Напрыканцы студзеня сеціва абляцела навіна са спасылкай на НП «Белавежская пушча»: на тэрыторыі Целяханскага лясгаса зафіксаваныя сляды бурага мядзведзя. Лічыцца, што ў нашых лясах такі звер – рэдкі госць, не так, як на Віцебшчыне і Міншчыне. Гэты найбуйнейшы драпежнік Беларусі занесены ў Чырвоную кнігу, і паляванне на яго ў нас забаронена – у адрозненне ад суседкі-Расіі, дзе ён можа стаць трафеем. Вось касалапыя і мігрыруюць туды, дзе бяспечна.
Добра пачуваюць сябе і карэнныя мядзведзі. Па назіраннях паляўнічых, ужо не дзіва, калі ў адной самкі нараджаецца адразу чацвёра медзведзянят замест аднаго ці двух, як было раней. Гэтаму спрыяе добрая кармавая база. Карацей, папуляцыя расце, а разам з ёй і страх сустрэцца з драпежнікам нос у нос, збіраючы грыбы ці ягады. А як сябе ў гэтым выпадку паводзіць? Спыталі ў спецыялістаў рэспубліканскага заказніка «Выганашчанскае», куды мядзведзь таксама завітваў.
Дырэктар заказніка Сяргей Габец расказаў, што сам апошнім часам мядзведзя ў лесе не сустракаў, аднак адзін рыбак сцвярджаў, што бачыў небяспечнага госця на беразе Бабровіцкага возера – відаць, той выйшаў да вадаёма, каб парыбачыць. Найхутчэй гэта самец, які не запасся як след тлушчам на зіму, вось і прачнуўся раней, чым павінен, і блукае ў пошуках ежы. Бачылі на тэрыторыі заказніка і сляды драпежніка. Праўда, на борці з пчоламі ён не паквапіўся. Аднак мядзведзь усёедны – можа лёгка заваліць аленя, аднак любіць паласавацца і ягадамі, і кукурузай, і нават мурашамі.
Сказаць дакладна, што мядзведзь гаспадарыць у бабровіцкіх лясах, Сяргей Уладзіміравіч не бярэцца, бо не бачыў яго на свае вочы, аднак найхутчэй касалапы сапраўды завітваў у заказнік. Такое бывала і раней, і нейкай трывогі ў спецыялістаў заказніка не выклікае. Не павінны моцна хвалявацца і людзі – рызыка сустрэчы з ім у лесе мінімальная, аднак у любым выпадку трэба быць гатовым убачыць калі не мядзведзя, то іншых звяроў – многія з іх у той ці іншай ступені тояць небяспеку для чалавека – пры яго няправільных паводзінах.
– Ёсць такі выраз: ваўкоў баяцца – у лес не хадзіць. Не раз і не два бачыў ваўкоў – і нічога. Паздароўкаўся і далей пайшоў. Які б драпежнік ні аказаўся перад вамі ў лесе, тактыка паводзін адна і тая ж: не трэба злаваць звера і не трэба ўцякаць з усіх ног, павярнуўшыся да драпежніка спінай, калі ён вас ужо заўважыў, – раіць Сяргей Уладзіміравіч. – Наўцёкі найчасцей кідаецца ахвяра, якая можа стаць здабычай. Раззлаваць звера можа агрэсія з боку чалавека, спроба замахнуцца на яго палкай. Што тычыцца мядзведзяў, то некалі яшчэ ў інстытуце нас вучылі: калі ідзяце па тайзе, багатай на такіх звяроў, пасвіствайце, напявайце песню – шуміце. Так мядзведзь загадзя пачуе вас і сам паспрабуе пазбегнуць сустрэчы.
Як даць адпор драпежніку?
Сапраўды, лічыцца, што мядзведзь пазбягае прамога кантакту з чалавекам. Аднак можа здарыцца ўсякае, у апошнія гады мядзведзі нападалі на беларусаў, аўтар гэтых радкоў чытала пра такія
адзінкавыя выпадкі ў Лепельскім, Лагойскім раёнах. Не будзем забываць, што на мядзведзя ў нас не палююць, таму чалавека як пагрозу ён не ўспрымае, у адрозненні ад многіх іншых драпежнікаў.
Калі так сталася, што пазбегнуць сустрэчы не ўдалося і мядзведзь адносна блізка, спрабуйце акуратна адысці назад, без рэзкіх рухаў і паварочвання да звера спінай. Дыстанцыю ў 50 м мядз-
ведзь лічыць для сябе бяспечнай, аднак, калі яго і чалавека раздзяляе метраў 10, рызыка атакі павялічваецца. Калі звер проста ацэньвае сітуацыю, ён стаіць на задніх лапах і нюхае паветра. Стаіць на чатырох лапах, прыціснуўшы да галавы вушы, – рыхтуецца атакаваць. Найбольш агрэсіўна паводзяць сябе самкі з дзіцянятамі, мядзведзь каля здабытай ахвяры (можа падумаць, што чалавек на яе прэтэндуеце), звер, патрывожаны ў бярлозе – мядзведзь-шатун. Распаўсюджаная парада ў гэтым выпадку, якую сустрэла і ў памятках на сайтах лясгасаў, – падайце на зямлю і прыкідвайцеся мёртвым. Ляжыце на жываце, рукі – у замок на шыі, не шавяліцеся як мага даўжэй. Ёсць шанс, што агрэсіі да мёртвага мядзведзь не праявіць, хоць нанесці траўмы можа. Раяць здымаць і на палцы падымаць над галавой куртку, каб здавацца большым. Ну а калі звер атакаваў, абараняцца трэба ўсім, што пападзецца пад рукі, падыдзе і жменя пяску ў вочы, і пярцовы балончык ці рэпелент. Ёсць і такая парада – лезьце на дрэва, аднак мядзведзі таксама гэта ўмеюць, проста могуць паленавацца.
Людзей, на якіх нападалі мядзведзі і пра якіх я чытала, у адным выпадку выратаваў крык – ён напужаў медзведзянят, і мядзведзіца пабегла за імі ў лес, пакінуўшы ў спакоі ўжо параненую ахвяру. Аднаго паляўнічага выратавала тое, што побач аказаліся другія паляўнічыя з сабакамі – звер спужаўся і ўцёк, аднак нанёс сур’ёзныя раны. У канцы мінулага года ішла дыскусія адносна выключэння бурага мядзведзя з Чырвонай кнігі Беларусі і дазволу рэгулявання яго колькасці. Паляўнічыя лічаць: самы час дазволіць паляванне, бо касалапых развялося шмат (па інфармацыі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, толькі на арандаваных ім землях 10 гадоў таму было каля 150 мядзведзяў, а зараз каля 700), яны ўсё часцей прыходзяць у вёскі, разбураюць пасекі. Вучоныя і зоаабаронцы з імі не згодныя. Найхутчэй від застанецца чырвонакніжным, перш-наперш трэба мядзведзяў падлічыць, чым ушчыльную зоймецца Акадэмія навук. Для Брэсцкай вобласці пакуль не характэрны мядзведжы бум, аднак Беларусь – краіна невялікая, а мішкам ніхто не забараняе ісці, куды ім хочацца.
Ці такі небяспечны воўк, як яго малююць?
А якія яшчэ жыхары нашых лясоў могуць у тэорыі нашкодзіць чалавеку?
Спецыяліст заказніка «Выганашчанскае» Аляксандр Іваноў гаворыць, што самы небяспечны для людзей звер – гэта звер, хворы на шаленства, бо ён паводзіць сябе не так, як яго здаровыя родзічы. І ў астатнім нават даволі лоўкі ў жывой прыродзе драпежнік пры адэкватных паводзінах чалавека на яго не кінецца. Аляксандр расказаў цікавую гісторыю пра яго сустрэчу з ваўкамі, і іх паводзіны пацвярджаюць папярэднія словы.
Аднойчы ён сустрэўся з цэлай зграяй ваўкоў. Сустрэўся не адзін – з егерам, і было тое ў лютым, марознай ноччу. Ваўкоў было 11. Мужчыны ўбачылі на снезе сляды і спецыяльна засталіся ў лесе на ноч, каб паназіраць за зграяй з турыстычнага доміка. Ноч была ясная, свяціў месяц, бачылі ў бінокль, як прыкладна ў кіламетры ваўкі дзеляць здабычу – маладога дзіка, чулі, як яны выюць. Ноч доўгая, у нейкі момант назіральнікі выйшлі са свайго ўкрыцця. Аляксандр павабіў ваўкоў – павыў па-воўчы. Драпежнікі адгукнуліся раз, потым другі – і замоўклі. Аднак не паспелі мужчыны толкам агледзецца, як у лясным гушчары загарэліся вочы драпежнікаў. Смела яны беглі прама на людзей, аднак найхутчэй думалі, што гэта іншыя ваўкі, якія нахабна зайшлі на іх тэрыторыю, і трэба з імі разабрацца. Аляксандр хацеў, каб шэрыя падышлі бліжэй, аднак інстынкт самазахавання егера ўзяў верх. Ружжа ў мужчын не было, затое быў ліхтар, і егер пасвяціў ім перад сабой. Ваўкі зразумелі, што перад імі людзі, развярнуліся і пабеглі назад.
Мужчыны вярнуліся ў домік і прадоўжылі назіранне. Цікава – ваўкі могуць выць адначасова, могуць пераклікацца – у іх свая мова. Чуць тое бывае і жудасна. Не дзіва, што калі на гарызонце намаляваўся лось і Аляксандр павыў, самец адразу рвануў з месца і панёсся з усіх ног. А лось, між іншым, сам небяспечны звер, асабліва падчас гону, хоць і не драпежнік. Ёсць нават даследаванне канадскіх вучоных, якія падлічылі, колькі шкоды ў пэўным рэгіёне Канады нанеслі чалавеку ласі і колькі мядзведзі (а іх там водзіцца шмат). Ласі аказаліся вышэй у гэтым рэйтынгу.
– Многія турысты, асабліва еўрапейцы, мараць убачыць, пачуць ваўка, хочуць навучыцца вабіць яго. Ёсць спецыяльны рог, з дапамогай якога можна гэта зрабіць, – расказвае Аляксандр. – Аднак не заўсёды гэта ўдаецца. Ваўкі асцярожныя, бо на іх актыўна палююць.
Я і сама расказала Аляксандру гісторыю сустрэчы з ваўкамі адной сваёй аднасяльчанкі, якая купіла парасят у Раздзялавічах і несла іх у мяшку ў Выганашчы па дарозе, наўсцяж якой – лес. Учулі тое ваўкі – парасяты папісквалі – і суправаджалі жанчыну да самае вёскі, аднак не кінуліся. Было гэта даўно… Аляксандр гаворыць, што ў пасляваенны час ваўкі былі смялейшымі, бо ў вайну маглі паласавацца ў лесе і загінуўшымі людзьмі. На іх не палявалі. Аднак нават тады яны баяліся чалавека. Ваўкі выходзяць да людзей у лесе ці завітваюць да іх у двары? Такое здараецца. Не так даўно ў адным з населеных пунктаў раёна нейкі звер загрыз двух сабак. Найхутчэй гэта быў воўк. Аднак такія выпадкі – рэдкасць.
Аляксандр падкрэслівае, што здабыча звяроў, у тым ліку драпежнікаў, паляўнічымі апошнім часам зменшылася (мала стала аматараў футровых шапак). Шмат развялося і ваўкоў, і лісіц, і янотападобных сабак, і гэта ў большай ступені шкодзіць не чалавеку, а іншым прадстаўнікам фаўны. Такі рост папуляцый зніжае колькасць вадаплаўных птушак і птушак, якія гняздзяцца на зямлі. У заказніку цяпер рэдка сустрэнеш цецерука, значна менш стала глушцоў, пакутуюць ад драпежнікаў качкі, вальдшнэп, кулік, рабчык… Стала ў лесе багата і дзікоў (дарэчы, пры сустрэчы з імі таксама не бяжыце – дзікі дрэнна бачаць і больш рэагуюць на аб’екты, якія перамяшчаюцца; аўтар гэтых радкоў, як і Сяргей Габец, здароўкалася ў лесе і з дзіком, і з ласём). Павялічыўся лік ласёў з аленямі і казулямі (вы і самі маглі бачыць цэлая статкі капытных, якія перабягаюць дарогу, нямала здараецца і ДТЗ з удзелам дзікіх жывёл). Дзікі хварэюць – здабываць іх не асабліва імкнуцца. Паляваць на аленя дорага. Таму для рэгулявання іх ліку і патрэбны ваўкі ды мядзведзі. У прыродзе ўсё ўзаемазвязана, і ўмешвацца ў яе справы трэба акуратна, каб не нашкодзіць. Таму хоць на поўначы Міншчыны і гаспадараць мядзведзі, мясцовым жыхарам раяць адно: навучыцеся з імі жыць. І ўсім будзе шчасце.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Фота з архіва
НП «Белавежская пушча» і з адкрытых крыніц.