 12 месяцаў 2022 года на разглядзе следчых Івацэвіцкага раённага аддзела Следчага камітэта знаходзілася 813 заяў і паведамленняў аб злачынствах, што на 35 больш, чым у папярэднім 2021 годзе. Узбуджана 470 крымінальных спраў розных катэгорый, пачынаючы ад аліментаў, заканчваючы забойствамі, што на 72 выпадкі больш у параўнанні з 2021 годам.

– Якія віды крымінальных спраў найбольш турбуюць?

– Напрыклад, за мінулы год была ўзбуджана 181 крымінальная справа па крадзяжах, у параўнанні з 2021 годам рост на 31 злачынства. Па аліментах у 2021 годзе было ўзбуджана 36 крымінальных спраў, у 2022 годзе – 54 справы тычацца ўхілення бацькоў ад утрымання сваіх непаўналетніх дзяцей. І трэці рост – махлярства. За мінулы год здзейснена 44 злачынствы па артыкуле 209, а ў 2021 годзе такіх было 16. Крымінальных спраў па крадзяжах грашовых сродкаў з банкаўскіх картак зафіксавана два апошнія гады ў межах 50 выпадкаў.

– Чым характарызуюцца крадзяжы?

– Рост злачынстваў на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна назіраецца па крадзяжах у сельскай мясцовасці. Крадзяжы металалому з двароў, хлявоў, гаражоў і сельскіх дамоў, дзе гаспадары памерлі, а дзеці пражываюць далёка. нідзе не працуючыя асобы, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, «чысцяць» дамы і падворкі з мэтай здачы металалому на другасную сыравіну, каб атрымаць грошы і купіць спіртное. Пра гэта гаворыцца рэгулярна, але не ўсе ўсведамляюць, што, пакінуўшы любую рэч без нагляду, спакушаюць злодзея. Зладзеі крадуць і іншыя рэчы: тэлевізары, халадзільнікі, веласіпеды. І такіх выпадкаў нямала.

– Якіх злачынстваў паменшала? У нашым раёне былі гады, калі забойстваў не здаралася ўвогуле…

– Так, такое было ў 2019 годзе. А наступныя тры гады на тэрыторыі раён здзяйсняецца па два забойствы ў год. Летась у вёсцы Краі сын з асаблівай жорсткасцю забіў сваю маці. І другі выпадак – замах на забойства. Ён зарэгістраваны і расследаваны на тэрыторыі гарадской звалкі. Адзін бомж нанёс другому бамжу цяжкія цялесныя пашкоджанні з выкарыстаннем нажа. Нанёс не меней трох удараў у вобласць вачэй і выбіў вока. Дзякуючы нашым івацэвіцкім медыкам удалося выратаваць жыццё гэтаму чалавеку. Па цяжкіх цялесных пашкоджаннях зарэгістраваны два злачынствы, у 2021-м было пяць. Зніжэнне адметнае.

– Якое павучальнае крымінальнае здарэнне вам запомнілася ў 2022-м годзе?

– Яскравы прыклад быў па 209 артыкуле – махлярства. 26 ліпеня мінулага года, знаходзячыся ў Івацэвіцкім раёне, шляхам падману жыхар г. Брэста за дзве гадзіны завалодаў сумай у 10 250 рублёў. Ён, дзейнічаючы ў групе асоб, выдаў сябе за супрацоўніка праваахоўных органаў, каб паспрыяць станоўчаму рашэнню пытання аб непрыцягненні да крымінальнай адказнасці дачкі. У маці забралі 2 000 долараў і 5 000 беларускіх рублёў. У ходзе неадкладных следчых дзеянняў было ўстаноўлена, што падобнае злачынства мужчына здзейсніў не адно. Іменна гэты грамадзянін аналагічным спосабам завалодаў грашыма ў іншых раёнах Брэсцкай вобласці. У адносінах да гэтага грамадзяніна была вынесена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту. Пры гэтым бацькі дадзенага грамадзяніна пацярпелым пакрылі страту. Крымінальная справа накіравана ў суд.

– Мы схільныя верыць людзям, і гэта нармальна, але гэтым карыстаюцца падманшчыкі…

– У народзе ёсць прыказка: давярай, але правярай. І сёння кожнаму з нас трэба прайсці школу, у якой неабходна навучыцца пры любой неадкладнай сітуацыі напачатку паспрабаваць праверыць сказанае, а тады ўжо прымаць рашэнне і прыступаць да дзеянняў. Да прыкладу, махляры любяць кінуць кліч у сацсетках ці групах, каб аказаць дапамогу маці сяброўкі з пэўнай вёскі раёна, якая папала ў аварыю і тэрмінова трэба перакінуць грошы ёй на аперацыю. Махляр разлічвае заўсёды або на страх, або на спачуванне, на разгубленасць, давіць на тэрміновасць, але зноў жа ні ў якім разе не трэба паддавацца эмоцыям.

– Шкада, што ў такую пастку трапляюць, як правіла, даверлівыя і добразычлівыя людзі…

– Нагадаю яшчэ адзін выпадак. Адна з жанчын раёна пазнаёмілася ў інтэрнэце з мужчынам, з якім стала весці перапіску. Ён паясніў, што служба ў замежным легіёне заканчваецца, а пасля заканчэння кантракта яму выплацяць 3 млн 500 долараў. Ён хоча пераехаць для пражывання ў Івацэвіцкі раён, сваякоў у яго няма, таму ён выказаў намер перавесці грошы сюды, у яе адрас. Перад тым, каб зрабіць перавод, у яго ўзнікаюць рознага кшталту праблемы, для вырашэння якіх неабходна зрабіць розныя выплаты замежным аператарам. Таму жанчына брала крэдыты і адпраўляла немалыя сумы. Такім чынам пералічыла 19 404 рублі. Потым прыйшла ў сябе, але крэдыты пагашаць давядзецца ёй. Заработная плата ў яе невялікая, а яшчэ дзеці… Колькі часу ёй прыйдзецца разлічвацца за крэдыт, ды яшчэ і за працэнты… Вось на якія хітрыкі ідуць махляры, а мы ніяк не ўсвядомім, што бясплатны сыр бывае толькі ў мышалоўцы. Шмат выпадкаў, калі нашы людзі хочуць купіць тавар дзешавей. Знаходзяць аб’яву, да прыкладу, прадаецца дзіцячая каляска або веласіпед на інтэрнэт-пляцоўках. Пералічваюць грошы, а ў выніку не атрымліваюць тавар. Хацеў бы параіць нашым людзям купляць рэчы ў магазіне.

– У следчых вельмі складаная работа. Сёння яна патрабуе небывалай аператыўнасці…

– Хочацца асабліва падкрэсліць, што гэта іменна служэнне, а не проста работа. Быць следчым – значыць заўсёды знаходзіцца ў пошуках ісціны, ведаць крымінальнае права і крымінальны працэс, каб праводзіць следчыя дзеянні аператыўна, не парушаючы правы, законы і інтарэсы нашых грама-
дзян. Са станоўчага боку хацелася б адзначыць работу старшых следчых: Вадзіма Жданюка, Аксаны Шупенік і Аляксандра Кавалевіча. У той жа час нам патрабуецца малады чалавек на пасаду следчага. На службу прымаюцца ў добраахвотным парадку паўналетнія грамадзяне, якія маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю і здольныя па сваіх асабістых, маральных і дзелавых якасцях і стане здароўя выконваць задачы, ускладзеныя на Следчы камітэт. Будзем рады прыняць такога ў нашу каманду.

Гутарыла Валянціна БОБРЫК.